Старейшина деревни Поповка Ушачского сельсовета Василий Данилович Асташёнок: «Люблю родную деревню и своих земляков!»

Наши земляки Саветы і жыццё Экономика и малый бизнес

Добры старэйшына — памочнік, дарадца і вяскоўцаў, і мясцовай улады. Менавіта такія людзі абраны на пасаду кіраўніка вясковага самакіравання ва ўсіх населеных пунктах Ушацкага сельсавета. Але сярод іншых вылучае старшыня Ушацкага сельвыканкама Васіль Іванавіч Шнітко старэйшыну Папоўкі Васіля Данілавіча Асташонка, чалавека са складаным лёсам, які нягледзячы на ўсе выпаўшыя на яго долю цяжкасці захаваў цвёрдыя прынцыпы справядлівасці, павагі да працы і акружаючых.

Невялічкая вёсачка, размешчаная на мяжы з Полацкім раёнам, ведала часы, калі яна была цэнтрам калгаса «Чырвоны маяк» — пасля Вялікай Айчыннай вайны тут налічвалася каля 40 двароў, а пражывала чалавек пад 200! «Многа дзяцей было, у маладых сем’ях па тры і больш», — успамінае В.Д.Асташонак нялёгкія гады юнацтва. Сваю маці, якая зусім маладой памерла ад інфекцыі і пакінула на бацьку двух малых сыноў, ён не памятае. А вось старэйшага брата, згінуўшага дзесьці на прымусовых работах у Германіі, узгадвае часта:

— Магчыма, ён мне жыццё выратаваў, — дрыжыць голас Васіля Данілавіча. — Калі немцы забіралі моладзь у вёсцы, канваір на хвіліну адхіліўся і брат мяне запіхнуў у натоўп жанчын і старых, а што стала з ім — да сённяшняга дня не ведаю…

Ад тыфу памерла мачаха, і хлопец застаўся адзін са сляпой бабкай на руках, бо бацька быў на фронце, а больш родных яны не мелі. Цяжка было, кажа, на цяперашні час і не верыцца, што выжылі, дачакаліся заканчэння вайны, калі пачалі вяртацца мужчыны. Іх для аднаўлення разбуранай гаспадаркі раёна катастрафічна не хапала, таму бацька Васіля Данілавіча быў накіраваны ў цяслярскую брыгаду, будаваў калгасныя аб’екты на Мосаршчыне, хоць у мірным жыцці быў шаўцом. Наступствы цяжкага ранення лёгкіх і кантузіі, канечне, адбіліся на здароўі — праз некалькі год працы мужчына захварэў і неўзабаве памёр.

— У 1949 годзе, калі я пахаваў бацьку, афіцыйна мне было 17 год, — працягвае Васіль Данілавіч. — Хаця на самой справе на свет я з’явіўся зімой 1930 года, але па пашпарце маё нараджэнне датуецца маем 1932.

Праз год, пасля афіцыйнага дасягнення паўналецця, Васіль Данілавіч стварыў уласную сям’ю. З маленства прывучаны да ўсіх відаў работ, старанна працаваў у калгасе. Руплівасць маладога хлопца была заўважана — яго паставілі спачатку ўлікоўцам, а з 1957 года перавялі на пасаду брыгадзіра комплекснай брыгады. З пачатку 60-ых, пасля ўзбуйнення гаспадарак, Васіль Данілавіч быў назначаны загадчыкам жывёлагадоўчага комплексу ў Глыбачцы, а на заслужаным адпачынку знаходзіцца больш двух дзесяцігоддзяў.

Пасля смерці жонкі вось ужо сем год В.Д.Асташонак зноў жыве адзін, але ў памяці часы, калі яго ўтульная хата, пабудаваная ўласнымі рукамі, была напоўнена звонам галасоў двух хлопчыкаў і дзвюх дзяўчынак. Няма большага гора для бацькоў, чым хаваць сваіх дзяцей, а Васілю Данілавічу давялося перажыць яго двойчы — неспадзявана рана пайшлі з жыцця сыны…

Пахаваны яны на могілках у Глыбачцы, дзе дзякуючы актыўнасці і арганізатарскім здольнасцям В.Д.Асташонка і дапамозе Ушацкага сельвыканкама праведзена вялікая работа па добраўпарадкаванні. Прымалі ўдзел у суботніках па навядзенні парадку не толькі жыхары Глыбачкі і Папоўкі, але і Крошына. Падсыпалі пад’езд да месцаў пахавання, высеклі кустоўе, устанавілі агароджу і спалілі смецце — полымя і дым былі такія, што па словах Васіля Данілавіча, «аж леснікі прыязджалі глядзець: думалі — пажар!». Зараз на могілках падтрымліваецца належны стан, людзі прызвычаіліся не пакідаць смецце і ўбіраць за сабой.

«Паважаю чысціню», — кажа мужчына, які ніколі не дзяліў справу на мужчынскую і жаночую, таму і ў хаце, і ля хаты ў яго заўсёды парадак. Перыядычна праводзіць і «інспектарскую праверку» ля падворкаў аднавяскоўцаў, для якіх ён — сапраўдны аўтарытэт. Дачнікі, што ў цёплую пару года складаюць палову вёскі, турбот не дастаўляюць, тым больш што многія з іх мясцовага паходжання. Некаторыя толькі зімой перабіраюцца ў гарады, а ўлетку нічым не адрозніваюцца ад мясцовых жыхароў — смецце абы-куды не выкідаюць, траву ля сядзіб абкошваюць, дамы і агароджы фарбуюць і даглядаюць.

Хоць і прывык мужчына спадзявацца ў першую чаргу на сябе і лічыць гэта правільным, але да пытанняў іншых жыхароў вельмі нераўнадушны, кажа «пасада абавязвае». Вось ужо больш 10 год яны звяртаюцца да свайго старэйшыны па самых розных праблемах: не працуе тэлефон, патрэбна даведка з нейкага дзяржаўнага органа і іншае. Наогул, як паведамілі ва Ушацкім сельвыканкаме, жыхары Папоўкі без кансультацыі з В.Д.Асташонкам ім нават і тэлефанаваць не будуць, а так: «Данілавіч казаў да вас звяртацца!».

— У аўтакраме тавараў хапае, якіх няма, можна заказаць, дарогу чысцяць і грэйдзіруюць, тэлефонная сувязь нармальная, пошта выдатна працуе… Вось і выходзіць, што не вельмі і шмат у мяне абавязкаў: за парадкам глядзець, каб лямпачкі ў ліхтарах мянялі, ды сходы арганізоўваць, — сціпла ацэньвае сваю дзейнасць Васіль Данілавіч. — І хоць гадоў мне ўжо шмат, гэта не ў цяжар — люблю родную вёску і сваіх землякоў!

Д.РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *