Молочная криничка или Как семья Жванских с Путилкович справляется с большим подсобным хозяйством

Личное подсобное хозяйство

Цяжка сказаць, ці стане ў бліжэйшай будучыні карова на падворку чымсьці незвычайным. Але людзі, якія не спяшаюцца збываць вясковую “карміцельку”, атрымліваюць ад яе не толькі свежыя якасныя прадукты, але могуць і зарабіць. Для прадпрымальніка С.Палякова, які прымае малако ў насельніцтва Вялікадолецкага сельсавета, сядзіба Віктара Леанідавіча Жванскіх – адзін са “стратэгічных” аб’ектаў. Надояў Зоркі, Лялькі і Малюткі, трох каровак гаспадароў, хапае не толькі сабе і аднавяскоўцам – у летні сезон каля 40-50 літраў за дзень можна здаваць.

Яны простыя і сціплыя, як і большасць вяскоўцаў, таму іх цяжка разгаварыць. Прызвычаіўшыся з маленства да цяжкай сялянскай працы, па-іншаму, без вялікай гаспадаркі, жыць ужо не могуць і не лічаць такі ўклад нейкім адметным. Прыгожы дом, шматлікія пабудовы, новы гараж на другім баку дарогі — тут заўсёды кіпіць жыццё. І нават калі выраслі і разляцеліся з бацькоўскага гнязда дзеці, колькасць жыўнасці ў хлявах Віктара Леанідавіча і Ніны Казіміраўны Жванскіх меншай не стала.

Іх дагледжаную сядзібу ў Пуцілкавічах знайсці не праблема, ведаючы аб асноўным занятку гаспадара – былы механізатар зараз працуе вадзіцелем школьнага аўтобуса, дастаўляе дзяцей з зоны вёсак былой Маладолецкай школы ў Вялікія Дольцы, таму транспартны сродак увечары стаіць на падворку. Ніна Казіміраўна, адпрацаваўшы значны час прадаўцом магазіна ў Мірным, цяпер як і муж шчыруе на сацыяльнай “ніве” – у работніка ТЦСАН на абслугоўванні пенсіянеры навакольных вёсак. Менавіта такі графік дазваляе гаспадарам спраўляцца са шматлікімі клопатамі па ўтрыманні вялікай падсобнай гаспадаркі. Пакуль былі маладыя, уцягнуліся і спраўляліся самі. Паступова падраслі дзеці, дапамагалі, ну а потым ужо гаспадарка “дапамагала” іх вучыць, атрымліваць адукацыю. Зараз дачка з сынам – жыхары сталіцы, працуюць адпаведна ў банку і Камітэце пагранічных войскаў.

У той дзень, калі завітаў да гаспадыні, Ніна Казіміраўна ў калідоры расстаўляла шматлікія слоікі, вёдры і бітоны, шмат сабралася малака, бо ў прадпрымальніка зламаўся аўтамабіль і малако ішло на смятану, масла, тварог. І калі зімой асаблівых праблем з захаваннем прадукцыі няма, то летам на дапамогу прыходзяць не халадзільнікі і маразільнікі, а… звычайная крынічка. “Там малако ў ёмістасці не закісае і стаіць нават даўжэй”, – з веданнем справы распавядае Віктар Леанідавіч.

Кароў яны не набывалі, самі вырасцілі з цялушак. Маладняк жа ад прыплоду гадуюць, а потым здаюць камерсантам ці выкарыстоўваюць на мяса. Справа гэта турботная, толькі на адну карову трэба нарыхтаваць тры тоны сена, таму вуглы ля хаты тут ніколі не зарастаюць, усё абкошваецца. У час уборачнай Віктар Леанідавіч прыходзіць на дапамогу мясцоваму сельгаспрадпрыемству, а кіраўніцтва КУСГП “Вялікадолецкае” дапамагае з забеспячэннем кармамі на зіму. Акрамя таго трымаюць яшчэ свіней, птушку, апрацоўваюць каля двух гектараў зямлі. У гэтай справе без тэхнікі не абысціся, і калі б не ўласны трактар Т-16, то, напэўна, не было б і такой вялікай гаспадаркі. Хоць і кажа Ніна Казіміраўна, што асаблівага раздзялення абавязкаў у сям’і няма, але яе муж падкрэслівае, што асноўны цяжар па доглядзе за жывёлай на жонцы, а вось 14 сямей пчол – гэта выключна яго вотчына.

Успамінаюць гаспадары, што яшчэ год 25 таму ў іх невялікай вёсцы ў грамадскім статку налічвалася больш 30 галоў, а авечак дакладнай колькасці і не ведалі! Зараз кароў у Пуцілкавічах акрамя Жванскіх ніхто не трымае, хаця пражываюць тут не адны пенсіянеры. Маладых аднавяскоўцаў Віктар Леанідавіч і Ніна Казіміраўна не асуджаюць, кажуць, “гэта справа цалкам для кожнага асабістая”. Самі ж збываць скаціну не збіраюцца, хіба што скараціць колькасць. “Карова – гэта не толькі малако і мяса, гэта яшчэ і ўгнаенне, без якога ні агародніны, ні бульбы не вырасціш, – разважае Віктар Леанідавіч. – Пакуль шавяліцца будзем – будзем трымаць, можа не столькі, але хоць адну пакінем!”

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *