Новости региона

Общество

ПАЗАЧАРГОВАЯ СЕСІЯ

раённага Савета дэпутатаў адбылася ў аўторак, 25 лістапада. Падчас яе дэпутаты прагаласавалі за пераразмеркаванне бюджэтных сродкаў, абмеркавалі праект рашэння па падаткаабкладанні на 2015 год, зацверджана палажэнне пастаянных камісій раённага Савета дэпутатаў, а таксама дадзены дазвол прыватным фірмам на нарыхтоўку смаўжоў і рака даўгапалага. Так, здабычу рака на арэндных азёрах Матырына і Салонец будзе ажыццяўляць прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «ТэхнаКрас», якое і выйграла тэндар, у межах не больш 230 і 200 кілаграмаў у год з наступнай рэалізацыяй іх у гандлёвых сетках, у тым ліку і Ушацкага райспажыўтаварыства, што прапісана ў дагаворы як абавязковая ўмова. Можа вылоўліваць ракаў на гэтых вадаёмах і насельніцтва ў аб’ёме не большым за 2 кілаграмы.

У гэты ж дзень адбылася вучоба дэпутатаў і старшынь сельскіх Саветаў дэпутатаў па правах і абавязках дэпутата, па рабоце са зваротамі грамадзян і выкананні дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі Дэкрэта №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях».

ІЛЬГОТНЫМІ КРЭДЫТАМІ

на рэканструкцыю і рамонт жылых памяшканняў, якія дзяржава кампенсуе «Беларусбанку», з 2007 года — моманту падпісання 75 Указа Прэзідэнта, скарысталася 709 ушачан. Толькі сёлета на гэтыя мэты было выдзелена 2 мільярды 600 мільёнаў рублёў. У гэтым годзе новыя крэдытныя лініі адкрывацца не будуць, паколькі закончыўся гадавы аб’ём сродкаў, выдзеленых раёну.

ПРАМЫЯ ЛІНІІ

У аўторак, 2 снежня, «прамую лінію» з жыхарамі раёна правядзе начальнік аддзела загса Ушацкага райвыканкама Алена Мікалаеўна МАЛАШЧАНКА. Тэлефанаванняў па нумары 2-77-85 яна будзе чакаць з 10.00 да 11.00.

* * *

У сераду, 3 снежня, на «прамой лініі» будуць знаходзіцца:

начальнік аддзела ўнутраных спраў Ушацкага райвыканкама Сяргей Аляксандравіч АЛАБІН. Тэлефануйце па нумары 2-73-61 з 11.00 да 12.00;

дырэктар РВУ «Ушачырайгаз» Аляксей Яўгенавіч КАВАЛЁЎ. Тэлефануйце па нумары 2-09-32 з 12.00 да 13.00.

“ЕЎРОПА” ЗАБРАНІРАВАНА

У кафэ «Еўропа» трапіць на Навагоднюю ноч не атрымаецца — яно ўжо заказана, паколькі, як вядома, аддзел грамадскага харчавання райспажыўтаварыства загадзя прымае заяўкі на правядзенне святочных карпаратываў. Сёлета яны таксама будуць з музычным суправаджэннем незалежна ад дня тыдня. Ну а практыка паказвае, што чым бліжэй да Новага года, тым меней выбар.

ТОРЦІК У 200 ГРАМАЎ

Ці бываюць такія? Аказваецца, што бывае і нават удвая меншы, усё залежыць ад жадання пакупніка. Справа ў тым, што ў магазіне «Кулінарыя» можна не толькі заказаць торт на 5 ці 3 кілаграмы, а таксама любой формы, але і адрэзаць ад стандартнага кавалак пажаданай вагі. Зручна, калі вы ўсё ж кантралюеце ўжыванне беленькага і салодкага.

РАЙКАМ БРСМ ПЕРАЕХАЎ

Райкам БРСМ, які дагэтуль размяшчаўся ў будынку Дома Саветаў, змяніў «месца прапіскі». Зараз ён знаходзіцца па адрасе: г.п.Ушачы, вул.Ленінская, д.14 (будынак РКБА), кабінет №5; тэлефон: 2-77-84. Дарэчы, нядаўна з’явіўся ў раёне і новы маладзёжны лідар — пасаду выконваючага абавязкі першага сакратара райкама БРСМ займае Ірына Анатольеўна Ціханава.

ПРЫЁМ НАТАРЫЎСАМ У АГРАГАРАДКАХ

у аграгарадках у снежні будзе ажыццяўляцца па наступным графіку: Ільюшына — 5, Арэхаўна — 9, Вяркуды — 16, Вялікія Дольцы — 19, Кублічы — 23, Глыбачка — 26 снежня. Не забывайцеся папярэдне падаваць заяўкі ў мясцовыя сельвыканкамы, прыём адбываецца, калі іх паступіла не меней пяці, у выключных выпадках (для аказання юрыдычнай дапамогі інваліду, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны, а таксама асобам з парушэннямі апорна-рухальнага апарату) — па адной заяўцы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *