Бывших историков не бывает. 90-летний юбилей празднует Иван Кириллович Подворный

Юбилейные даты

Іван Кірылавіч Падворны ў шостай гадзіне вечара яшчэ знаходзіўся на рабочым месцы — за камп’ютарам. Хударлявы сівы ветэран, не зважаючы на гасцей, уважліва ўглядаўся ў манітор, на якім змяшчалася ўсяго некалькі радкоў. Памер шрыфту — адпаведна зроку, які ў сваю чаргу — адпаведны гадам. А заўтра былы партызан, франтавік, гісторык, дырэктар Маладолецкай і Ушацкай школ адсвяткуе 90-гадовы юбілей.

— Заканчваецца маё жыццё, — Іван Кірылавіч пачынае інтэрв’ю, не чакаючы пытання. І зрабіўшы паўзу, падымае ўверх палец: — На гэтым свеце... Аб адным шкадую, не дабіў усіх бандэраўцаў. — Ветэран Вялікай Айчыннай пры гэтым кінуў позірк на манітор, дзе перад гэтым чытаў чарговы артыкул пра Украіну.

За дзень ён можа прагледзець каля 200 старонак тэксту, у залежнасці ад цікаўнасці. І найпершы штодзённы абавязак дачкі Ларысы Іванаўны Талмачовай — выбраць для бацькі матэрыялы для чарговага дня. Цікавіцца ж Іван Кірылавіч справамі ў Беларусі, свеце, вельмі перажывае за краіну-суседку, у якой аж да 1950 года ліквідаваў банды бандэраўцаў. І гэтым пераконвае, што былых гісторыкаў не бывае, а Іван Кірылавіч выкладаў вучням менавіта гэты прадмет, які ведаў не  па  кніжках.

Дзядзька Рыгор быў кавалерам двух Георгіеўскіх крыжоў і загінуў у 1916, пайшоўшы за трэцім, які і не двараніну даваў шанс стаць афіцэрам. У гэтым жа годзе на Першую сусветную прызваўся бацька. Вялікая сям’я Кірыла Цярэнцьевіча Падворнага падчас калектывізацыі ўступіла ў калгас «Згода»: выпрацоўвала тысячу працадзён, засталася жыць у сваёй вёсцы Старына Вялікадолецкага сельсавета. Аднаасобнікі ж вымушаны былі перасяліцца ў Жаўніну. Пра голад на Украіне яму расказаў сябар Рыгор Харчанка, сям’я якога перабралася ў Беларусь. Дзядзька Сяргей, бухгалтар калгаса, быў прызнаны ворагам народа і расстраляны. Рэабілітаваны пасмяротна пасля смерці Сталіна. Пра вызваленне Заходняй Беларусі Іван даведаўся, калі вераснёўскім цёплым ранкам ішоў у Кубліцкую школу: падабраў лістоўку, што скінуў пралятаючы кукурузнік — таксама рэдкасць на той час. У партызанах загінула два родных браты, Віктар — падчас прарыву блакады, калі сам Іван Кірылавіч быў паранены. Дзень Перамогі напаткаў на Эльбе, дзе іх 13-я гвардзейская дывізія сустрэлася з амерыканскімі войскамі. Бачыў, як жылі людзі на вызваленых тэрыторыях Чэхіі, Аўстрыі, Германіі. Пералічаў грошы, якія плацілі падчас службы ў арміі пасля вайны, бацьку на будаўніцтва дома, і сям’я ў пачатку 50-х перабралася з зямлянкі. Гаспадарчым спосабам, без адрыву ад вучнёўскага працэсу, будаваў Маладолецкую школу. Потым была Ушацкая, зноў наваселле. З 42 гадоў стажу 32 — дырэктарам школы.

На яго памяці амаль стагоддзе… у падзеях, лічбах, асобах. Дарэчы, пра ўсё гэта ён падрабязна распісаў у чатырохтомніку сваіх успамінаў. З дробязямі, якія адлюстроўваюць час. З дапытлівасцю гісторыка. А паколькі памяць у Івана Кірылавіча заўсёды была добрая, атрымаўся найцікавейшы падручнік па гісторыі Ушаччыны.

«У Кубліцкай школе хімію і біялогію выкладала Сафронава — жонка начальніка пагранзаставы, матэматыку і фізіку — дырэктар Слімборскі, нямецкую мову — маладая настаўніца яўрэйскай нацыянальнасці, беларускую мову і літаратуру — Іван Дзям’янавіч Курчанка…» — Гэта вытрымка з запісаў Івана Кірылавіча. Калі ж падчас вучобы ў Лепельскім педагагічным вучылішчы ён дакладна і хутка адказаў на ўсе пытанні выкладчыка, які ганяў яго па правілах, той запытаўся, якую школу скончыў. (Вучыўся ў пачатковай у Старыне, Вялікадолецкай сямігодцы і Кубліцкай дзесяцігодцы). Потым таксама на выдатна адказала аднакласніца Надзя Кананок. Калі ж выклікаў студэнтку Волах і пачуў, што яна таксама з Кубліцкай школы — паставіў «выдатна», не пытаючы адказу.

Вось такія асаблівасці нашай выбарачнай памяці. Вучань Падворны не запомніў прозвішча адных, а настаўніка роднай мовы — па імя і імя па бацьку. Бо помняцца ўчынкі, шчырасць адносін.

І вучань Аляксандр Кухта ніколі не забудзецца свайго настаўніка і дырэктара: «У нашай Маладолецкай школе адназначна першым у раёне, а мабыць і вобласці, быў створаны працоўны лагер. Мы самі, без усялякага прымусу запісваліся туды. Нарыхтоўвалі і складалі дровы, палолі кукурузу і буракі, жылі ў палатках, а калі ішоў моцны дождж — у школе, гатавалі на вогнішчы, лавілі крыгай рыбу. І вось у якасці заахвочвання Іван Кірылавіч і Ніна Якаўлеўна вязуць нас у Брэсцкую крэпасць: на адкрытым ГАЗ-51, на сене, з начоўкай у Кобрынскай школе. Такое не забудзецца ніколі. Памятаю многія ўрокі гісторыі, напрыклад, пра фалангі Аляксандра Македонскага. Як мы даглядалі месцы брацкіх пахаванняў, а які ў нашай школе быў музей!»

Івана Кірылавіча памятае практычна ўсё насельніцтва Ушаччыны. Перад школьнікамі ён часта выступаў, асабліва падчас старшынства ў ветэранскай арганізацыі раёна. Для старшага пакалення ён сябра, дарадчык. Асабіста для мяне — прыклад дэмакратычнага дырэктара. Неаднойчы асмельваліся зайсці ў кабінет дырэктара па асабістых пытаннях: 9 клас, 8 сакавіка, душа просіць свята, а па школе існуе забарона на вечарыны. Іван Кірылавіч па-добраму ўсміхаецца і прапаноўвае назваць гэта агеньчыкам і пачаць на гадзіну раней. Пад нашу адказнасць.

Так, ён давяраў, а лепш сказаць — верыў у лепшыя якасці людзей. Яны ж апраўдвалі давер, паколькі дырэктар быў натхняльнікам новых, цікавых пачынаў. Пяцёра сённяшніх пенсіянераў, яго былых вучняў па Маладолецкай школе, наведваліся да Івана Кірылавіча і Ніны Якаўлеўны ў дом у Ліпаўцы на кожны Дзень настаўніка. Таму што не забыцца, як яны, Пётр Мажэйка, Мікалай Храмёнак, Пётр Обух, Генадзь Броўка і многія іншыя, разам з настаўнікамі будавалі сваю школу. Як Іван Кірылавіч адвучваў хлапчукоў курыць. Сам паліў «па-чорнаму» — дзве пачкі за дзень. А калі аднойчы заўважыў малых за школьным хлявом з цыгарэтамі, заключыў пары: давайце з сённяшняга дня кідаем. І слова стрымаў.

Школа была домам настаўнікаў Падворных. Таму і раслі ўласныя дзеці практычна ў поўнай самастойнасці. Бацькі ж спачатку ў школе, потым у вячэрняй школе, плюс яшчэ ў пастаянных раз’ездах з канцэртамі: пры школе існаваў тэатр і хор. Існавалі і групы ўзаемападтрымкі, калі за пэўным класам замацоўвалі адстаючых вучняў і пасля ўрокаў равеснікі дапамагалі ім асвойваць прадмет.

З дамашнімі і вучнямі Іван Кірылавіч быў зусім не строгі, а вось да сябе дастаткова патрабавальны. Чатыры часопісы з запісамі, якія называюцца: «Жыццё, вайна і мір сям’і Падворных» — не першая спроба пяра Івана Кірылавіча. Быў яшчэ аўтабіяграфічны раман «Ураган», які ён неяк перачытаў і … спаліў.

— Іван Кірылавіч, вы сказалі пра завяршэнне жыцця на гэтым свеце, верыце ў замагільнае?

— Не. Яно ў працягу на гэтым свеце. Ва ўнуках і праўнуках. Вучнях. У тых справах, якія паспеў зрабіць, а я, здаецца, зрабіў усе, што трэба кожнаму нармальнаму чалавеку.

Так, у яго ёсць дом, які з любоўю пераабсталёўваюць нашчадкі. Ёсць прывітыя яго рукамі дрэвы. Ёсць годны працяг роду Падворных. Ёсць чатырохтомнік успамінаў гісторыка, які карысны не толькі для блізкіх. Ёсць мір, які ён здабываў. Ёсць сотні людзей, кожны з якіх мае свой успамін пра ЧАЛАВЕКА Івана Кірылавіча Падворнага.

Вольга КАРАЛЕНКА.



2 комментария по теме “Бывших историков не бывает. 90-летний юбилей празднует Иван Кириллович Подворный

  1. Поздравляю ВАС с юбилеем желаю крепкого здоровья ученик Молодолецкой школи

  2. Крепкого здоровья вам, Иван Кирилович!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *