Победителем интеллектуальной игры брейн-ринг среди комманд работающей молодёжи стали активисты БРСМ из ОАО «Ильюшинский»

В общественных организациях Образование и молодежь

«Што чалавек двойчы ў жыцці атрымлівае бясплатна, а на трэці раз плаціць немалыя грошы?» Гэтае пытанне прывяло ў замяшанне ўдзельнікаў нядаўняга брэйн-рынга — прадстаўнікоў працоўнай моладзі раёна, актывістаў БРСМ. Падчас конкурснай праграмы «ўзяць» яго не змагла ні адна каманда, аднак правільны адказ (зубы) спадабаўся ўсім без выключэння. Прынамсі, падобных пытанняў, якія патрабавалі ад маладых людзей не толькі глыбокіх ведаў, але і кемлівасці, было дастаткова. Многія з іх эрудыты Ушаччыны шчоўкалі, як арэшкі, прычым рабілі гэта за лічаныя секунды.

Правядзенне брэйн-рынга сярод членаў БРСМ у нашым раёне ўжо стала традыцыйным. Прыемна, што сёлета за званне самай інтэлектуальнай змагалася ажно шэсць каманд. Прычым, прадстаўлены былі працоўныя калектывы самых розных арганізацый Ушаччыны: ААТ «Ільюшынскі», райаддзелаў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, лясгаса, райгаза, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама (далей — аддзел райвыканкама).

Расслаблена адчувалі сябе падчас паўфінальнай гульні з лясгасаўцамі выратавальнікі, за што і паплаціліся «сухім» лікам не на сваю карысць. Рэабілітавалася ж каманда толькі пад канец гульні, калі пры адсутнасці правільнага адказу ў фіналістаў беспамылкова агучвала яго. З самага пачатку не задалася гульня і ў прадстаўнікоў райаддзела міліцыі. Хаця і ведалі хлопцы адказы на большасць пытанняў, аднак даць іх першымі не пакінула шансаў «рэактыўная» каманда аддзела райвыканкама. Адбілася на выступленні праваахоўнікаў і меншая ў параўнанні з астатнімі колькасць ігракоў: з-за напружанага рабочага графіку прыняць удзел у брэйн-рынгу змаглі толькі трое (замест пяцярых). Няпоўны склад каманды згуляў злы жарт і з навічкамі гульні, работнікамі райгаза, — апярэдзіць вопытных ільюшынцаў стала для іх непасільнай задачай.

Вельмі напружанай выдалася барацьба падчас фінальнай гульні. На першых парах лідарства ўпэўнена захапілі юнакі і дзяўчаты з аддзела райвыканкама. Своечасова актывізаваліся мінулагоднія пераможцы брэйн-рынгу — каманда ААТ «Ільюшынскі». Не спалі ў шапку і работнікі лясгаса, якія, заручыўшыся падтрымкай прысутных, таксама паступова падцягвалі пазіцыі. І ўсё ж па колькасці набраных балаў першае месца заняла каманда ільюшынцаў, другое — у моладзі аддзела райвыканкама, трэцяе — у лясгасаўцаў. Усе яны атрымалі ад райкама БРСМ граматы і каштоўныя падарункі — кававаркі. Салодкімі прэзентамі адзначаны і астатнія ўдзельнікі мерапрыемства.

— Дзякуй усім за добрую гульню, — адзначыла, падводзячы вынікі сустрэчы, выконваючы абавязкі першага сакратара райкама БРСМ Ірына Ціханава. — Жадаю вам выдатнага настрою, азарту ў вачах і нацэленасці на новыя перамогі. А перажыць яркія эмоцыі ў моладзі раёна яшчэ будзе шанс, і не адзін!

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *