Вопросы снижения числа суицидов остаются актуальными для Ушачского района в решении проблем демографической безопасности

Выясняем ситуацию Демография

Сёлета на Ушаччыне зарэгістравана 9 суіцыдаў. Для параўнання: у 2013-м іх было 12. Страшна тое, што 7 самазабойцаў — людзі працаздольнага ўзросту. Здавалася б, жыві, працуй, будзь карысным для сям’і і дзяржавы, а мы іх губляем… Дарэчы, у раёне назіраецца заканамернасць — мужчыны на крок у бездань асмельваюцца значна часцей, чым жанчыны. Сёлета ўсе самазабойцы — прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва

Выхадным днём у двары адной ушацкай сям’і было ажыўлена. У госці да бацькоў прыехалі дзеці — разам абмяркоўвалі будучы рамонт дома і тое-сёе рабілі па гаспадарцы. За бытавымі клопатамі не заўважылі, як галава сям’і зайшоў у адрыну. А праз некаторы час усіх чакала жудасная вестка — мужчына здзейсніў самагубства. Што яго да гэтага падштурхнула, для блізкіх так і засталося загадкай. Меў выдатнае здароўе і даволі прэстыжную пасаду, хаця і ўжываў спіртное, але заўзятым алкаголікам не быў, на ўліку ў псіхіятра-нарколага не значыўся, ды і думак аб самагубстве ніколі не агучваў…

Насамрэч, існуе меркаванне, што чалавек, які адкрыта гаворыць пра свой намер пайсці з жыцця, звычайна гэтага не зробіць. Па словах спецыялістаў, у большасці выпадкаў грамадзяне выношваюць такія планы ў сабе. А прычыны для самагубства могуць быць самыя розныя. Як сведчыць статыстыка, сярод самых распаўсюджаных — невылечныя хваробы, страта блізкага чалавека, згасанне цікавасці да жыцця на фоне псіхічных расстройстваў, злоўжыванне алкаголем ці наркотыкамі, унутрысямейныя канфлікты і нераздзеленае каханне.

Некалькі слоў пра першы матыў, стаўленне грамадства да якога вельмі неадназначнае. З аднаго боку, можна зразумець людзей, якія пераносяць жудасныя пакуты ці не хочуць быць абузай для сваіх родных. З другога, жыццё — найвялікшая каштоўнасць, дадзеная Богам, нездарма царква лічыць самагубства адным з найвялікшых грахоў.

Ёсць людзі, якія з-за цяжкай хваробы не падымаюцца з ложку гадамі, але змагаюцца за кожны дзень свайго існавання. А ёсць тыя, хто бяздумна марнуе яго, злоўжывае алкаголем. Як сведчыць статыстыка, у пяці з дзевяці сёлетніх выпадках суіцыдаў у нашым раёне іх ахвяры знаходзіліся ў нецвярозым стане.

— Некаторыя грамадзяне, на жаль, у цяжкай жыццёвай сітуацыі цягнуцца за чаркай, — кажа ўрач псіхіятр-нарколаг Ушацкай ЦРБ Вадзім Наўцэня. — А рабіць гэтага ні ў якім разе нельга! Ужыванне спіртных напіткаў хаця і можа крыху аблегчыць перажыванні чалавека, але ж толькі на непрацяглы час, а вось праблемы са здароўем пасля такіх «лячэбных» працэдур узнікаюць вельмі сур’ёзныя.

Наступныя два выпадкі, якія адбыліся некалькі гадоў таму ў адным з завулкаў райцэнтра, таксама звязаны з празмерным ужываннем грамадзянамі алкаголю. Смерць мужа ўшачанка цяжка перажывала, а гора «тапіла» ў бутэльцы. Цяга да спіртнога хутка ўвайшла ў звычку, што прывяло да развіцця псіхічных расстройстваў, з-за якіх яна скончыла жыццё самагубствам. Любіў выпіць і сусед грамадзянкі, што вельмі абурала яго блізкіх. У ходзе сямейных скандалаў мужчыну неаднойчы папракалі тым, што ён сваімі звычкамі ганьбіць гонар сям’і. Вось і вырашыў ушачанін у чарговым п’яным угары прывесці ў дзеянне выслоўе «няма чалавека — няма праблемы».

У цяжкай для сябе жыццёвай сітуацыі таксама не падумаў пра блізкіх малады ўшачанін (месца алкаголю ў гэтай сітуацыі не было). Калі трагічна загінула жонка, ён вырашыў, што не зможа вынесці такога выпрабавання лёсу і па сваёй волі пайшоў услед за каханай… Бацькі хлопца, якія пахавалі спачатку нявестку, а потым сына, па сённяшні дзень, хоць і прайшло ўжо нямала часу, «чорныя» ад гора. Ледзь не прывялі да трагедыі пачуцці яшчэ адной ушацкай сямейнай пары, праўда, ужо не маладой. Даведаўшыся, што муж сур’ёзна захварэў, жонка вырашыла, што жыццё без яго не будзе для яе мець сэнсу, а таму кінулася ў калодзеж. На шчасце, у гэтай сітуацыі ўсё абышлося: і дзядуля хутка паправіўся, і бабулю выратавалі — а нядаўна пара адзначыла залатое вяселле. Дарэчы, выпадкаў, калі патэнцыяльных самазабойцаў удаецца вярнуць з таго свету, хапае. Вось і сёлета на Ушаччыне іх было тры. Каб прадухіліць паўтарэнне спроб суіцыду ў гэтых грамадзян, з імі актыўна працуюць медыкі.

Напэўна, ніхто не стане спрачацца з тым, што самае страшнае, калі крок у бездань робяць дзеці і падлеткі. На шчасце, у нашым раёне сёлета такіх выпадкаў не было, а вось у рэспубліцы іх зарэгістравана больш за 30. Прычым, многія трагедыі адбыліся ў добранадзейных сем’ях.

— Дзеці і падлеткі — вельмі ўспрымальныя асобы, — кажа В.Наўцэня. — Праблемы ў зносінах з сябрамі і аднакласнікамі, нераздзеленае каханне ці нават дрэнная адзнака ў школе могуць вывесці іх з раўнавагі і стаць прычынай самагубства. Таму бацькам трэба быць максімальна ўважлівымі да стану дзяцей. Не крычыце на іх за неідэальныя паводзіны ці прабелы ў ведах, як мага часцей цікаўцеся іх навінамі, адкрыта абмяркоўвайце праблемы і праводзьце больш часу разам.

Трэба дадаць, што заўсёды «трымаць руку на пульсе» трэба і блізкім тых грамадзян, у сем’ях якіх былі самагубцы: існуе меркаванне, што схільнасць да суіцыдаў перадаецца на генным узроўні. На жаль, ёсць падобныя прыклады і на Ушаччыне.

Трагедыя можа адбыцца ў любой сям’і, калі там пачынае панаваць неразуменне. Мы часта гаворым рэзка, эмацыянальна, не чуем блізкіх, або ў нас няма для гэтага часу. А яны папярэджваюць, просяць пра дапамогу, праўда, часам робяць гэта без слоў. Калі вы заўважылі ў паводзінах блізкіх штосьці падазронае, звярніцеся да спецыяліста.

Вас пачуюць

Экстранная псіхалагічная дапамога насельніцтву аказваецца па наступных «тэлефонах даверу»:

Ушачы: 2-03-44 (з 8 да 18 гадзін); 2-75-57 (з 18 да 8 гадзін);

Віцебск: 8(0212) 43-22-93 (кругласутачна);

Полацк: 8(0214) 43-22-20 (з 8 да 20 гадзін);

Наваполацк: 8(0214) 43-22-20 (з 8 да 20 гадзін);

Мінск: для дарослых 8 (017) 290-44-44, 8 (017) 290-43-70 (кругласутачна);

для дзяцей і падлеткаў 8 (017) 246-03-03, 8 (801) 100-16-11 (кругласутачна).

Падрыхтавала К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *