Набліжаюцца навагоднія святы. Упрыгожаная гірляндамі ёлка, рознакаляровыя агні феерверкаў у небе — гэта, безумоўна, вельмі прыгожа, аднак не варта забываць, што няякасная піратэхніка і неасцярожнае абыходжанне з электрычнымі вырабамі ўяўляюць небяспеку для здароўя і жыцця. Гэтую ісціну штогод пацвярджае навагодняя ноч, у якую траўмы рознай ступені цяжкасці атрымліваюць дзясяткі беларусаў. Улічваючы актуальнасць праблемы, прапануем нашым чытачам некаторыя рэкамендацыі па падрыхтоўцы да свята ад інспектара інспекцыі нагляду і прафілактыкі Ушацкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях В.КАРЭЙШЫ:
СТАВІМ ЁЛКУ
Каб лясная прыгажуня не стала прычынай надзвычайнага здарэння ў вашым доме, выконвайце правілы пажарнай бяспекі. Перш чым занесці дрэўца ў памяшканне, прыбярыце ўсе дываны. Выкарыстоўвайце толькі ўстойлівыя падстаўкі: крыжавіну ці вядро з пяском. Галінкі і верхавіна ёлкі не павінны дакранацца сцен, столі, мэблі і іншых хатніх рэчаў. Нельга ўстанаўліваць ёлку ля ацяпляльных прыбораў, у праходах і ля выхаду з пакоя. Варта адмовіцца ад абкладання лясной прыгажуні ватай, не прамочанай спецыяльным вогнеахоўным саставам. Выкарыстоўвайце электрагірлянды толькі заводскага вырабу, лепш — святлодыёдныя — яны ярчэй свецяць, бяруць менш электраэнергіі і з’яўляюцца больш небяспечнымі. Ноччу, а таксама пры адсутнасці ў памяшканні людзей электрычныя прыборы павінны быць выключаны. Замену лямпачак, якія перагарэлі, трэба ажыццяўляць толькі пры адключэнні ад сеткі.
НАБЫВАЕМ ПІРАТЭХНІКУ
Купляйце такі тавар толькі ў спецыялізаваных магазінах, дзе ёсць сертыфікат адпаведнасці правілам бяспекі. Звярніце ўвагу на тэрмін прыдатнасці вырабу. Інструкцыя па ўжыванні павінна быць напісана на рускай ці беларускай мовах. Праверце цэласнасць заводскай упакоўкі, не купляйце вырабы, якія маюць дэфекты: мятыя, вільготныя, з расколінамі і іншымі пашкоджаннямі корпуса.
Захоўвайце піратэхнічныя вырабы як мага далей ад крыніц агню: паступова награваючыся, петарды могуць спрацаваць самаадвольна. Не варта трымаць іх і ў вільготных памяшканнях: калі гэтыя прылады спачатку адсырэюць, а потым падсохнуць, то ў лепшым выпадку феерверк не спрацуе, у горшым — стрэліць з затрымкай, прычым у самы нечаканы момант. Не трымайце петарды на кухні, а таксама побач з аэразолямі: лакамі для валасоў, дэзадарантамі. Адносна бяспечнае месца для захоўвання — зашклёны сухі балкон. Увогуле, піратэхніку лепш выкарыстоўваць на працягу некалькіх дзён пасля пакупкі.
ЛІКВІДУЕМ ПАГРОЗУ
Калі на ёлцы загарэлася электрагірлянда, трэба тэрмінова абясточыць яе: выцягнуць вілку з разеткі або адключыць электрычнасць у шчытку. Выведзіце з памяшкання людзей, выклічце выратавальнікаў па нумары 101. Калі ўзгаранне невялікае, паспрабуйце справіцца з ім самастойна: паваліце ёлку на падлогу, каб полымя не паднімалася ўгару, накрыйце яе шчыльнай тканінай, засыпце полымя пяском ці выкарыстайце вогнетушыцель. Калі ёлка натуральная, можна для тушэння выкарыстоўваць ваду, калі ж штучная — ні ў якім разе нельга: падчас гарэння сінтэтычныя матэрыялы плавяцца і расцякаюцца, а трапленне вады прыводзіць да распырсквання падпаленых кропель, такім чынам — да павелічэння плошчы гарэння.
* * *
Каб навагоднія святы прынеслі вам толькі радасць, яны ў першую чаргу павінны быць бяспечнымі. Не выпрабоўвайце ўдачу — выконвайце простыя рэкамендацыі, будзьце ўважлівымі і асцярожнымі. Шчаслівага Новага года!
Падрыхтавала К.КАВАЛЕЎСКАЯ.