Более 30 лет в сельском хозяйстве работает директор КУСХП «Великодолецкое» Иван Филиппович Дорощенко

Ими гордятся Сельское хозяйство Экономика и малый бизнес

Адпрацаваўшы 30 год у сельскай гаспадарцы, няхай і на розных пасадах, але ў адным, Ушацкім раёне, Іван Піліпавіч Дарошчанка, канечне, меў не адну узнагароду. Аднак мінулы, 2014 год, можна лічыць зоркавым. Імя Івана Піліпавіча занесена на раённую Дошку гонару, КУСГП “Вялікадолецкае”, якое ён узначальвае, пры падвядзенні вынікаў года перамагло ў дзвюх раённых намінацых. І нарэшце ён атрымаў Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.  А  вельмі хутка  будзе адзначаць і асабісты юбілей – 21 студзеня яму спаўняецца 60 год. Сёння ён герой нашага аповеду.

Іван Піліпавіч, шлях у сельскую гаспадарку нашага раёна быў тыповы: школа, інстытут, размеркаванне?

– Не. Спачатку я атрымаў рабочую спецыяльнасць сталяра, да арміі папрацаваў на рамонтным заводзе. А вярнуўшыся ў 75-м, пасталеўшы і паразумнеўшы, асэнсаваў, што хачу вучыцца.  Так і паступіў у Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію на спецыяльнасць “заатэхнія”. А скончыўшы, па размеркаванні трапіў на Ушаччыну – галоўным заатэхнікам саўгаса імя Даватара.

Аграрную ВНУ выбірае толькі блізкі да вёскі чалавек, які не баіцца сялянскай працы…

– І я таксама родам з вёскі Жыролы, што ў Слаўгарадскім раёне Магілёўскай вобласці. Бацька працаваў брыгадзірам у гаспадарцы, маці пераважна займалася намі – у сям’і было дзесяць дзяцей. І, зразумела, заўсёды трымалі вялікую гаспадарку, дапамагаць бацькам даводзілася з маленства. З шостага класа мы летам абавязкова працавалі ў калгасе – акучвалі бульбу конямі, ну  а з сёмага – і на будоўлі, каб зарабіць сабе на штаны ды на кашулю. І сам заўсёды трымаў вялікую гаспадарку. Толькі некалькі гадоў, як няма каровы і авечак. А так, і ў Дубраўцы, і ва Ушачах, і ў Вялікіх Дольцах у хлявах быў не проста традыцыйны набор: птушка і парсюкі, а пашыраны.

– Многія пасля адпрацоўкі імкнуцца перабрацца бліжэй да родных. Не было такога жадання?

– На радзіму хочацца заўсёды, і напэўна я б вярнуўся, калі б не Чарнобыль. Маёй вёскі ўжо няма на карце. Яна поўнасцю пахавана, а была вялікай, прыгожай, з асфальтам і водаправодам. Зруйнавана ўсё. І бацькоўскі дом – новы, вялікі, цагляны. Яго бацька толькі пабудаваў, каб было дзе збіраць вялікую сям’ю. Сам апынуўся ў аднапакаёвай кватэры ў Магілёве – ім з маці  выдзелілі жыллё і выплацілі кампенсацыю. Маральную, безумоўна, кампенсаваць нельга. І сустракаемся мы цяпер вялізнай сям’ёй штогод на Радаўніцу… на могілках. Усё, што засталося ад малой радзімы.

– Іван Піліпавіч, заатэхнікам у гаспадарцы вы не затрымаліся.

– Так, праз чатыры з паловай гады мяне перавялі намеснікам старшыні райсельгасхарча па жывёлагадоўлі. Было гэта ў красавіку 1986 года. Так мы з сям’ёй, а на той час ужо было двое дзяцей, сталі жыхарамі райцэнтра. А ў лютым 1993-га пераехалі у Вялікія Дольцы, паколькі быў назначаны дырэктарам. Вось ужо 22 гады кірую гаспадаркай, можна сказаць, што трыма ранейшымі.

– Ёсць з чым параўноўваць, хоць пытацца, дзе цяжэй працаваць, неяк і няёмка, адказ вядомы.

– Канечне кіраўніком гаспадаркі. Хоць у сельскай гаспадарцы ніколі не было лёгка і людзі працавалі заўсёды многа, аднак у савецкія часы было намнога прасцей. Не трэба было ламаць галаву, чым выплаціць зарплату, за што адрамантаваць рухавік і як наогул пачаць чарговы дзень, калі няма паліва.

– КУСГП “Вялікадолецкае” зараз трывала ў лідарах, дык напэўна і праблем не столькі, як у адстаючых?

– Скардзіцца я наогул не люблю, няма сэнсу: ці кідай, ці працуй. Ну а наша сённяшняе адносна ўстойлівае становішча ніяк не пазбаўляе мяне як кіраўніка ад усіх пералічаных праблем. Яны хоць і  штодзённыя, а да ўсяго, як гавораць, прывыкаюць, нельга супакоіцца і чакаць, што выправіцца само сабой. Не, ні адзін завод не прыступіць да рамонту адвезеных агрэгатаў, паколькі ўсюды ці поўная ці частковая перадаплата. Мы бралі крэдыт на паліва для ўсіх гаспадарак раёна, зараз выплачваем крэдыт, а паліва, якога нам хапіла б на год, таксама не маем. Выканалі дзяржзаказ па здачы харчовага хлеба – згубілі мільярд. Выгадней прадаваць фураж. Наогул кошт на зерне не мяняўся некалькі гадоў, а ўгнаенне, сродкі апрацоўкі раслін, запчасткі, паліва – усё падаражэла ні адзін раз. Вельмі многа такога, калі і  крыўдна, і рукі апускаюцца, не гаворачы пра рабочыя моманты ў гаспадарцы.

За кошт чаго “Вялікадолецкае” зараз у лідарах па жывёлагадоўлі па ўсіх пазіцыях?

– Вынік шматгадовай работы. Паступова завяршылі рэканструкцыю ўсіх жывёлагадоўчых памяшканняў. Уся жывёла падзелена і ўтрымліваецца па перыядах гадоўлі. А галоўнае – мы сур’ёзна заняліся абнаўленнем статку і ўвод цялушак у асноўны заказ складае больш за 25 працэнтаў. Закупілі племянных быкоў, наладзілі кармавую базу і практычна пазбавіліся зрываў па віне «чалавечага фактару».

– Пра вопыт «Вялікадолецкага», дзе кожную ноч работу даглядчыкаў, вартаўнікоў кантралюе нехта са спецыялістаў, мы расказвалі, аднак не так і проста яго ўкараніць.

– І нам не адразу гэта ўдалося. І незадаволены былі спецыялісты, паколькі работнікі ў нас не мадней чым дзе, могуць і запіць, і не выйсці на работу, аднак напэўна пераканаліся, што няма падзелу ў гаспадарцы на тваю і маю работу, асабліва калі грошы паступаюць пастаянна толькі з жывёлагадоўлі. Зноў жа за кожнае дзяжурства даём адгул, наогул ідзём насустрач, калі ў нечым патрэбна дапамога.

І напэўна таму спрацавала сістэма ўзаемакантролю і ўзаемазамены, што і дырэктар у ёй – не пабочны назіральнік.

– Зразумела, што сам я таксама раблю начныя аб’езды, хоць наогул імкнуся пабываць на кожнай ферме хаця б раз на дні, а калі і па некалькі разоў. На Новы год адразу ў графік ставіў сябе, а не спецыялістаў з канторы, каб жанчыны пабылі з сем’ямі. Ды што і казаць, калі нешта здараецца, усё роўна тэлефануюць мне. А падчас усіх важных перыядаў – выбракоўкі, падзелу цельных цялушак на групы, я  апранаю халат і разам з загадчыкамі ферм, заатэхнікам, даяркамі – на ферме.

Можна сказаць, што калі дырэктар – заатэхнік, то гэтая галіна і пад кантролем.

– Зразумела, я выдатна ведаю, як павінна быць, і сам кантралюю, можна сказаць на практыцы. Тым больш, што са спецыялістамі праблема, ветурача ў нас цяпер няма, заатэхнік з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Аднак кіраўнік павінен ведаць і кантраляваць літаральна ўсё, і разбірацца таксама ва ўсім.

Работа з людзьмі – самая складаная. У вас пры невялікіх заробках і вялікіх нагрузках  няма цякучкі кадраў, захаваны трывалы касцяк як спецыялістаў, так і механізатараў, даярак.

– Гэта сапраўды правераныя кадры, якія працуюць не адзін год, усе мясцовыя. Гаспадарцы пашчасціла, што ёсць і добры аграном, мой намеснік, і інжынер, і бухгалтарская служба, так што закрыты практычна ўсе накірункі, і вельмі надзейныя трактарысты, жывёлаводы. Наогул магу сказаць, што 90 працэнтаў нашага калектыву, гэта людзі, якія выдатна разумеюць слова “трэба”. Я ведаю, што ў любую гадзіну магу патэлефанаваць, напрыклад, Сяргею Аркадзьевічу Філімонаву, і ён выканае, што трэба, як і большасць работнікаў. Зразумела, што імкнуся, каб работнікі не балі абдзелены заробкамі. Усе, хто жадаў, перасяліліся ў дамы з усімі выгодамі ў аграгарадку, рамантуем дамы і выдзяляем жыллё тым, хто мае патрэбу. І, канечне, я іду насустрач і задавальняю  асабістыя просьбы такіх сумленных работнікаў.

– Вы сёлета зноў прадаяце кармы. На ўласныя патрэбы хапае паўнацэнных?

– Пакуль не прадаём, аднак патэнцыяльныя пакупнікі ёсць. Наогул на працягу пяці гадоў прадавалі ў Пастаўскі, Расонскі, іншыя раёны Віцебшчыны. Кармоў самім, зразумела, хапае. Сёлета ўрадзіла кукуруза, і пад 600 цэнтнераў давала,  з-за недахопу тэхнікі не паспелі своечасова ўбраць, у канцы ўжо падсохла і ўраджайнасць была меншай. Няма такога часу, каб не было  камбікорму. Ёсць фураж, з якога самі робім камбікорм для цялят КР-3, кароў, далучаючы да яго бабовыя і неабходныя дабаўкі. Набываем толькі для самых маленькіх цялят. Дастаткова і сена.

Практычна ўсё малако вы прадаяце экстрай! Такіх вынікаў у гаспадарках яшчэ не было.

– У нас усе, даяркі, даглядчыкі, лабарант – атрымліваюць зарплату, зыходзячы ад гатунку малака. Таму і зацікаўлены ў выніку, выяўляюць хворых, не дапускаюць змешвання, якасна мыюць абсталяванне. Зразумела, спрашчаюць работу і добрыя ўмовы ў рэканструяваных кароўніках.

Вы славіцеся як добры гаспадар, які пралічвае кожную капейку і думае ў першую чаргу пра патрэбы гаспадаркі. Памятаю, як на адным са справаздачных сходаў кіраўнік райсельгасхарча заўважыў, што варта было б кіраўніку і памяняць службовы аўтамабіль – маўляў, непрэстыжна ездзіць на старым УАЗе, а вы адказалі, што спачатку б апырсквальнік для гаспадаркі набыць. І «круты» аўтамабіль набылі адным з апошніх толькі ў канцы мінулага года.

– Так, для гаспадаркі  сапраўды тады вельмі патрэбны быў апырсквальнік для догляду за пасевамі. Легкавых аўтамабіляў у нас таксама не хапае, для падвозу тых жа даярак, таму на хаду і мой папярэдні УАЗ, і той, на якім ездзіў намеснік. Ды і мой цяперашні службовы – пасажырскі, а не проста легкавы. Сапраўды перш за ўсё думаю пра тое, што патрэбна, а не пра  прэстыж.

Дзень нараджэння вы правядзеце ў адпачынку. Якія планы, і ці быў водпуск хоць калі летам?

– Не памятаю такога. Звычайна гэта позняя восень ці зіма і добра. калі праходзіць ён без таго, каб адклікаўся на работу. Сёлета, як і ў папярэднія гады, выкарыстоўваю яго, каб пабываць на радзіме: у Слаўгарадзе, Магілёве, дзе жывуць сёстры, браты, пляменнікі.

Дзеці не паўтарылі складаны шлях бацькі?

– Дачка скончыла Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт, нядаўна пераехала ў Мінск. Да гэтага працавала кардыёлагам і выратавала бацьку, калі паўсталі сур’ёзныя праблемы з сэрцам. Сын працуе ў сістэме Дэпартамента «Аховы» ў Наваполацку.

– Вы адчуваеце сябе шчаслівым?

– Так. (Іван Піліпавіч вымавіў гэта, ні на хвіліну не задумваючыся). Ва ўсялякім выпадку я ні аб чым не шкадую.

– Што ў бліжэйшых планах? Пра выхад на адпачынак не думаеце?

– Абавязкова дабудаваць арачнік, каб былі нармальныя ўмовы для механізатараў і захоўвання тэхнікі. Астатняе залежыць ад здароўя, а яно ўжо ў тым стане, калі трэба сачыць і падтрымліваць. З сабой у машыне блакнот, у якім запісваю, што абавязкова трэба зрабіць на наступны дзень.

– Дарэчы, як любіце адпачываць. Які любімы час года?

– Восень – час збору ўраджаю. Люблю збіраць грыбы. Гэта асноўнае захапленне. Такіх азёр, як на Ушаччыне, на малой радзіме не было, таму не рыбак, не паляўнічы. Часу катастрафічна не хапае на нешта яшчэ.

Дзякуй за тое. што знайшлі яго для размовы. І няхай надоўга стае сіл для сябе, сям’і і вялікага  «Вялікадолецкага».

Гутарыла Вольга КАРАЛЕНКА.



1 комментарий по теме “Более 30 лет в сельском хозяйстве работает директор КУСХП «Великодолецкое» Иван Филиппович Дорощенко

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *