Успешно выступили на одиннадцатом международном турнире по дзюдо памяти тренера В.И.Гракова юные воспитанники Ушачской ДЮСШ

Cпорт Наши дети

Адкрыты міжнародны турнір юных дзюдаістаў памяці трэнера У.І.Гракава, які сёлета праходзіў у адзінаццаты раз, традыцыйна збірае моцны састаў удзельнікаў. 28-29 лістапада ў абласным цэнтры за першынство ў розных узроставых групах змагаліся каманды гаспадароў, дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ Дуброўна, Полацка, Наваполацка, Докшыц, Оршы, Ушач, Магілёва, Мінска, Вялікіх Лукаў і Смаленска. У выніку вялікага прадстаўніцтва каманд колькасць удзельнікаў у асобных вагавых катэгорыях склала па 20 і больш чалавек. Улічваючы такі ўзровень канкурэнцыі ўдалым можна назваць выступленне на турніры выхаванцаў Ушацкай ДЮСШ.

У спаборніцтвах хлопчыкаў 2004-2006 гадоў нараджэння Іван Кабяк (трэнер — Дзмітрый Васільевіч Гардзіёнак) атрымаў пяць перамог запар, саступіў у схватцы за ўдзел у галоўным паядынку, аднак выдатна вёў барацьбу ў малым фінале і заваяваў «бронзу» турніру. Зусім крыху не хапіла для перамогі Уладзе Хрэбто (трэнер — Таццяна Леанідаўна Клопава), якая толькі ў фінале не змагла адолець моцную саперніцу з Полацка. У другі дзень турніру парадавалі паспяховымі выступленнямі свайго трэнера Вікторыю Мікалаеўну Джураеву хлопчыкі. У катэгорыі вагой да 38 кілаграмаў перамог Іван Броўка, які разам з медалём за першае месца атрымаў ад арганізатараў турніру спецыяльны прыз «За волю да перамогі». Бронзавыя медалі ў катэгорыях вагой да 34 і 42 кілаграмаў заваявалі Максім Малак і Ілья Каваленка.

Усяго ў турніры прымалі ўдзел 14 выхаванцаў нашай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Крыху не хапіла да ганаровага п’едэсталу Ільі Вяр’ясаву, Эльвіры Падгола, Насці Новікавай, не трапілі ў прызёры, але добра змагаліся з моцнымі сапернікамі Антон Кісель, Павел Качан, Дзмітрый Федарэнка і Дзмітрый Адамовіч. Зараз юныя дзюдаісты трэніруюцца і рыхтуюцца да новых стартаў. Іх наперадзе шмат, бо як адзначылі арганізатары прайшоўшага турніру, узровень падрыхтоўкі выхаванцаў нашай ДЮСШ дазваляе ім прымаць удзел у розных спаборніцтвах высокага ўзроўню.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *