Настоящим праздником стало открытие главной ёлки района

Образование и молодежь Творчество наших земляков

Ідэя правядзення ўрачыстага адкрыцця галоўнай ёлкі няновая, бо ладзяцца такія мерапрыемствы ў буйных гарадах штогод. «А мы чым горш?» — задаліся пытаннем работнікі культуры нашага раёна і разам з прадстаўнікамі працоўных калектываў райцэнтра напярэдадні Каляд і Новага года падарылі сабе і маленькім жыхарам гарпасёлка сапраўднае свята. Менавіта ўдзел работнікаў устаноў і арганізацый раёна ў правядзенні ўрачыстасцяў становіцца своеасаблівай «фішкай», хаця гэта і дадае клопатаў работнікам зусім не творчых прафесій.

Дэлегацыі працоўных калектываў выдатна падрыхтаваліся, і запланаванае шэсце Дзядоў Марозаў і Снягурак плаўна перацякло ў сапраўдны карнавал ля галоўнай ёлкі раёна, бо акрамя асноўных навагодніх герояў шмат было ў святочным шэсці персанажаў казак, мультфільмаў. Традыцыйна грунтоўна падышлі да справы работнікі ўстаноў адукацыі: некаторыя з іх настолькі пераўвасобіліся ў ролі, што маленькія гледачы з ліку наведвальнікаў дзіцячых садоў наадрэз адмаўляліся пазнаваць сваіх выхавальнікаў у касцюмах тыграў, снегавікоў, мядзведзяў. Выдатныя акцёрскія здольнасці паказалі і работнікі іншых арганізацый, як, напрыклад, прадстаўнікі вялікай дэлегацыі камунгаса. Першай своеасаблівай «спробай пяра» для іх стаў удзел у святкаванні 90-годдзя раёна, але сур’ёзныя ролі рэвалюцыйных народных камісараў дазволілі праявіць толькі адзін бок акцёрскіх здольнасцей, зараз жа з’явілася магчымасць паказаць сябе ў зусім іншым амплуа абаяльнай казачнай «нечысці».

Шаснаццаць пар Дзядоў Марозаў і Снягурак, па колькасці працоўных калектываў, браўшых удзел у мерапрыемстве, вывелі пад апладысменты гледачоў свае навагоднія каманды да сцэны. І калі пад маскамі цяжка было пазнаць усіх удзельнікаў, то назвы многіх дэлегацый гаварылі самі за сябе: «Лесавічок», «Факел», «Цімураўцы» яскрава адлюстроўваюць спецыфіку дзейнасці працоўных калектываў лясгаса, райгаза і тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва, пад назвамі «Скарб» і «Уклад» выйшлі да галоўнай ёлкі прадстаўнікі банкаўскай сферы, арыгінальныя назвы і дэвізы ўзялі для сябе каманды райспажыўтаварыства, камунгаса, прамкамбіната, райбальніцы. Ну а сама горача, напэўна, віталі выхады на плошчу дэлегацый ясляў-садоў гарпасёлка, Ушацкай школы, раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, цэнтра дзяцей і моладзі, што і не дзіўна, улічваючы ўзрост большасці гледачоў.

Разам з вядучай Зімой і галоўным Дзедам Марозам яны запалілі ёлку і сталі сведкамі яскравага выступлення маладых актывістаў БРСМ, дэфіле, флеш-моба і конкурсаў Снягурак, бо менавіта гледачы і члены журы, якое ўзначалілі старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка і намеснік старшыні райвыканкама Наталля Мікалаеўна Марковіч, вызначалі лепшых «унучак» галоўнага навагодняга персанажа. Усе канкурсанткі праявілі выдатныя здольнасці, радавалі свае групы падтрымкі і ўсіх удзельнікаў мерапрыемства цікавымі жартамі, талентамі, арыгінальнасцю падрыхтаваных падарункаў і віншаванняў. Цяжка прыйшлося членам журы, але конкурс ёсць конкурс і выбіраць лепшых усё ж прыйшлося. «Любімай Снягуркай» стала Ганна Лемеш з райспажыўтаварыства, у намінацыі «Народная Снягурка» першынствавала Алена Банеўская з ясляў-сада №2, ну а ганаровае званне «Галоўнай» заваявала Снягурка Ушацкай школы Ірына Цітова.

Цікавае і яркае мерапрыемства не пакінула раўнадушнымі і дарослых гледачоў. «Лепшы год той, які яшчэ не пражыты», — давялося пачуць ад адной з удзельніц свята. Застаецца пажадаць землякам, каб кожны надыходзячы год быў лепшым за папярэдні і яны атрымлівалі толькі станоўчыя эмоцыі — накшталт панаваўшых на прайшоўшым свяце, якое стварылі самі ўшачане.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *