Новы, 2015 год, аб’яўлены ў краіне Годам моладзі, для дружнага калектыву разлікова-касавага цэнтра №37 у г.п.Ушачы філіяла ААТ «Белаграпрамбанк» г.Полацк абавязкова павінен стаць адметным, бо тут адзін з самых высокіх сярод арганізацый раёна працэнт працаўнікоў маладзей 31 года. Акрамя таго некаторыя спецыялісты зусім нядаўна дасягнулі гэтай узроставай мяжы, таму намеснік начальніка фінансавай установы І.Б.Бурак толькі з нацяжкай адносіць іх да ліку сталых.
— На цяперашні час моладзь сапраўды стала «тварам» нашага банка, — расказвае Ірына Барысаўна. — На прафесійным слэнгу аддзел рознічных паслуг, які займае першы паверх банка, называецца «фронт-офіс». Гэта самы малады аддзел, супрацоўнікаў якога мы жартам называем «франтавікамі», бо яны прымаюць на сябе асноўны «удар» — кожны дзень кантактуюць з людзьмі, абслугоўваюць фізічных асоб, выконваюць вельмі многа аперацый. У разлікова-касавым цэнтры пасля шэрагу рэарганізацый няма крэдытнага аддзела, таму функцыі па крэдытаванні грамадзян выконвае начальнік аддзела Аляксандр Закрэўскі. У розных выпадках яго можа падмяніць спецыяліст па аперацыйна-касавай рабоце Алеся Мамон, якая пры неабходнасці займае месца і на касах, дзе працуюць яе калегі Вольга Цішкова і Наталля Шыдлоўская. Да кожнага наведвальніка трэба знайсці індывідуальны падыход, імкнуцца задаволіць запыты кліентаў, якія бываюць самымі рознымі. На другім паверсе пануе зусім іншая атмасфера. Кліентамі размешчаных тут структурных падраздзяленняў з’яўляюцца прадстаўнікі юрыдычных асоб, якія больш фінансава граматныя ў адрозненне ад недасведчаных у змяненнях фінансавай сферы і заканадаўстве грамадзян. Між тым работа гэта не менш адказная, але і яе давяраюць моладзі — у сектары разлікаў абслугоўванне юрыдычных асоб ажыццяўляе вядучы спецыяліст Вераніка Міхейка, а ў аддзеле кліенцкага менеджменту з крэдытаваннем юрыдычных асоб спраўляюцца начальнік аддзела Наталля Дзямешка і спецыялісты па актыўных банкаўскіх аперацыях Юлія Дунік і Святлана Казакевіч.Моладзь не толькі паспяхова вырашае рабочыя моманты, але і актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці калектыву. Ірына Бурак узначальвае прафсаюзную арганізацыю, ды і ўсе маладыя супрацоўнікі банка з’яўляюцца людзьмі неабыякавымі як да спраў сваёй установы, так і да сваіх калег. Актыўнасць, высокая працаздольнасць і гатоўнасць да хуткага прыняцця і ўкаранення ў жыццё ўсяго новага з’яўляюцца адметнай рысай маладых спецыялістаў. За вопыт яны ўдзячныя старэйшым калегам, і ў сваю чаргу не дазваляюць ім «драмаць», зараджаючы аксакалаў банка бадзёрасцю і энергіяй. Нягледзячы на малады ўзрост многія з работнікаў маюць значны стаж працы ў выбранай галіне. І.Бурак, С.Казакевіч, В.Міхейка, А.Закрэўскі пачалі сваю дзейнасць у банку з 2007 года, крыху пазней да іх далучылася Т.Дямешка, пяць год працуе А.Мамон, чатыры — Ю.Дунік. І зараз можна смела сказаць, што грошы, лічбы, планы і прагнозы сталі іх прызваннем. Кожны з названых спецыялістаў — склаўшыйся прафесіянал, які ведае, як набываць новых кліентаў і не згубіць тых, хто карыстаецца іх паслугамі.
Дзмітрый Раманоўскі.