3 декабря — день инвалидов Республики Беларусь

Здравоохранение Официально

Вакол нас шмат людзей, што па розных прычынах пазбаўлены магчымасцяў, якія ёсць у здаровых. Кожны дзень ім даводзіцца змагацца з праблемамі, якія для большасці людзей незнаёмыя. Нягледзячы на гэта інваліды маюць актыўную жыццёвую пазіцыю, праяўляюць сябе ў працы, творчасці, спорце, іншых сферах жыцця.

Зараз у раёне пражывае 824 чалавекі з абмежаванымі магчымасцямі, з іх 104 – інваліды першай групы, 397 – другой, 281 – трэцяй, дзяцей-інвалідаў – 42.

Сацыяльная абарона інвалідаў — адзін з прыярытэтных накірункаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі. Сярэдні памер пенсіі па інваліднасці за лістапад склаў 2 мільёны 405 тысяч 106 рублёў. Спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама садзейнічаюць у працаўладкаванні грамадзян з абмежаванымі магчымасцямі: за два апошнія гады працоўныя месцы атрымалі 8 інвалідаў, аднаму сёлета аказана фінансавая дапамога ў выглядзе субсідыі на адкрыццё прадпрымальніцкай дзейнасці. Пяцёра інвалідаў працаўладкаваны на спецыялізаваныя працоўныя месцы, створаныя ТЦСАН Ушацкага раёна. За бягучы перыяд 2014 года 18 жыхароў раёна з гэтай катэгорыі грамадзян забяспечаны тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі.

Падтрымку і дапамогу людзям з абмежаванымі магчымасцямі ва Ушацкім раёне традыцыйна аказваюць спецыялісты аддзялення сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага прабывання інвалідаў, якое ў 2012 годзе адкрылася ў Градзянцы. Зараз у аддзяленне залічана 16 чалавек з абмежаванымі магчымасцямі, трое інвалідаў абслугоўваецца на доме. Тут функцыянуюць сем гурткоў (дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Святліца», «Камп’ютарная грамата», «Здароўе», «Эрудыт», «Медыцынская падрыхтоўка», «Дамаводства», «Свет дэкупажу»), дзве працоўныя майстэрні (па вырабе плеценых кошыкаў з драўніны і сувенірнай прадукцыі з гіпсу), арганізавана сумесная работа з Домам рамёстваў, «Форэстгандлем», створаны камп’ютарны клас і клуб зносін «Пазітыў», працуюць выязныя гурткі. Інваліды, якія наведваюць аддзяленне, удзельнічаюць у раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах і выставах. Так, напрыклад, 28 лістапада бягучага года ў Мінску адбылося мерапрыемства, прысвечанае 90-годдзю ГА «БелТІЗ». Учора ўшачане прынялі ўдзел у міжрэгіянальным фестывалі творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі «Зорка надзеі». А сёння, 3 снежня, у цэнтральнай бібліятэцы імя Е.Лось арганізавана мерапрыемства, прысвечанае Дню інвалідаў. Атрымаць кансультацыю спецыялістаў аддзялення можна па нумары 2-99-73.

Думаецца, калі кожны з нас хоць аднойчы працягне руку дапамогі людзям з абмежаванымі магчымасцямі, праблем у іх стане менш, а жыццё — крышачку дабрэйшым.

А.ХВАШЧЭЎСКАЯ, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *