Житель дома № 4 деревни Граденец Н.Винник несколько месяцев добивается от работников коммунальной службы качественного выполнения работ по содержанию подъезда

Выясняем ситуацию Читатель поднимает проблему

Напэўна, кожны жыхар шматпавярхоўкі марыць аб чыстым і ўтульным пад’ездзе, які з’яўляецца арганічным «працягам» кватэры. Хай сабе не з дыванамі і аранжарэямі (хаця ёсць ва ўшацкіх дамах і такія), але хаця б з нармальнымі вокнамі і працуючым асвятленнем. Барацьбу за тое, каб яго пад’езд меў прыстойны выгляд, не адзін месяц вядзе з камунальнікамі жыхар дома №4 вёскі Градзянец Мікалай Віннік. Асаблівую занепакоенасць мужчыны выклікаюць вокны са старымі паўзгніўшымі рамамі, шкло з якіх, на яго думку, у любы момант можа зваліцца каму-небудзь на галаву. Да таго ж вокны вельмі брудныя, пакрытыя павуціннем, і хоць па існуючых правілах іх павінны мыць раз у год, відавочна, што гэта не рабілася вельмі даўно. Жыхары ж пад’езда мыць вокны не рызыкуюць, бо баяцца адкрываць аварыйныя рамы. Дарэчы, Мікалай Мікалаевіч нядаўна падаваў заяўку на замену пабітага шкла ў акне пад’езда, якую работнікі ЖКГ выканалі даволі спецыфічна, саставіўшы новую шыбу з некалькіх кавалкаў старога шкла. Гэткая «мазаіка» жыхара абурыла: «Напэўна, зрабіць такое ў пад’ездзе больш «прэстыжнага» дома сабе б не дазволілі. А тут, у Градзянцы, можна выканаць работу абы з рук…» А вось неаднаразовыя заяўкі Мікалая Мікалаевіча наконт замены лямпачак у пад’ездзе ўвогуле застаюцца незаўважанымі. «Звяртаўся да дыспетчара і летам, і восенню, аднак справа не зрушылася. Зразумела, накіроўваць электрыкаў у Градзянец толькі для такой дробязі немэтазгодна, але ж літаральна на днях бачыў, як гэтыя спецыялісты працавалі ля нашых дамоў, хіба нельга было за адным разам выканаць і маю заяўку?» З аналагічнай праблемай, дарэчы, сутыкаюцца многія жыхары, якія месяцамі атакоўваюць камунальнікаў просьбамі наладзіць у пад’ездзе асвятленне, аднак вымушаны навобмацак прабірацца да сваіх дзвярэй, рызыкуючы пагоршыць статыстыку траўматызму, ці самастойна мяняць лямпачку. Да непрыемных наступстваў могуць прывесці і незачыненыя электрашчыты ў пад’ездах. Па правілах, паказанні лічыльнікаў жыхарам варта здымаць праз спецыяльныя акенцы, сам жа шчыт павінен быць закрыты на зашчэпку. Аднак выконваецца гэта нячаста. Вось і на лесвічнай пляцоўцы ля кватэры Віннікаў праз адно акенца шчыта лічыльнік не відаць, другое ж увогуле замазана фарбай, а замест зашчэпкі ўкручаны самарэз, таму каб паглядзець паказанні лічыльніка, жыхарам неабходна штораз карыстацца адвёрткай.

Зразумела, большасць з агучаных нашым чытачом праблем не назавеш невырашальнымі, і «хранічнага» канфлікту паміж ім і камунальным прадпрыемствам магло б не быць, каб заяўкі грамадзяніна выконваліся своечасова і якасна.

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *