Дзень Глыбачанскага сельсавета прайшоў у мінулы чацвер, а папярэднічалі яму прыёмы па асабістых пытаннях старшынёй райвыканкама ў Глыбачцы, а таксама яго намеснікамі і старшынёй раённага Савета дэпутатаў у Красным, Краснай Горцы, Рацькаве, Загаваліне і Ляхаве.
Хоць геаграфічная прывязка на гэты раз была да Глыбачкі, аднак падчас пасяджэння кантралявалася выкананне ўсяго сёлетняга пратакола даручэнняў па ўсіх сельсаветах. Старшыня райвыканкама В.В.Родзіч заслухоўваў кіраўнікоў кожнай службы, па якой паўставалі пытанні, высвятляючы, па якой прычыне праблема жыхароў не закрыта і калі будзе знята. Напрыклад, толькі зараз дарожныя службы высякалі кустоўе ўздоўж дарог да вёскі Рог, рабілі падсыпку ў Жаўніне, хоць паступілі яны ў пратакол даручэнняў з паўгода таму. У кожнай службы свае графікі, планы і сродкі для выканання, аднак галоўнае, што калі пытанне трапіла на кантроль, то абавязкова будзе выканана раённымі службамі.
В.В.Родзіч яшчэ раз падкрэсліў, што трэба высвятляць магчымасць і мэтазгоднасць вырашэння таго ці іншага пытання, не даваць пустых абяцанняў, але калі слова дадзена, то і стрымаць павінны абавязкова.
Сапраўды, ёсць пытанні, якія можна закрыць, як напрыклад, будаўніцтва моста, які б злучыў два бакі адной вуліцы ў Царкавішчы, але наўрад ці на гэтыя мэты знойдзецца 50 мільёнаў рублёў, калі ўлічыць, што ў раёне столькі больш вострых пытанняў. Напрыклад, з розны куткоў (у тым ліку і з Глыбачанскага) паступаюць скаргі на дрэнную якасць вады. Пабудаваць станцыі абезжалезвання ў кожнай вёсцы немагчыма, нават у тых населеных пунктах, якія ўключаны ў праграму «Чыстая вада», напрыклад, Арэхаўна, няма сродкаў на гэтыя мэты. Таму адзіны, але рэальны, недарагі спосаб ёсць, прытым для кожнай, самай аддаленай і малаколькаснай вёскі — набыць індывідуальныя фільтры для ачысткі вады. Іх многа, самых розных варыянтаў, таму выбраць лепш самім гаспадарам, а мы ў бліжэйшых нумарах дапаможам з’арыентавацца ў гэтым пытанні.
Самымі распаўсюджанымі застаюцца пытанні ўтылізацыі бытавых адходаў. Практычна ў кожнай вёсцы, у тым ліку і ў Глыбачцы, задавалі пытанне аб недахопе кантэйнераў. Не хапае іх у аграгарадку Вялікія Дольцы і іншых. Якое выйсце? Варыянтаў шмат, аднак у кожным канкрэтным выпадку іх павінны вызначаць старшыні сельвыканкамаў разам з жыхарамі і тлумачыць, што, напрыклад, праз пэўны час прыйдзе трактар, куды можна будзе выкінуць папярэдне сабраныя адходы, ці выкапаць у вёсцы яму, якая па меры напаўнення будзе закрывацца, ці падказаць людзям, куды можна выкідваць смецце замест ранейшага згніўшага кантэйнера. А галоўнае, дарэчы, пры ўзнікненні любога пытання — дакладна, даступна тлумачыць людзям, якім чынам яно будзе вырашана. Ці чаму не будзе. Ну а напэўна самыя распаўсюджаныя — гэта пытанні наконт дрэннага стану дарог. Усе вясковыя, як і пад’езды да іх, знаходзяцца на балансе камунгаса, а аплачваюцца за кошт сродкаў сельскага Савета. Па Глыбачанскім сельсавеце на добраўпарадкаванне яны ўжо практычна асвоены, прычым многа сёлета сабрана самімі жыхарамі і на канкрэтныя мэты, напрыклад, на ачыстку могілак ва Усвеі, Кісялях і Глыбачцы. А тыя сродкі, што засталіся, пойдуць на падсыпку дарог. Дачакаюцца сваёй чаргі гравійкі ў Шалапечыне, Васілевічах, як і Петухах, Двор Жарах і ўсіх тых, якія ўзяты на кантроль. Будуць думаць раённыя службы і аб тым, як зрабіць дарогу да могілак у Шчарбёнках, якой няма зусім. Ва ўсіх населеных пунктах будуць заменены ўязныя знакі.
На многія ж пытанні жыхароў адказы даваліся адразу падчас прыёмаў. Напрыклад, што бальніца ў Глыбачцы захаваецца ў тым выглядзе, як існуе, з ложкамі дзённага стацыянару, ну а калі ў пажылых людзей ёсць патрэба пралячыцца больш грунтоўна, то на тое ёсць раённая бальніца. Выказвалі жыхары Глыбачанскага сельсавета адну агульную падзяку — урачу Ганне Сямёнаўне Прыходзька за вяртанне ў бальніцу. Вельмі любяць свайго ўрача вяскоўцы не толькі за тое, што выдатны спецыяліст, як і казалі падчас прыёму — ад Бога, але і таму, што за працяглыя гады ўзначалення Глыбачанскай бальніцы ведае кожнага як сямейны ўрач. Ды і што значыць выпісаць рэцэпт тут, на месцы, калі раней трэба было ехаць ва Ушачы ці Дубраўку, якая хоць і недалёка, але без уласнага транспарту не дабрацца. Так што любыя пытанні вырашаюцца на карысць людзей, ці ўсе рэальныя. Бо ёсць і такія, дзе проста неабходна шукаць кампраміс. Лічу, што быў знойдзены ён у заявачным прынцыпе заезду аўтобуса ў Рацькава і Загаваліна. Вельмі зручны варыянт — збіраецеся ехаць, патэлефануйце загадзя ў сельвыканкам і закажыце аўтобус, жыхары ж у чарговы раз прасілі пастаянна пусціць да іх рэйсавы аўтобус, паколькі самі не ведаюць, паедуць яны ці не. На жаль, перавозіць паветра — недазволеная раскоша, стратныя рэйсы скарачаюцца, а жыхары названых вёсак не карыстаюцца і прапанаванай для іх магчымасцю заезду. Такім чынам самі адказваюць ці сапраўды так актуальна для іх пытанне з аўтобусам.
В.КАРАЛЕНКА