гэтая мера, прадугледжаная Указам Прэзідэнта краіны №570 “Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння”, зараз актыўна абмяркоўваецца ўшачанамі. Хтосьці радуецца даволі адчувальнаму павелічэнню выплаты за студзень, а нехта, наадварот, абураецца таму, што сума яго пенсіі засталася без змен. Мы вырашылі разабрацца ў сітуацыі і патлумачыць нашым чытачам некаторыя нюансы новаўвядзенняў у пенсійным заканадаўстве.
ШТО БЫЛО ДАГЭТУЛЬ?
Да нядаўняга часу памер пенсіі вызначаўся з улікам сярэдняй заработнай платы чалавека за найбольш прыбытковыя 25 для мужчын і 20 для жанчын гадоў працоўнай дзейнасці з апошніх 40 і 30-ці адпаведна (зараз – за апошнія 26/21 апошнія гады) і складае 55 працэнтаў ад гэтай сумы. Сюды ж, згодна з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні”, за кожны поўны год стажу звыш 25 гадоў у мужчын і 20 гадоў у жанчын пенсія павялічвалася на 1 працэнт заробку, аднак не менш за 1 працэнт мінімальнай пенсіі па ўзросце (14 тысяч 740 рублёў).
Прыклад 1: грамадзянка А. у свой час атрымлівала заработную плату, эквівалентную сённяшнім тром мільёнам рублёў, і мае працоўны стаж 36 гадоў. Да ўступлення ў сілу нормаў Указа №570 сума пенсіі жанчыны складала 2 мільёны 130 тысяч:
1 650 000 (55 працэнтаў ад 3 мільёнаў) за 20 гадоў стажу
+ 480 000 (16 гадоў стажу звыш 20-ці памнажаем на 30 тысяч рублёў (1 працэнт заробку жанчыны)).
Прыклад 2: грамадзянка В. з такім жа стажам у 36 гадоў атрымлівала ўдвая меншую зарплату – эквівалентную сённяшнім 1,5 мільёнам рублёў. Да 1 студзеня 2015 года памер яе пенсіі складаў 1 мільён 709 тысяч 910 рублёў:
1 474 070 (мінімальны памер пенсіі па ўзросце за 20 гадоў стажу)
+ 235 840 (16 гадоў звыш 20-ці памнажаем на 14 тысяч 740 рубель (1 працэнт мінімальнай пенсіі па ўзросце)).
ЯК ЦЯПЕР?
З 1 студзеня 2015 года для пенсіянераў, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, мінімальны памер павелічэння за кожны поўны год стажу работы звыш 35 гадоў у мужчын і 30 гадоў у жанчын складзе не менш як 0,7 працэнта сярэдняй заработнай платы работнікаў па рэспубліцы, што прымяняецца для карэкціроўкі фактычнага заробку пенсіянера (на сённяшні дзень – 39 тысяч 377 рублёў). Гэта дасць магчымасць “падцягнуць” памер пенсіі тым грамадзянам, якія маюць вялікі стаж, а заработная плата ў свой час была нізкай. Прыклад 1: пенсія той жа грамадзянкі А. з 1 студзеня 2015-га павялічыцца крыху больш чым на 56 тысяч рублёў і складзе 2 мільёны 186 тысяч 262 рублі:
1 650 000 (памер пенсіі за 20 гадоў стажу)
+ 300 000 (павелічэнне пенсіі за 10 гадоў стажу звыш 20-ці)
+ 236 262 (за 6 гадоў стажу звыш 30-ці (6х39377).
Прыклад 2: а вось у пенсіянеркі В. сума пенсіі павялічыцца больш адчувальна і складзе 1 мільён 857 тысяч 732 рублі:
1474 070 (мінімальны памер пенсіі па ўзросце за 20 гадоў стажу)
+ 147 400 (за 10 гадоў стажу звыш 20-ці (10х14740 (мінімальны памер павелічэння за кожны поўны год стажу з 21-га па 30-ы ўключна))
+236262 (за 6 гадоў стажу звыш 30-ці (6х39377 (мінімальны памер павелічэння за кожны поўны год стажу ад 31 па 36 гады ўключна)).
Для тых жа, хто меў дастаткова неблагі заробак (па сённяшніх мерках – 4 мільёны і больш), ніякіх змен не будзе: за кожны год стажу звыш 35/30-ці пенсія будзе павышацца, як і раней, на 1 працэнт заробку.
ЯК ПАДЛІЧЫЦЬ ЗАРОБАК?
У нашых чытачоў можа ўзнікнуць лагічнае пытанне: як падлічваецца памер сярэдняга заробку за 25/20 гадоў стажу (а значыць, і штогадовы памер павелічэння пенсіі), калі гэтыя выплаты ў свой час яны атрымлівалі ў рублях, тысячах і мільёнах. Як патлумачылі нам ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ушацкага райвыканкама, за аснову бярэцца не сама заработная плата, а яе каэфіцыент: сума заробку за кожны месяц параўноўваецца з сярэднім паказчыкам па рэспубліцы на той момант. Каб падлічыць, якой суме зараз эквівалентная былая заработная плата чалавека, трэба сярэдні каэфіцыент заробку памножыць на суму сярэдняй зарплаты па краіне, якая ўстаноўлена на гэты момант.
ЗА ЧАЦВЁРТЫ ДЗЯСЯТАК
У выйгрышы будуць і грамадзяне, якім пенсіі налічаюцца з улікам стажу 45 гадоў у мужчын і 40 гадоў у жанчын. Для іх новы мінімальны памер павелічэння (39 тысяч 377 рублёў за кожны год) будзе прымяняцца, пачынаючы адпаведна з 26-га/21-га года стажу.
Прыклад 1: грамадзянка М. з 41-гадовым стажам атрымлівала заработную плату, эквівалентную сённяшнім тром мільёнам рублёў. Да ўступлення ў сілу нормаў Указа №570 сума пенсіі жанчыны складала 2 мільёны 250 тысяч рублёў:
1650000 (памер пенсіі за 20 гадоў стажу)
+ 600000 (за 20 гадоў стажу звыш 20-ці: 20х30000 рублёў (1 працэнт заробку жанчыны)).
А з 1 студзеня 2015 года – 2 мільёны 437 тысяч 540 рублёў:
1650000 (памер пенсіі за 20 гадоў стажу)
+ 787540 (за дадатковыя 20 гадоў стажу: 20х39377).
***
Больш падрабязную інфармацыю па тэме можна атрымаць у спецыялістаў аддзела назначэння пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ушацкага райвыканкама, тэлефон: 2-08-59.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.