22 декабря свой професстональный праздник отмечают энергетики

К профессиональному празднику Экономика и малый бизнес

Сучасны чалавек не можна абысціся без электрычнасці. Калі ў кватэры на паўгадзіны прападае святло, жыццё нібы замірае: цёмны экран тэлевізара і манітор камп’ютэра, чакаючы падпіткі мабільнік, умомант заціхшыя халадзільнік, пыласос і пральная машына — трагедыя ў асобна ўзятым жыллі. Усе мы прывыклі да выгод цывілізацыі, шматлікіх «разумных» машын, якія выкарыстоўваюць электраэнергію. Але складана нават уявіць сабе, што яшчэ менш чым паўстагоддзя таму ва Ушацкім раёне былі населеныя пункты, дзе людзі з надыходам цемнаты не цягнуліся да звыклага сёння ўключальніка, а ставілі на стол газавую лямпу!

Энергетыку смела можна параўнаць з рухавіком прамысловасці хаця б таму, што выкананне большасці тэхналагічных працэсаў немагчыма без электраэнергіі. Таму ў развіцці і станаўленні эканомікі як усёй краіны, так і асобнага рэгіёна складана пераацаніць ролю электрыфікацыі і людзей, дзякуючы дзейнасці якіх электрычны ток асвяціў і спрасціў жыццё мільёнам грамадзян. Ва Ушацкім раёне электрычных сетак, арганізацыі, якая на сённяшнім этапе адказвае за энергазабеспячэнне раёна, ведаюць і шануюць слаўную гісторыю свайго прадпрыемства, памятаюць людзей, якія стваралі энергасістэму раёна.

Старшы майстар раёна электрычных сетак «Выдатнік Беларускай энергасістэмы» Леанід Сяргеевіч Лукашонак аб працы ўшацкіх энергетыкаў можа расказваць гадзінамі, бо працуе на прадпрыемстве амаль 47 год, этапы развіцця галіны ведае выдатна:

— Згодна даведкі, якая захавалася ў Полацкім гарадскім архіве, у 1954 годзе ва Ушачах асноўнай энергаўстаноўкай з’яўлялася электрастанцыя прамкамбіната на рацэ Ушача ў цагляным памяшканні млына, з гідратурбінай маркі «Фрэнсіс» 1933 года выпуску, магутнасцю 30 конскіх сіл і трохфазным генератарам магутнасцю 57 кВ. З-за нізкага ўзроўню вады, зношанасці турбіны і разбурэння плаціны электрастанцыя брала нагрузку не больш 10 кВт. Працавала яна з 19.00 да 24.00 гадзін і з 6.00 да 8.00 гадзін для асвячэння райцэнтра, а днём жа — для патрэб млына. На лесазаводзе райпрамкамбіната меўся лакамабіль «Воткінскі», які працаваў на адходах дрэваапрацоўкі, шэраг прадпрыемстваў, у тым ліку і рэдакцыя, мелі свае дызелі.

Зразумела, што з такой тэхнічнай «аснашчанасцю» ні пра якую энергасістэму гаварыць не прыходзілася. Электрасетка належала прамкамбінату, а працягласць высакавольтных ліній была ўсяго 1,5 кіламетра, нізкавольтных — 4,5 кіламетра, мелася 3 трансфарматарныя пункты. Эксплуатацыю электрастанцый і сетак ажыццяўлялі ўсяго тры чалавекі! Электраэнергіяй забяспечвалася 13 арганізацый і ўстаноў (райвыканкам, бальніца, школа, раймаг і інш.) і 75 абанентаў-уласнікаў. Значныя змяненні пачаліся з 1955 года, калі ўшацкая электрасетка была прынята на баланс «Аблэнерга» і на будаўніцтва ў раёне электрычных сетак было выдзелена 100 тысяч рублёў. Датэрмінова пабудаваная лінія электраперадачы 10 кВ Гомельская ГЭС-Ушачы працягласцю 13 кіламетраў спрыяла нармальнаму энергазабеспячэнню райцэнтра. З утварэннем 1 сакавіка 1957 года Полацкіх электрасетак дырэкцыя Ушацкай электрасеткі была далучана ў яе склад, а ў студзені 1963 года была арганізавана брыгада з 17 чалавек, якая размяшчалася на Гомельскай гідраэлектрастанцыі і абслугоўвала электрычныя сеткі г.п.Ушачы, сельскія сеткі калгасаў і саўгасаў, падключаных да ГЭС. У кастрычніку 1963 года пад кіраўніцтвам майстра Івана Аляксандравіча Літвінава была сфарміравана брыгада па рамонце і абслугоўванні электрычных сетак ушацкай зоны, якая знаходзілася ў падначаленні Лепельскага ўчастка электрасетак (раён у 1962 годзе быў ліквідаваны). Гэтым жа годам датуецца будаўніцтва першай высакавольтнай лініі 110 кВ Полацк-Ушачы-Лепель-Чашнікі з паніжаючай падстанцыяй 110/35/10 кВ «Ушачы», а ў 1966 годзе пабудавана лінія электраперадач 35 кВ Ушачы-Весніцк з падстанцыяй 35/10 «Весніцк». Увод у эксплуатацыю гэтых аб’ектаў даў магчымасць падключыць спажыўцоў да энергасістэмы, закрыць неэканамічныя невялікія электрастанцыі калгасаў і саўгасаў, прадпрыемстваў райцэнтра, падрыхтаваць базу для маштабнай электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Ад сельгаспрадпрыемстваў на баланс энергасістэмы прымаліся лініі 6-10 кВ, вялося будаўніцтва новых для электрыфікацыі сельскіх населеных пунктаў. Ужо да канца 1967 года можна было казаць аб поўнай электрыфікацыі раёна. Ад энергасістэмы атрымалі электрычнасць 17 калгасаў і 5 саўгасаў, электрыфікавана 316 сельскіх населеных пунктаў і ў іх 9360 двароў.

15 жніўня 1966 года ў сувязі з аднаўленнем раёна на базе Ушацкай брыгады створаны раён электрычных сетак. Зараз РЭС мае вялікі адміністрацыйны будынак, а на момант стварэння прадпрыемства размяшчалася ў арандаваным памяшканні плошчай 9 квадратных метраў. У канцы 1966 года пабудавана невялікае гаспадарчае памяшканне, на тэрыторыі сучаснай базы стаяў вагончык, дзе і размяшчаўся РЭС, а цяперашні выгляд база набыла ў 1977 годзе.

Да 1969 года створана аператыўна-дыспетчарскае ўпраўленне, першым інжынерам аператыўна-дзяжурнай групы стала Святлана Адамаўна Самусевіч. З 1978 года аператыўную работу ў РЭСе вёў Віктар Уладзіміравіч Анкудовіч, потым Васіль Мікалаевіч Варанько, зараз Аляксандр Аляксандравіч Калітуха.

Для надзейнага электразабеспячэння спажыўцоў, стварэння рэзервовых ліній і скарачэння працягласці фідэраў у канцы 70-ых — пачатку 80 гадоў былі пабудаваны падстанцыі ПС 110-35 кВ у Сарочыне, Красным, Гуце, Загор’і, Вацлавове. На працягу апошніх дзесяцігодзяў энергетыкі ўкаранілі ў галіну самыя сучасныя тэхналогіі, пастаянна падтрымліваюць энергасістэму ў спраўным стане, вядуць планавае абслугоўванне, рамонт і замену абсталявання.

У гэтай арганізацыі даражаць працоўным месцам, значнай цякучасці кадраў не было нават у самыя цяжкія перыяды. Кіравалі прадпрыемствам у розныя часы Аляксандр Антонавіч Самусевіч, Мікалай Сяргеевіч Варанько, Леанід Сяргеевіч Лукашонак, зараз бацькоўскую справу працягвае Васіль Мікалаевіч Варанько. Неацэнны ўклад у развіццё энергетыкі раёна ўнеслі яе ветэраны М.П.Міхейка, В.М.Падгол, У.І.Бабкоў, А.А.Шамук, П.Д.Качан, В.І.Балаболкін, В.К.Сысуеў, А.І.Жахоўскі, В.А.Бурак, С.Д.Васілеўскі, М.Л.Голік, С.А.Жаланкоўскі, М.К.Красноў, Ц.У.Кроцік, В.У.Анкудовіч, А.К.Шчэрбік, У.В.Шнітко, Г.В.Хвошч, П.А.Красноў, М.К.Коршун, М.В.Вайцяхоўскі, В.Ц.Русецкі, Т.П.Кісель. Электраманцёр А.Д.Яршоў за 35 гадоў бездакорнай працы ў РЭСе ўзнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы трэцяй ступені і медалём «За доблесную працу». Некаторыя з іх працягваюць працаваць на карысць роднага прадпрыемства і зараз. Ля ветэранаў прайшлі выдатную працоўную школу маладыя, а на сённяшні дзень ўжо вопытныя працаўнікі, якія годна прадаўжаюць слаўныя традыцыі ўшацкіх энергетыкаў.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *