На спаборніцтвах гэтых экіпажаў няма авалаў стадыёнаў, мяккіх зон для вылету з трасы, дзе можна памыліцца. Няма залежнасці ад надвор’я і кантактнай барацьбы, якая ўплывае на тваю хуткасць. Кожны гоншчык змагаецца толькі сам з сабой, са сваім страхам, а падганяе жаданне праехаць чарговы паварот яшчэ хутчэй. Затое тут ёсць лес, небяспечныя абрывы, слізкае пакрыццё і шэраг розных нечаканасцей! У мінулую суботу на гравійных дарогах Кубліцкага сельсавета адбылося адкрыццё ралійнага сезону – прайшоў першы этап Кубка краіны па ралі-спрынце, напэўна, самым відовішчным відзе аўтаспорту.
Раніцай уздоўж дарогі ад Бычкоў да Белюкоўшчыны яшчэ за дзве гадзіны да афіцыйнага старту віліся дымкі ад вогнішчаў – гледачы загадзя займалі зручныя месцы на ўзгорках. Пераважная большасць з іх ужо не першы раз прыехала паназіраць за майстэрствам лепшых гоншчыкаў краіны, таму ведала пра павышаныя меры бяспекі і тое, што праезд на трасу будзе перакрыты за гадзіну да старту першага аўтамабіля.
Арганізатары ж спаборніцтваў прадугледзелі стварэнне спецыяльных глядацкіх зон. Адна з іх, абсталяваная у Белюкоўшчыне на адным з самых відовішчных участкаў трасы, была платнай, і каб наведаць яе, трэба было заплаціць 30 тысяч рублёў. Такім чынам арганізатары стараліся хаця б часткова кампенсаваць затраты на правядзенне спаборніцтваў, якія ў асноўным праходзяць за кошт спонсарскай дапамогі і стартавых узносаў удзельнікаў. Іх з заяўленых напярэдадні 11 экіпажаў да старту дабралася 10.
Ралійныя “аўто” ў асноўным стаяць у гаражах і выязджаюць на трасу толькі некалькі разоў у год. Таму практычна ўсе гоншчыкі з’яўляюцца ўладальнікамі некалькіх аўтамабіляў. Усе экіпажы перад гонкай абавязаны азнаёміцца з трасай як мінімум адзін раз. Цікава, што рабіць ім гэта на спартыўных аўтамабілях нельга – таму з асаблівасцямі трасы пілоты і штурманы знаёмяцца на спецыяльных аўтамабілях. Наогул, кожны экіпаж можа мець да чатырох адзінак тэхнікі – акрамя адзначаных сюды ўваходзяць аўтамабілі сэрвісу і нават так званы “прадстаўнічы”.
Чалавеку, нават далёкаму ад міру аўтаспорту, цікава паслухаць бывалых людзей. Як вам, напрыклад, такі факт – на гонках, дзе ўдзельнічае многа машын, стартавы нумар 13 можа быць заменены па жаданні экіпажа на рэзервовы. І многія гэтым карыстаюцца! Аб гэтым я даведаўся ад аднаго з гледачоў, які прасіў называць яго Андэрс, і па яго словах, мае вялікі стаж удзелу ў гонках.
— І ў Браславе, і ў вас ва Ушачах на трасах ёсць асабліва складаныя і небяспечныя месцы, якія ўжо маюць імянныя назвы, – з усмешкай расказвае малады мужчына, які вёў здымку для сайта аўтамабільнай федэрацыі Беларусі. – Вось гэта лазня, унізе ля моста – “імя Галабародзькі”, бо ў адной з гонак ён ледзьве не зваліўся на яе з дарогі. Многія павароты таксама носяць неафіцыйныя назвы гоншчыкаў, якія ў розныя гады не змаглі іх пераадолець.
Дыстанцыя першага этапу ралі-спрынта сёлета складала 38 “баявых” кіламетраў, а ўсяго з перагонамі гоншчыкі пераадолелі каля 160. Спецыяльныя хуткасныя ўчасткі на этапах павінны быць агульнай працягласцю не менш 25 кіламетраў, працягласць аднаго – не менш 2, але і не больш 30. Па рашэнні арганізатараў у Белюкоўшчыне быў абсталяваны рэтардэр – так на прафесійнай мове гоншчыкаў называецца штучная перашкода, для пераадолення якой ім прыходзіцца скідаць скорасць. А так на нешматлікіх прамых дыстанцыі яна дасягала 180 кіламетраў у гадзіну.
З 10 стартаваўшых аўтамабіляў да фінішу апошняга спецучастка даехалі толькі 7, а Даніла Алтуф’еў з Аляксеем Мінкевічам фінішавалі ўжо з практычна не працуючай каробкай перадач. Экіпаж Семенчука і Мельнічэнкі таксама падвяла тэхніка – заклініўшая 5 перадача прымусіла аформіць зыход з трасы. Ну а менш за ўсіх пашанцавала адным з самых вопытных удзельнікаў ралі-спрынту. Для дасведчаных гледачоў стала вялікай нечаканасцю адсутнасць на старце апошняга спецучастка экіпажа ў складзе Юрыя Грышчанкова і Дзяніса Рэвякі. Але хутка высветлілася, што іх аўтамабіль трапіў у сур’ёзную аварыю за некалькі дзясяткаў метраў да фінішу трэцяга праезду. Дапамога ўшацкіх медыкаў і выратавальнікаў, дзяжурыўшых на дыстанцыі на працягу ўсіх заездаў, экіпажу на шчасце не спатрэбілася – сваю справу зрабіў спецыяльны каркас бяспекі, таму пілот са штурманам абышліся лёгкім спалохам і сінякамі. А вось іх “Субару”, у якой на поўным ходзе абарвала гайкі на коле, наўрад ці падлягае аднаўленню… На першым жа праездзе, значна “прарэдзіўшы” прыдарожныя кусты, вылецеў з трасы і “Фольксваген-Пола” Віктара Якуніна і Мікіты Купрыенкі.
З-за невялікай колькасці ўдзельнікаў на цырымоніі ўзнагароджання, якая праводзілася ва Ушачах, прызы атрымалі ўсе, хто дабраўся да фінішу, а некаторыя і не адзін, бо акрамя падвядзення вынікаў у традыцыйных ралійных заліковых класах называліся пераможцы ў катэгорыях “абсалют” і “монапрывад”. Найлепшы вынік па часе праходжання ўсіх спецучасткаў у класе Б-10 паказаў экіпаж у складзе Івана Рускіх і Віталя Мурылёва, у катэгорыі Б-11 перамогу атрымаў экіпаж, у складзе якога была адзіная прадстаўніца слабага полу, – гомельскіх гоншчыкаў ДТСААФ Віталя Крупенькі і Вольгі Цвятковай. А ў самым прэстыжным класе Б-12 лепшым стаў экіпаж неаднаразовага пераможцы спаборніцтваў на Ушаччыне Андрэя Галабародзькі, якому дапамагаў штурман Аляксей Крактун.
Атрымаўшы прызы, узнагароды і кубкі і выказаўшы словы падзякі раённым уладам, гоншчыкі з цёмным раз’ехаліся па сваіх гарадах. Наперадзе іх чакае выязны этап чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па ралі ў Літве, а на ўшацкія дарогі яны яшчэ абавязкова вернуцца, бо сёлета спаўняецца своеасаблівы юбілей – 10 год, як у нашым раёне ўпершыню адбыліся ралійныя спаборніцтвы. Гэту дату арганізатары абяцалі адзначыць правядзеннем маштабных гонак з удзелам лепшых спартсменаў Беларусі і суседніх краін.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.