Як можна жыць у вёсцы і не мець на падворку хатнюю жывёлу? Алена і Сяргей Лаеўскія з Лутава Сяльца гэтага шчыра не разумеюць. Іх сялянскі двор з раніцы да вечара поўніцца задорным шматгалоссем: тут і квахтанне, і краканне, а з хляўка «сімфонію» дапаўняюць мычанне ды павіскванне.
Жаданне і навыкі вырошчвання жывёлы муж і жонка атрымалі ад бацькоў — абое выраслі ў вёсцы. Сяргей родам з Віцебскага раёна, Алена — ушацкая, з Наваселля. Пазнаёміліся ў абласным цэнтры: дзяўчына пасля заканчэння адпаведнага вучылішча працавала на тэлезаводзе, а малады чалавек быў студэнтам ветінстытута. Праўда, як прызнаецца Сяргей, дасканала асвоіць навуку магчымасці не было, бо ўвесь час прысвячаў лыжнаму спорту: уваходзіў нават у зборную краіны. Але лёс склаўся так, што пасля вяселля маладая сям’я пераехала ва Ушачы — тут, у адрозненне ад Віцебска, былі перспектывы абзавесціся ўласным жыллём. Так і здарылася — праз некаторы час Лаеўскія атрымалі кватэру ў райцэнтры. Сяргей уладкаваўся ў ПМК: спатрэбілася набытая раней спецыяльнасць муляра, Алена — у райспажыўтаварыства.
Невялікі домік у вёсцы Лутава Сяльцо набылі 12 гадоў таму, калі сярод ушачан пайшла мода мець дачы — найперш нават планавалі «ляжаць на траўцы і нічога не рабіць». Ды толькі дзе там — хіба ж сялянская натура такое дазволіць? І стала на іх падворку «сяліцца» жыўнасць: спачатку з’явіліся трусы, пазней — куры, бычок, ну а потым гэтую «ланцуговую рэакцыю» было ўжо не спыніць. Сёлета ў цёплы час Лаеўскія гадавалі пад 150 галоў птушкі. Набылі нават некалькі інкубатараў. Некаторыя незвычайныя пароды завялі па рэкамендацыі спецыяліста ў сферы птушкагадоўлі Аляксея Іванавіча Кабяка (летась мы расказвалі пра яго на старонках газеты). З курэй у асноўным гадуюць пароды Брама і Паўлаўская. Разводзіць качак Сяргей і Алена пачалі адносна нядаўна і лічаць гэтую птушку самай выгаднай: усяго за два месяцы пры належным доглядзе з качаня вырастае гатовая да забою птушка вагой да 4 кілаграмаў. З парод найлепш сябе зарэкамендавала башкірская качка. Ёсць таксама на падворку башкірская бройлерная і экзатычны індыйскі бегунок.
— Некаторыя гаспадары адмаўляюцца вырошчваць качак, бо лічаць, што для іх патрэбны спецыяльны вялікі вадаём, — зазначае Сяргей Сяргеевіч. — У нас, як бачыце, такога няма. Летам проста ставім у двары і напаўняем вадой звычайную чыгунную ванну, якую нашы шматлікія гадаванцы прымаюць па чарзе. Мяса птушкі хапае і сабе, і родным, і на продаж застаецца. Дарэчы, закупляе яго і наша нарыхтоўчая кааперацыя. Ну а напярэдадні Каляд попыт на такое мяса ўзрастае ў разы: які ж святочны стол без качкі з яблыкамі?
А вось малочныя прадукты зараз прыходзіцца купляць у краме, бо карміліца-Рабінка нядаўна запусцілася, і гэта, па словах гаспадыні, адразу прыкметна адбілася на сямейным бюджэце. Ладная кароўка, абавязаная сваёй мянушкай ярка-рудым плямам на белай скуры, давала штодня па 23-25 літраў малака. Смятана, вяршкі, тварог, масла і нават сыр — практычна ўвесь асартымент сучаснага малаказавода Алена без цяжкасцей вырабляе сама па тэхналогіі, перанятай ад продкаў. Можа для некага іх натуральны смак здаецца нязвыклым, затое аніякіх хімічных «Е».
Не абыходзіцца традыцыйны беларускі падворак без свіней. Гэту жывёлу Лаеўскія завялі пяць гадоў таму, прычым перавагу аддаюць «азіятам»: зараз у чыстых і ўтульных загончыках суседнічаюць в’етнамскія віслабрухія і карэйскія траваедныя свінкі. Яны спакойныя — дастаткова зусім невысокай загародкі, непатрабавальныя ў плане рацыёну, які складаюць харчовыя адходы, трава ці сена, як дадатак — бульба ды мука. Лічыцца, што гэтыя пароды ў меншай ступені схільныя да захворванняў, да таго ж гаспадары цалкам захоўваюць тэхналогію вырошчвання: вось і ў момант нашага візіту яны збіраліся рабіць прышчэпкі нованароджаным парасятам.
Канечне, даглядаць такое багатае пагалоўе няпроста. Уставаць штодня даводзіцца ў пяць раніцы, ну а апошні абход гадаванцаў робіцца а восьмай гадзіне вечара. Аднаго толькі сена трэба нарыхтаваць на зіму не менш трох тон. Гаспадары садзяць 30 сотак бульбы, 20 — зерневых. Вельмі спатрэбіўся б для апрацоўкі ўчасткаў трактар, які плануюць набыць у хуткім часе. Пакуль жа сродкі, заробленыя ў тым ліку вядзеннем падсобнай гаспадаркі, укладваюць у рамонт дома, каб быў ён сучасны, з усімі гарадскімі выгодамі. «Нам падабаецца жыць у вёсцы, а потым усё гэта сыну дастанецца. Ён у нас цудоўны, працавіты, усё ўмее: і сена касіць, і зямлю араць. Хіба што карову даіць яму не даверу», — усміхаецца Алена Васільеўна. Раман хоць і працуе ў Полацку, пастаянна прыязджае ў вёску, каб дапамагаць сям’і. Бачна, як моцна любяць сына Алена і Сяргей. У свой час хлопчык дапамог бацькам перажыць страшную трагедыю, калі ў аўтааварыі загінуў іх старэйшы сынок. Такую рану не загаіць за ўсё жыццё, але прытупляюць боль цёплыя, паважлівыя адносіны адзін да аднаго і, канечне, штодзённая праца, без якой не ўяўляюць свайго існавання.
— Вось некаторыя людзі скардзяцца, што ў сельскай мясцовасці цяжка знайсці дастойную работу, але той, хто хоча зарабіць, заўсёды гэта зробіць, — мяркуе Алена Лаеўская. — Часцей за ўсё праблемай з працаўладкаваннем прыкрываюцца лайдакі і ўтрыманцы. Вось нядаўна была сведкай такой сітуацыі: прыезджы прыватнік, які заключыў дагавор па рамонце фермы ў адной з вёсак нашага раёна, прапанаваў беспрацоўным мужчынам часовую работу на будаўніцтве з неблагім штодзённым заробкам — і што вы думаеце, ніводны з мясцовых дармаедаў не выказаў такога жадання: куды прасцей прапіваць бацькоўскую пенсію ды скардзіцца на лёс…
Ды ўсё ж, на шчасце, пераважная большасць нашых суайчыннікаў выбірае іншы лад жыцця, і менавіта на такіх людзях, як сям’я Лаеўскіх, трымаюцца спрадвечныя традыцыі беларускай працавітасці і дабрабыту.
Н.БАГДАНОВІЧ.