На счету молодого спасателя Николая Шустрова четыре спасённые жизни

Cлужба-101 Ими гордятся

…На пульце кіравання пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 г.п.Ушачы раздаецца званок, і выратавальнікі імчацца на пажар у Сарочына. У ахопленым агнём доме, па словах аднавяскоўцаў знаходзяцца двое чалавек. Не раздумваючы ні хвіліны, начальнік каравула Мікалай Шустроў першым бяжыць у дом, які хутка разгараецца, каб адшукаць людзей. Услед за ім спяшаюцца калегі У.Лісічонак, С.Бугай. Мужчына і жанчына хоць і былі ў прытомнасці, але не маглі самастойна выбрацца з задымленага дома…

…Пажар у шматкватэрным доме па вуліцы Камсамольскай у гарпасёлку ўсхваляваў усіх жыльцоў. Дым ідзе з кватэры, а ўнутры – гаспадар. Мікалай Шустроў накіроўваецца ў эпіцэнтр узгарання, дзе ўжо без прытомнасці знаходзіцца мужчына. Разам з калегамі выносіць яго на вуліцу і “хуткая дапамога” імчыць пацярпелага ў рэанімацыю…

…У адной з кватэр па Ленінскай задымленне. Прыбыўшыя выратавальнікі, сярод якіх і Мікалай Шустроў, пранікаюць у кватэру, дзе на падлозе ледзь дыхае чалавек. Лічаныя хвіліны– і яго сэрца перастала б біцца…

Герой нашага аповеду – Мікалай Шустроў – выратавальнік з невялікім стажам і не ўмудроны вопытам, але ў свае 23 гады ўжо з’яўляецца начальнікам каравула пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 г.п.Ушачы і мае на сваім рахунку чатыры выратаваныя чалавечыя жыцці. Як сапраўднаму выратавальніку яму ўласцівы такія рысы, як смеласць, мужнасць, вынослівасць, а таксама сціпласць, бо пра прыгаданыя вышэй выпадкі ён заўважае, што гэта не яго заслуга – інакш паступіць не мог, што да гэтага абавязвае абраная прафесія. Дарэчы, у планы гэтага маладога чалавека спачатку не ўваходзіла стаць выратавальнікам. З дзяцінства Мікалай марыў быць лётчыкам і выношваў гэтыя планы аж да заканчэння школы. Збіраўся паступаць на авіяцыйны факультэт Ваеннай акадэміі, аднак, як вядома, медыцынская камісія для гэтай прафесія самая жорсткая і прайсці яе не ўдалося. Але свае “высокія” мары ён здзейсніў на зямлі, спыніўшы выбар на не менш адказнай і небяспечнай: паспяхова прайшоў камісію, здаў усе іспыты і стаў студэнтам Гомельскага камандна-інжынернага інстытута Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Падчас вучобы ў інстытуце нават уваходзіў у склад роты ганаровага каравула, куды існуе асаблівы адбор. А гэта хоць і прэстыжна, але вельмі няпроста – штодзённыя шматгадзінныя страявыя заняткі вытрымае не кожны. На пытанне, ці складана было навучыцца зладжаным дзеянням і паказальным выступленням Мікалай з уласцівым яму гумарам адказаў, што ўсё лёгка і галоўнае – умець лічыць да 8, каб у пэўны цыкл рабіць адпаведнае дзеянне.

Пасля заканчэння навучальнай установы М.Шустроў па размеркаванні трапіў ва Ушачы. Хоць сам шумілінскі хлопец, аднак на працу ў новы раён ехаў з задавальненнем. Летам 2012-га распачаў работу ва Ушацкім аддзеле па надзвычайных сітуацыях, вельмі хутка ўліўся ў новы калектыў і прывык да работы. Некаторыя падначаленыя намнога старэй за яго, але гэта акалічнасць не перашкаджае ў зносінах, паважаюць Мікалая і добра адгукаюцца аб ім усе калегі-выратавальнікі.

– Ці страшна выязджаць на пажары? – пытаюся ў маладога выратавальніка.

–       Заступаць на кожную змену заўсёды неяк трывожна, а ехаць на пажар страшна, але калі ведаеш, што твая дапамога ў гэтую хвіліну людзям патрэбна больш за ўсё, калі ад цябе часам залежыць іх здароўе і жыццё, ужо не думаеш пра страх, – гаворыць М.Шустроў.

Мікалай стаў прыкладам і для малодшага брата Аляксея, які таксама вырашыў звязаць сваё жыццё з прафесіяй выратавальніка і таксама паступіў у Гомельскі камандна-інжынерны інстытут, зараз вучыцца на трэцім курсе.

Як прызнаўся малады выратавальнік, працаваць ва Ушачах яму падабаецца, мяняць месца работы ў яго планы не ўваходзіць, тым больш што тут ён ужо знайшоў сваю другую палавінку.

Акрамя таго, што М.Шустроў паспяхова спраўляецца са сваімі прафесійнымі абавязкамі, ён яшчэ і актыўны ўдзельнік спартыўных мерапрыемстваў, на якіх трэба адстойваць гонар калектыву. Сёння яго ў ліку лепшых адзначае кіраўніцтва аддзела, з гордасцю гавораць пра свайго сына бацькі Павел Мікалаевіч і Святлана Пятроўна, ганарацца хлопцам і ва Ушацкім раёне – у мінулым годзе яго прозвішча было занесена на раённую Дошку гонару.

Каравулу Мікалая Шустрова ў гэтым годзе не прыходзілася выязджаць на сур’ёзныя пажары. Няхай жа кожная змена будзе спакойнай і радзей даводзіцца ахвяраваць сваім жыццём дзеля выратавання чужога.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *