Няма нічога больш карыснага – чым парада сябра, знаёмага, прычым правераная на ўласным вопыце. Сённяшняе апытанне ўшачан прысвячалася выбару насення. Прычым звярнулася я толькі да блізкіх суседзяў, а атрымала абсалютна розныя парады.
Алена БАРАНІЧ:
– Я выпісваю часопіс “Садовая калекцыя”, неаднойчы карыстаюся яго паслугамі – заказваю сама і калегі з бальніцы, прыходзіць накладным плацяжом па пошце, хоць існуюць і іншыя крыніцы аплаты. Мы наогул не першы год практыкуем выпісваць розныя выданні, а потым абмяркоўваем, выбіраем, можам нават заказваць рознае насенне, а потым дзяліцца. Так і відаў кветак можна большы розных мець, і разнастайны асартымент. Ды і кошт на многае таннейшы, напрыклад, памідоры і агуркі па 3.900, 4 тысячы. Я такім чынам выпісваю літаральна ўсё і не першы год – у садзе ўжо плоданосіць яблынка, растуць грушы, у палісадніку ружы цвітуць. Дарэчы, часопісы маюць і свае сайты, можна выбраць насенне і так.
Ніна СМАЛЬНІЦКАЯ:
– Для мяне важна набыць тыя сарты, якія правераны і якімі карыстаюся не адзін год. А гэта перш за ўсё памідоры “ляляфа”, “эцюд”, “мядовае сэрца”, “благавест”, “уверцюра”. Мне падабаецца ў іх тое, што яны ўстойлівыя да хвароб, і нават у верасні не пашкоджаны фітафтарозам, а спелыя плады могуць два тыдні вісець без змен. Праўда, яны практычна ўсе высакарослыя, што падабаецца не ўсім. З невысокіх – сантыметраў 90 – “няптун”. І хоць даводзіцца павазіцца з імі, аднак у нас кожны год добры ўраджай. І сакрэтаў быццам бы ніякіх – насенне высяваю ў спецыяльны грунт “сіньёр-памідор”, а пры пікіроўцы ў «Дзвіну» дабаўляю зямлі з агарода. І канечне – своечасова абразаць пасынкі.
Вольга ПАЛЬВІНСКАЯ:
– Для мяне ў выбары насення галоўнае надзейная крыніца набыцця, правераная, якая не падводзіла ні ўсходжасцю, ні адпаведнасцю сартоў. Таму набываю насенне на рынку ў І.Сініцы, яшчэ аднаго пастаяннага гандляра ці ў “Гаспадары”. Люблю пахадзіць павыбіраць, паколькі адношуся, напэўна, да ліку эксперыментатараў і імкнуся акрамя правераных сартоў пасеяць і навінкі. Так, метадам проб, даказаў сваю схільнасць да нашых кліматычных умоў кавун “агеньчык” і дыня “калгасніца”. Калі сарты спадабаліся, збіраю насенне і сама. Зразумела, выбіраю з самых лепшых экзэмпляраў, таму насенне памідораў “хурма”, “бычынае сэрца” заўсёды ўласныя – я люблю таматы буйных памераў. Кажуць, нельга збіраць насенне з гібрыдаў, я ж аднойчы забылася, што “андрамеда” менавіта гібрыд і на наступны год ўсё роўна атрымала добры ўраджай (мабыць крыху горшы за першы). І ніколі не займаюся зборам насення морквы ці капусты – вельмі вялікая верагоднасць пераапылення, прымесяў, ды і маркотны гэта занятак.
Да ведама садаводаў і агароднікаў Ушаччыны. На нашай старонцы з парадамі можна размясціць інфармацыю аб насенні, якім вы маглі падзяліцца з землякамі ці здзейсніць абмен. Паведамляйце пра гэта ў рэдакцыю па тэлефоне, пісьмова або праз наш сайт belpatriot.by
Вольга КАРАЛЕНКА