Хроника происшествий в Ушачском районе за январь 2015 года

Закон - один для всех

За студзень 2015 года супрацоўнікамі міліцыі да адміністрацыйнай адказнасці за дробнае хуліганства прыцягнута 6 чалавек, за распіццё спіртных напояў ці з’яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах – 40. Чацвёра вадзіцеляў кіравалі транспартнымі сродкамі “падшафэ”.

Ненадзейны тайнік

Пытанне, куды схаваць ад чужых вачэй каштоўнасці, напэўна, хвалюе многіх. Жыхарка ж Завячэлля, інвалід 1 групы, у надзейнасці свайго тайніка не сумнявалася, бо ён быў заўсёды ў яе пад бокам, прычым, у прамым сэнсе гэтых слоў: грошы ляжачая жанчына захоўвала пад матрасам. Аднак гэта не спыніла яе аднавяскоўцаў 1986 і 1973 гадоў нараджэння – калі пасля сумеснага распіцця спіртных напіткаў грамадзянка заснула, мужчыны выцягнулі з “тайніка” 800 тысяч рублёў. У адносінах “добрых” знаёмых пацярпелай узбуджана крымінальная справа, ім пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Веласіпед “з’ехаў”

Відаць, жыхару Арэхаўна зараз застаецца толькі марыць аб тым, каб пакатацца ўвесну на сваім веласіпедзе, які ён захоўваў на дачы ў вёсцы Новае Жыццё. Невядомы злодзей пранік у памяшканне і выкраў транспартны сродак коштам 300 тысяч рублёў.

Няўдзячныя госці

Апусцела скарбонка жыхаркі вёскі Карачына, да якой сярод белага дня пад выглядам продажу адзення завіталі цыгане. Упусціўшы іх у дом, жанчына пазбавілася 750 тысяч рублёў, якія яна адкладвала на чорны дзень. Па факце крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа.

Даскакаўся…

Над судзімым ушачанінам 1961 года нараджэння супрацоўнікамі крымінальна-выканаўчай інспекцыі райаддзела міліцыі ажыццяўляўся прэвентыўны нагляд. Аднак гэтая “акалічнасць” мала непакоіла мужчыну – ён дазваляў сабе жыць на шырокую нагу, наведваць “злачныя” месцы і парушаць заканадаўства. Аднак прыйшоў час паставіць кропку ў гэтай гісторыі – у адносінах грамадзяніна ўзбуджана крымінальная справа, хутчэй за ўсё бліжэйшыя паўгода ён правядзе за кратамі.

Гэта ім не задавалі

У гарпасёлку па вуліцы Савецкай, каля будынка суда, нехта ўвечары пашкодзіў чатыры пралёты жалезабетоннай агароджы – урон, нанесены камунгасу, склаў больш за 700 тысяч рублёў. У ходзе правядзення аператыўных мерапрыемстваў супрацоўнікамі РАУС устаноўлены асобы зламыснікаў. Імі аказаліся жыхары Ушач 1996 і 1999 гадоў нараджэння. Невядома, ці атрымаецца юнакам зараз скончыць іх навучальныя ўстановы: кожнаму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Вытворца хмельнага напою

На жаль, некаторыя грамадзяне працягваюць зарабляць “лёгкія” грошы на незаконнай рэалізацыі спіртнога. Пра тое, што такой дзейнасцю займаецца жыхарка адной з вёсак Ушацкага сельсавета, праваахоўнікам паведамілі неабыякавыя суседзі. У доме грамадзянкі знойдзена 38 літраў самагоннай брагі. Прадукцыя знішчана, а ў адносінах жанчыны складзены адміністрацыйны пратакол – ёй пагражае штраф да пяці базавых велічынь.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *