В г.п.Ушачи открылось новое здание районного суда

Закон - один для всех Общество Официально

У сераду, 26 лістапада, ва ўрачыстай абстаноўцы адкрыўся суд Ушацкага раёна. А па сутнасці — цэнтр прававых паслуг, паколькі тут пад адным дахам змешчаны такія патрэбныя людзям службы, як адвакатура, натарыяльная кантора, аддзел прымусовага выканання і непасрэдна суд. «У новым сучасным будынку не толькі створаны выдатныя ўмовы працы для работнікаў суда. Ён упрыгожыў горад, але, галоўнае, будзе зручным аб’ектам для людзей», — сказаў падчас адкрыцця суддзя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь В.А.Сукала. — Сёння ў нас ва ўсіх агульнае свята. І я спадзяюся, што тут ніколі не будзе неабгрунтаваных скарг, што гэта будзе сапраўдны дом правасуддзя, дзе будуць уладарыць законнасць, справядлівасць і міласэрнасць».

Распачатае ў 2011 годзе будаўніцтва паспяхова завяршылася сёлета дзякуючы падтрымцы Прэзідэнта і ўключэнні аб’екта ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму Рэспублікі Беларусь, а таксама непасрэднаму ўдзелу старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Валянціна Алегавіча Сукалы, — зазначыў у прамове на адкрыцці старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, член пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы А.М.Косінец. Аляксандр Мікалаевіч падкрэсліў, што ў кожным раёне вобласці сёлета адкрыты новыя значымыя для людзей аб’екты, што на сацыяльную сферу выдаткоўваецца 59 працэнтаў бюджэтных сродкаў і што ў вобласці робіцца ўсё, каб выконваць прагнозныя сацыяльна-эканамічныя паказчыкі і дастойным быў узровень жыцця людзей Прыдзвінскага краю.

Губернатар пажадаў поспехаў работнікам Ушацкага суда і не ўсумніўся ў іх прафесіяналізме. «Суддзі Віцебскай вобласці як ніхто ведаюць, дзе трэба ставіць коску ў фразе: «Пакараць нельга памілаваць», паколькі ўся судовая сістэма вобласці працуе на абарону законных правоў грамадзян. А толькі за першае паўгоддзе на Віцебшчыне разгледжана 2512 крымінальных, 21664 адміністрацыйных і 13412 грамадзянскіх спраў, — адзначыў Аляксандр Мікалаевіч. — Разам з асноўнай дзейнасцю судовыя работнікі вядуць актыўную прававую прапаганду, іх дзейнасць шматгранная і складаная, патрабуе асаблівага складу мыслення, шмат абмежаванняў і самаабмежаванняў».

На наваселле прынята дарыць падарункі. І іх было многа, напрыклад, сучасныя халадзільнік і камп’ютар старшыня суда Ушацкага раёна Фадзей Анатольевіч Зінькевіч атрымаў ад кіраўніка вобласці і старшыні Вярхоўнага Суда. В.А. Сукала падзякаваў усім, хто меў дачыненне да ўзвядзення новага памяшкання. Падзякі старшыні Вярхоўнага Суда былі ўручаны старшыні Ушацкага райвыканкама Віктару Віктаравічу Родзічу, дырэктару ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Аляксандру Сяргеевічу Лосеву, дырэктару ПМК-66 Паўлу Аляксандравічу Арлоўскаму, начальніку «Ніксілбуда» Мікалаю Мікалаевічу Бабаедаву, начальніку ААТ «Аддзелачнік-26» Генадзю Міхайлавічу Зайцаву. Брыгадзір брыгады цясляроў-бетоншчыкаў Аляксандр Вітальевіч Касіч і майстар ПМК-66 Іна Валер’еўна Шальдо, цясляр «Ніксілбуда» Мікалай Віктаравіч Красноў і галоўны інжынер ААТ «Аддзелачнік-26» Вячаслаў Фёдаравіч Шніпаў атрымалі каштоўныя падарункі.

Зразумела, што не абышлося ў гэты дзень без уручэння караваяў, перадачы сімвалічнага ключа ад будаўнікоў старшыні суда Ушацкага раёна, пераразання чырвонай стужкі, знаёмства з новым памяшканнем і інтэрв’ю прэсе, якое ў новым зале для пасяджэнняў даў старшыня Вярхоўнага Суда. Валянцін Алегавіч расказаў пра сваё бачанне праблемы дармаедства, аб эфектыўнасці аб’яднання судоў, адзначыў, што лічыць дастатковымі прадугледжаныя ў новым законе метады барацьбы з карупцыяй. Ён паведаміў, што сёлета ў рэспубліцы будзе здадзена ў эксплуатацыю тры будынкі суда, узведзеныя па тыпавым праекце. Літаральна ўсе, ці то ў Століне, што адкрыўся летам, ці ў Валожыне, які будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў сярэдзіне снежня, маюць тры паверхі, плошчу ў паўтары тысячы метраў квадратных і асобныя памяшканні для кожнага супрацоўніка суда. Кожны кабінет адразу быў абстаўлены новай мэбляй, а таксама аснашчаны самым сучасным абсталяваннем, у прыватнасці апаратурай аўдыё- і відэазапісу. У зале суда не ўбачыш і звыклых рашотак — замест іх куленепрабіваемае шкло, ну а ў цэлым будаўніцтва суда абышлося амаль у 20 мільярдаў рублёў.

Працяглы час падобныя аб’екты не ўводзіліся, а сёлета, пасля перадачы функцыі заказчыка ад Міністэрства юстыцыі непасрэдна Вярхоўнаму Суду, знайшлі магчымасць завяршыць распачатыя аб’екты.

У адным са сваіх папярэдніх інтэрв’ю Валянцін Алегавіч параўнаў суды з паліклінікамі, у якія не хочацца хадзіць, аднак баяцца гэтага не варта і лепш не зацягваць. У сучаснае памяшканне суда хочацца завітаць, тым больш што там акрамя асноўнай лесвіцы зроблены пандусы для інвалідаў, ёсць нават ліфт, ля кожнага кабінета можна прысесці. І галоўнае, тут, па Савецкай, 42, вы зможаце закрыць практычна любыя свае прававыя пытанні, ад устанаўлення права ўласнасці на нерухомасць да атрымання даверанасці. і падачы іску. Кабінетам жа нумар адзін для нашых наведвальнікаў павінна стаць юрыдычная кансультацыя ці адвакатура, якая размешчана на першым паверсе разам з натарыятам і аддзелам прымусовага выканання. (Дарэчы, пасады кансультанта суда больш не існуе). Там вам падкажуць, да каго ісці далей, а дакладней, у які кабінет перайсці, паколькі ўсё побач. На другім паверсе дзве залы для судовых пасяджэнняў, кабінеты суддзяў, адвакатаў і пракурораў, на першым — канцылярыя і ўсе пералічаныя вышэй службы, у цокальным — архівы, пакой для канвою і прыёму ежы, камеры для падсудных, гаспадарчыя памяшканні. Канечне, не параўнаць гэта з тымі ўмовамі, якія існавалі ў прыстасаваным — звычайным невялікім жылым доме, дзе ўсе гады туліўся суд. Архівы змяшчаліся ў неацяпляльных дашчаніках, ды і вялікая зала для пасяджэнняў уяўляла сабой пакой сялянскай хаты з печкай. «Тут можна і на сябе прыгавор напісаць», — прыгадваюць сёння словы былога суддзі П.М.Жылко супрацоўнікі суда, паколькі сканцэнтравацца, калі навокал нешта абмяркоўвае некалькі дзясяткаў людзей, было сапраўды складана. І хоць яшчэ не абжылі яны новы будынак, ужо не ўяўляюць, як працавалі ў ранейшым.

В.КАРАЛЕНКА.



1 комментарий по теме “В г.п.Ушачи открылось новое здание районного суда

  1. А почему обошли вниманием конкретного руководителя стройки который все эти три года непосредственно осуществлял стройку? Я имею в виду — прораба Как и на офицере-окопнике а не штабисте на нем ведь лежит вся тяжесть новостроек

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *