За многолетний добросовестный труд и высокие производственные показатели тракторист Кубличского лесничества В.С.Быков награждён Почётной грамотой Совета Министров Республики Беларусь

Ими гордятся Наш современник Экономика и малый бизнес

Калі ў каго з працаўнікоў Ушацкага лясгаса спытаць, «Ці ведаеце вы Васіля Быкава?», пераважная большасць, асабліва з ліку адміністрацыі, трактарыстаў і вадзіцеляў абавязкова ўдакладніць: «Нашага, ці яго цёзку-пісьменніка?». Сам жа Васіль Сямёнавіч Быкаў, трактарыст па падрыхтоўцы лесасек, тралёўцы і вывазцы лесу Ушацкага лясгаса на шостым дзясятку жыцця да параўнання са славутым земляком даўно прывык, тым больш што даводзіцца Народнаму пісьменніку Беларусі далёкім родным. «Дык амаль усе бычкоўцы адзін аднаму радня ў нейкім калене!» — шчыра ўсміхаецца мужчына, які прызнанне і павагу калег заслужыў выключна стараннай і сумленнай працай.

Калі пад’ехалі да штабелю з рознай драўнінай, складзенай на ўскрайку поля на мяжы Кубліцкага і Вялікадолецкага лясніцтваў, паразмаўляць з Васілём Сямёнавічам доўга не давялося: некалькі здымкаў — і ён зноў накіраваўся ў кабіну свайго трактара. Тлумачыць, што на 15-градусным марозе маніпулятар доўга прастойваць не можа, бо загусцее масла ў гідраўліцы і яго прыйдзецца разаграваць, ды і ў лесе чакае вывазу яшчэ не адзін кубаметр драўніны. Яна ў цялежцы яго МТЗ-82 была розная: і па два з паловай метры, і пяціметровая — Васіль Сямёнавіч не чакае, пакуль лесарубы нарыхтуюць драўніну аднаго памеру, бярэ на лесасецы ўсю запар, а сартуе ўжо непасрэдна ля штабеля.

Хуткасць і адказнасць пры выкананні работ — адна з асноўных прычын выдатных вынікаў працы, якіх В.С.Быкаў дабіваецца на працягу сваёй дзейнасці ў галіне лясной гаспадаркі, куды трапіў ужо ў даволі сталым узросце.

Перасеўшы ў студзені 1992 года з-за руля саўгаснага аўтамабіля ў кабіну тралёвачнага трактара Кубліцкага лясніцтва, Васіль Сямёнавіч у сціслыя тэрміны асвоіў новую спецыфіку дзейнасці і праз некаторы час ужо сам мог аказваць дапамогу маладым работнікам у набыцці навыкаў прафесіі. Цяга да тэхнікі ў яго з маленства, бо бацька ўсё жыццё адпрацаваў у гаспадарцы слесарам і механікам, на роднай кубліцкай зямлі ў паляводчай брыгадзе шчыравала маці. Адразу пасля заканчэння ў 1973 годзе Кубліцкай школы Васіль Сямёнавіч 4 месяцы навучаўся ў Лепелі на курсах вадзіцеляў, а атрымаўшы правы, яшчэ да арміі пайшоў працаваць у мясцовую гаспадарку на бензавоз. Пасля тэрміновай службы, як і большасць яго землякоў, вярнуўся на радзіму, працягваў шафёрскую справу ў «Кублічах». У канцы 70-ых у гаспадарцы не хапала механізатараў, таму без адрыву ад вытворчасці асвоіў і прафесію трактарыста, якая корміць яго ўжо больш 20 гадоў.

За сухімі афіцыйнымі словамі вытворчай характарыстыкі «шматгадовая добрасумленная праца» і «дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў» — тысячы кубаметраў перавезенага лесу і тры «з’езджаныя» трактары, нягледзячы на беражлівае і эфектыўнае выкарыстанне тэхнікі. Вопыт і строгае захаванне правілаў аховы працы і тэхнікі бяспекі дапамагаюць паспяховаму і датэрміноваму выкананню даведзеных заданняў: па выніках 2013 года Васіль Сямёнавіч вывез 6,7 тысячы метраў кубічных круглых лесаматэрыялаў і дроў пры заданні 5,5 тысячы, за першае паўгоддзе 2014 года — 3,3 тысячы метраў кубічных, пры заданні 2,9, па ўсім відаць, што перавыканае працаўнік планавыя лічбы і па выніках года.

Чалавек ён сціплы, пра сябе і свае дасягненні расказвае не вельмі ахвотна, кажа: «Шмат ўвагі для трактарыста…». Праўда, назваць Васіля Сямёнавіча проста трактарыстам будзе не зусім дакладна. Лепш сказаць — майстар на ўсе рукі. Трактар свой заўсёды сам рамантуе, дапамогі не чакае, можа і зварачныя работы выканаць, і таварышам дапамагчы словам і справай, за што і карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай не толькі ў працоўным калектыве, але і сярод жыхароў Кубліч, куды перабраўся з Бычкоў, калі пачаў самастойнае жыццё. У родную ж вёску наведваецца часта, бо слава Богу, жывыя яшчэ бацькі. А калі завітае да іх, то абавязкова спыніцца на некалькі хвілін і ля дома-сядзібы пісьменніка. «Стараюся, працую, каб прозвішча не ганьбіць!» — кажа Васіль Сямёнавіч.

За высокія паказчыкі ў працы ён неаднаразова ўзнагароджваўся кіраўніцтвам лясгаса і адзначаўся ў вышэйстаячых установах галіны. У 2012 годзе яму была аб’яўлена Падзяка міністра лясной гаспадаркі, у мінулым годзе атрымаў Ганаровую грамату Ушацкага лясгаса, а сёлета да прафесійнага свята працаўнікоў лесу Васіль Сямёнавіч Быкаў узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь!

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *