Они всегда там, где горячо. 19 января профессиональный праздник отмечают спасатели

Cлужба-101 К профессиональному празднику

У панядзелак, 19 студзеня, сваё прафесійнае свята адзначаць выратавальнікі Ушацкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Гэта добрая нагода падвесці вынікі іх нялёгкай справы за мінулы год, абмеркаваць праблемы і назваць лепшых па прафесіі. Таму наш сённяшні суразмоўца – начальнік Андрэй Іванавіч СТАНЬКО:

– Прафесійнае свята сустракаем з аптымізмам, упэўненасцю ў неабходнасці сваёй прафесіі. Прычына гэтаму – вынікі дзейнасці мінулага года. Хаця ў раёне адбылося 28 пажараў, што на 3 больш, чым у 2013-м, колькасць іх ахвяр удалося скараціць удвая: у агні загінулі трое грамадзян, дарэчы, усе яны былі ў стане алкагольнага ап’янення.

– Што канкрэтна робіцца выратавальнікамі  раёна, каб зменшыць гібель людзей на пажарах?

– Летась супрацоўнікамі аддзела праведзена планавае абследаванне 27 суб’ектаў гаспадарання, праведзена 19 кантрольных і 5 пазапланаваных  праверак. Па выніках гэтых мерапрыемстваў за невыкананне заканадаўства аб пажарнай бяспецы, ігнараванне прадпісанняў да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 30 кіраўнікоў арганізацый, 43 адказныя асобы.

Пад асабісты кантроль нашых работнікаў узята праверка жылога сектара  ў населеных пунктах. Так, летась абследавана 5750 домаўладанняў. Прыпынена эксплуатацыя 19 печаў і 20 участкаў электраправодкі.

– Што зроблена па абароне людзей ад надзвычайных сітуацый, папярэджванні стыхійных  бедстваў і катастроф?

– Выкананы неабходны аб’ём арганізацыйных, прафілактычных і службова-баявых задач па бяспечнай дзейнасці суб’ектаў гаспадарання, папярэджванні наступстваў вясенняй паводкі, забеспячэнні пажарнай бяспекі падчас сельскагаспадарчых работ. Праведзена практычная трэніроўка па дзеяннях раённага звяна дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны ва ўмовах ураганнага ветру.

У 2014 годзе асабісты састаў дзяжурных каравулаў 650 разоў выязджаў па выкліках аб надзвычайных здарэннях. Выратавана 2 чалавекі, 8 галоў жывёлы, 32 будынкі.

– Вядома, аўтарытэт службы выратавальнікаў мацуюць самі людзі, гатовыя ў любы момант прыйсці на дапамогу…

– Гэта сапраўды так. Нашы работнікі – залаты фонд аддзела па надзвычайных сітуацыях. Вопыту, рашучасці і прафесіяналізму ім не займаць! Так, летась 28 студзеня ў кватэры аднаго з дамоў па вуліцы Віцебскай райцэнтра ўзнікла задымленне. Праз лічаныя хвіліны на месцы здарэння працавалі начальнік каравула і камандзір аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 г.п.Ушачы Максім Валер’евіч Дукмасаў і Аляксандр Васільевіч Жукаў. Дзякуючы іх умелым дзеянням было выратавана жыццё 22-гадовага сына гаспадыні. 9 ліпеня ў выніку ўзгарання ежы на пліце адбыўся пажар у кватэры дома па вуліцы Ленінскай. Начальнікам каравула і камандзірам аддзялення ПАВЧ №1 Арцёмам Юр’евічам Жарнасекам і Сяргеем Іванавічам Лісоўскім з задымленага памяшкання выратавана гаспадыня кватэры. І такіх гераічных учынкаў на рахунку нашых супрацоўнікаў нямала.

Сёлета да ўзнагароджання граматай МНС прадстаўлены камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №12 Андрэй Мікалаевіч Малахаў, Ганаровай граматай Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС – начальнік ПАВП №12 Аляксандр Міхайлавіч Чарнышоў, граматай УМНС – вадзіцель ПАВП №12 Уладзімір Паўлавіч Жогаль, нагрудным знакам “Выдатнік” – вадзіцель ПАВП №11 Канстанцін Фёдаравіч Пацэйка, да прысваення чарговага спецыяльнага звання старшы прапаршчык – дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання Аляксей Сцяпанавіч Мартынюк. Пералічваць усіх, хто дастойна выконвае свае абавязкі, можна бясконца. 12 чалавек штодзень нясуць баявое дзяжурства, у пастаяннай гатоўнасці знаходзіцца 5 пажарных аўтамабіляў, столькі ж – у рэзерве.

Цесна супрацоўнічаем з Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыяй выратавальнікаў-пажарных, прадстаўнікоў якой у нашым раёне нямала. Прыемна, што папулярнасцю сярод падлеткаў карыстаецца клуб юных выратавальнікаў-пажарных, які не першы год дзейнічае на базе Ушацкай школы, а таксама гурткі па асновах бяспечнай жыццядзейнасці ў некаторых сельскіх навучальных установах. Усё гэта дае падставы казаць: прафесія  выратавальніка мае прэстыж у грамадстве і запатрабавана моладдзю. А гэта – лепшы падарунак да прафесійнага свята.

Гутарыла Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *