Магазин УП «Медтехника» расположенный в здании Ушачской ЦРБ предлагает покупателям большой выбор изделий медицинского назначения

Здравоохранение Калейдоскоп

Некалькі год таму стала сведкай такой сітуацыі: узрушаная жанчына зайшла ва ўшацкую аптэку і паведаміла аб сваёй праблеме — прыехала да бацькоў на аўтамабілі, але выпадкова пабіла акуляры, без якіх не можа рушыць у зваротны шлях. Прапанаваны сціплы асартымент гарадскую аўтаўладальніцу не задаволіў, у выніку яна ўсё ж набыла больш-менш падыходзячыя акуляры — маўляў, як-небудзь даеду, а ў горадзе куплю нармальныя…

Думаецца, у цяперашні час такая сітуацыя атрымала б іншы працяг, бо і ўшачане, і госці раёна маюць магчымасць выбраць акуляры, кантактныя лінзы па сваім гусце і кошце. Прычым, набыць падобныя тавары можна як у цэнтральнай аптэцы, так і ў спецыялізаваным магазіне «Оптыка», які знаходзіцца на першым паверсе райбальніцы ля прыёмнага пакою. «Зараз мы прапануем нашым пакупнікам каля двухсот апраў беларускай, расійскай і італьянскай вытворчасці — металічных і пластыкавых, класічных і стыльных, дарослых і дзіцячых, па кошце ад 74 да 290 тысяч рублёў», — расказвае загадчыца гандлёвай кропкі Святлана Пятроўна Палонская. У магазіне можна набыць ці заказаць акуляры і кантактныя лінзы любых дыяптрый, да таго ж пацыентам вельмі зручна, атрымаўшы рэцэпт акуліста, прыйсці з ім у размешчаную ў тым жа будынку «Оптыку».

Карысны гэты магазін не толькі тым, хто мае праблемы са зрокам. УП «Медтэхніка г.Віцебск», якому належыць гандлёвая кропка, пастаўляе сюды вялікі пералік вырабаў медыцынскага прызначэння: танометры, глюкометры, інгалятары, масажоры, кастылі, шпрыцы, перавязачны матэрыял, гумавыя пальчаткі і шмат чаго іншага. Аператыўна з’яўляюцца на тутэйшых паліцах і перспектыўныя распрацоўкі айчыннай медыцынскай тэхнікі. Да такіх, прынамсі, можна аднесці амбліастымулятар для прафілактыкі і лячэння хвароб вачэй «АІСТ», аплікатар «Калючы лекар» — эфектыўны сродак комплекснай тэрапіі пры розных захворваннях і траўмах.

Такім чынам, ушачанам не абавязкова ехаць у горад, каб набыць патрэбную медтэхніку, яны нават маюць выбар, дзе купіць медыцынскі тавар, які больш задаволіць іх па якасці і кошце.

Н.БАГДАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *