Праверкі санітарнай службы былі і застаюцца неабходнымі, у першую чаргу, каб засцерагчы пакупнікоў ад набыцця няякасных тавараў і забяспечыць належны санітарна-гігіенічны стан памяшканняў для гандлю. Сярод правераных у студзені 44 аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання рознай формы ўласнасці ў 25-і былі выяўлены парушэнні санітарных норм і правілаў.
Так, на ПУП “Сямёныч” і “Глыбачка” тавар рэалізоўваўся без дакументаў, якія пацвярджаюць якасць прадукцыі. На трох аб’ектах гандлю (райспажыўтаварыства, індывідуальны прадпрымальнік В.Шаршнёў, ПУП “Малахплюс”) на паліцах знаходзіўся тавар без маркіроўкі ці з няпоўнай інфармацыяй. У магазіне “Барвёнак” у Сарочыне рэалізоўвалася прадукцыя з сышоўшым тэрмінам годнасці. Парушэнні ўмоў захоўвання тавару выяўлены на чатырох аб’ектах гандлю і адным аб’екце грамадскага харчавання (райспажыўтаварыства, індывідуальныя прадпрымальнікі Н.Качан, Т.Цвяцінская, М.Саўлук). Нездавальняючы санітарны стан гандлёвага і тэхналагічнага абсталявання выяўлены на месцы індывідуальнага прадпрымальніка В.Крышнёвай на рынку гарпасёлка. Парушэнні санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства выяўлены на аб’ектах ПУП “Стаўр”, “Славянушка” і “Баця”, магазінах райспажыўтаварыства ў вёсках Градзянец, Слабада, Сарочына і Дубраўка, на рынку гарпасёлка, размеркавальных складах, а таксама ў рэстаране “Ландыш” санаторыя “Лясныя азёры”.
Па выніках праверак да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 19 адказных асоб, выдадзена 16 прадпісанняў аб ухіленні выяўленых парушэнняў, яшчэ 6 – аб прыпыненні эксплуатацыі, 12 – увогуле аб забароне рэалізацыі прадукцыі. Па словах спецыялістаў райЦГЭ, праверкі аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання будуць працягвацца.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.