Социальный работник Нина Гатовская для своих подопечных — пожилых людей — стала первым помощником и даже членом семьи

К профессиональному празднику

Прозвішча гэтай жанчыны, напэўна, на слыху ў многіх нашых чытачоў: словы падзякі ў адрас сацыяльнага работніка Ніны Мікалаеўны Гатаўскай неаднойчы выказвалі на старонках газеты яе падапечныя — пажылыя жыхары райцэнтра, для якіх жанчына стала не толькі першым памочнікам, але амаль што членам сям’і.

«Ніначка, а ты сёння ўжо паабедала?» — клапатліва пацікавілася ў сваёй дачушкі — менавіта так яе называе ветэран Вялікай Айчыннай вайны Кацярына Мікалаеўна Васілеўская. І, пачуўшы станоўчы адказ, пачала расказваць сацработніку пра сваё самаадчуванне і пачутыя за дзень навіны.
Так, па-сямейнаму цёпла і шчыра, праходзяць усе сустрэчы жанчын вось ужо на працягу 12 гадоў. Пяць разоў на тыдзень наведвае ветэрана вайны Ніна Мікалаеўна — і ў кватэры прыбярэ, і смачны абед прыгатуе, і ціск змерыць. Аплата камунальных паслуг — таксама на плячах сацработніка, якая ўсе неабходныя рэквізіты памятае як ойча наш.
— Вельмі хвалявалася, што з-за працяглай хваробы магу згубіць сваю Ніначку, — расказвае К.М.Васілеўская. — Пакуль са зламанай нагой я ляжала спачатку ва Ушацкай бальніцы, потым — у Наваполацкай, мяне, як таго патрабуюць правілы, знялі з абслугоўвання ў ТЦСАН. Калі ж паправілася, вялікай радасцю для мяне стала тое, што маім сацработнікам была назначана менавіта Ніна. Інакш як падарункам Божым гэта не называю.
Зараз на абслугоўванні Н.М.Гатаўскай васьмёра ўшачан, якія любяць і цэняць сваю памочніцу. Між іншым, у гэтую прафесію Ніна Мікалаеўна трапіла выпадкова. Яшчэ ў дзяцінстве хацела стаць доктарам, аднак пасля заканчэння Кубліцкай школы ўраджэнка вёскі Сорзава была вымушана «здрадзіць» сваёй мары і паступіць у швейнае вучылішча. Прафесійную дзейнасць пачынала на малой Радзіме — на камбінаце бытавога абслугоўвання. Тут, на Ушаччыне, стварыла сям’ю, нарадзіла сына і дачушку. І ўсё ж рознакаляровым жыццё нашай гераіні не назавеш: калі трагічна загінуў муж, засталася з двума маленькімі дзецьмі на руках, а пасля 20 гадоў, адпрацаваных у КБА, жанчына трапіла пад скарачэнне. Каб пратрымацца на плыву ў фінансавым плане, шукала выпадковыя заробкі, шмат шыла і вязала для знаёмых. Калі ж 14 гадоў назад у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна з’явілася вакансія сацыяльнага работніка, ухапілася за прапанову абедзвюма рукамі. Пра што, як прызнаецца, не шкадуе.
— Вядомае выслоўе «чалавек на сваім месцы» — гэта якраз пра Н.М.Гатаўскую, — кажа загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на доме ТЦСАН Зейнаб Кямалаўна Хаткевіч. — Яна заўсёды ветлівая, да кожнага мае свой падыход і ніколі не адмовіць у дапамозе. А яшчэ Ніна Мікалаеўна — вельмі творчая асоба, неаднойчы прымала ўдзел у раённым конкурсе сацыяльных работнікаў, дзе паказвала «клас».
Трэба дадаць, што сапраўдным гонарам для Н.М.Гатаўскай з’яўляюцца яе дзеці — абое атрымалі вышэйшую адукацыю, працаўладкаваліся. Дарэчы, дачка Ніны Мікалаеўны спраўдзіла яе мару — стала медыкам і зараз працуе ва Ушацкай ЦРБ. Радасцю і ўцехай для жанчыны з’яўляецца яе ўнучка. Ёсць у гераіні нашага аповеду і надзейны тыл — каханы чалавек, з якім любыя цяжкасці не палохаюць.
Гэтая шчырая, працавітая жанчына не можа жыць без усмешкі. Святло ж яе вачэй сагравае сэрцы і робіць шчаслівейшымі людзей, з якімі яна сустракаецца і якім штодня дапамагае.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *