В текущем году 45-летний юбилей отмечает одно из лучших социальных учреждений района — Ушачская детская школа искусств

Ими гордятся Мир увлечений Наши дети Наши земляки Творчество наших земляков Юбилейные даты

Ушацкая дзіцячая школа мастацтваў сёлета адзначыла сваё 45-годдзе. Гэта ўстанова адукацыі на працягу амаль паўстагоддзя не толькі выконвае сваю галоўную функцыю — дае дзецям дадатковую — музычную адукацыю, але і праводзіць культурна-асветніцкую работу, выступае перад публікай з яркімі, прафесійнымі нумарамі. Канцэрты школы мастацтваў — заўсёды свята. Аркестр народных інструментаў пад кіраўніцтвам М.А.Грынберг і дзіцячы хор пад кіраўніцтвам Ж.В.Савіцкай маюць званне «Узорны», а квартэт «Натхненне» — «Народны». Выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў прымаюць удзел у міжнародных конкурсах, яго выпускніцы Людміла Дабравольская, Наталля Філімонава, Наталля Шах і Дар’я Крупская былі, а апошнія і неаднаразова, стыпендыятамі і дыпламантамі прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адоранай моладзі.

Сёлета ўстанова адукацыі «Ушацкая дзіцячая школа мастацтваў» занесена на Дошку гонару Ушацкага раёна

Школа мастацтваў вырасла з музычнай, дзе былі толькі народнае і фартэпіянна-скрыпічнае аддзяленні, у 1999 годзе, калі былі адкрыты дадаткова харэаграфічнае і выяўленчае аддзяленні. Папярэднічала гэтаму атрыманне спецыяльнага гранда ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. За 45 гадоў школа падрыхтавала 50 лаўрэатаў абласных, міжабласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. У аркестры М.Фінберга спявае Таццяна Полазава, у ансамблі імя Жыновіча выступае Наталля Гарадзецкая, у тэатры музыкі саліруе Вольга Шынкоўская, у вядомых «Камарыках» аранжыроўшчыкам працуе Уладзімір Тарасевіч… І гэта не поўны пералік.

ПАЛАЦ МОЛОДЗІ

Святочна ўбраная зала, такія ж прыгожа апранутыя госці. Менавіта яны — былыя выпускнікі ці выкладчыкі — жывая гісторыя школы — надаюць мерапрыемству асаблівую разынку, і да пачатку ўрачыстасці, і пасля ўсё вымаўляючы «а памятаеш». А прыгадваецца ўсё ў дробязях: і тое, што спачатку музыку вывучалі ў прыстасаваным фінскім доміку побач з сённяшняй спартыўнай школай, што набіралі тады толькі ў класы баяна, цымбал і фартэпіяна, як перадалі музычнай альма-матар у сакавіку 1973 года былы райвыканкам і там пачалі ствараць залы для выступленняў і заняткаў хору. Усё гэта ўспаміналі былыя выпускнікі падчас дэманстрацыі відэавіншаванняў, якія спецыяльна запісалі да вечарыны 45-годдзя школы.

Асабліва я на ўсё жыццё запомніла словы былога дырэктара Леаніда Аляксандравіча Власенкі: «Музыкантамі ўсе вы не станеце, ну а добрымі людзьмі — абавязкова». Прамовіў ён гэта не на нейкім вялікім сходзе, а падчас урока спецыяльнасці, на якім замяняў выкладчыка. Ён проста вёў бацькоўскую гутарку з вучнем. І менавіта гэтую функцыю — занятасці вольнага часу, занятасці карыснай, якая адрывае ад бяздумнага бадзяння і шкодных учынкаў, школа выконвала ва ўсе часы.

Я неслася туды з асаблівым настроем. На заняткі хору, дзе і тады ў нас саліравала ў вядомых «Прапала сабака» ці «Крэйсер Аўрора» Жанна Полазава (Савіцкая). На рэпетыцыі інструментальнага аркестра і гісторыі мастацтва, дзе заўсёды было цікава. На сальфеджыа, бо педагог ставіла нам на праслухоўванне «Бітлз» ці іншую модную групу не ў рамках праграмы, а так, для агульнага развіцця. І нават у свой вольны час, бо Леанід Аляксандравіч устанавіў у зале для хору кінапраектар і дэманстраваў нам рэдкія кінастужкі. У невялікім гарпасёлку, дзе не было, асабліва ў 70-х, шматлікіх секцый, музычная школа была цэнтрам развіцця моладзі.

І КУЗНЯ КАДРАЎ

І сапраўднай кузняй кадраў для самой музычнай школы. Ці ставіў такую мэту Л.А.Власенка? Канечне. Паколькі на працягу 25 год кіравання ўстановай адчуў, што такое недахоп уласных кадраў. І таму яшчэ пры наборы накіроўваў дзяцей на дэфіцытныя спецыяльнасці.

Ужо ў першым выпуску 1974 года шасцёра чалавек паступілі ў профільныя навучальныя ўстановы, чацвёра — музычныя вучылішчы і трое з іх — Сяргей Парашкін, Наталля Шарыпенка і Людміла Цывунчык вярнуліся праз чатыры гады выкладчыкамі. Усяго ж за гады існавання школы, якую скончыла 1057 чалавек, 150 выпускнікоў атрымалі профільную адукацыю, за год тут «кавалі» больш чым па тры ўласных музыканты. І з 32 выкладчыкаў сённяшняга калектыву 19 — выпускнікі Ушацкай школы мастацтваў.

Выраслі цэлыя музычныя дынастыі, прыкладам у гэтым, канечне была сям’я Власенкаў. На юбілейную вечарыну 3 кастрычніка, дарэчы, прыехалі Дзмітрый і Таццяна, якія зараз узначальваюць кінатэатр «Мінск» у Наваполацку і Гродзенскую абласную філармонію, а раней не толькі вучыліся, але і выкладалі ва Ушачы. Выступаў на сцэне Цімафей Сідарчук. У пачатку 80-х па класе баяна скончылі «музыкалку», а потым музвучылішча бацька і дзядзька, а сёлета і ён распачаў працоўную дзейнасць у Лепельскай школе мастацтваў.

Прыехаў на вечарыну Генадзь Пугачоў, які працуе ў Дуброўне і на наступны дзень забаўляў землякоў у складзе Народнага калектыву «Крыніца». Былі Іна Сідарчук, Святлана Каплеўская, Святлана Лапаціна, якія выкладалі ў школе. І нядаўнія выпускніцы Наталля Шах і Дар’я Крупская…

КАБ ШКОЛА БЫЛА ЛЕПШАЙ

Сённяшні дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Сяргей Васільевіч Парашкін (сёлета 20 год, як узначаліў школу) — з першага выпуску. Як толькі даведаўся пра яе адкрыццё летам 1969, пачаў «церабіць» бацькоў: «Калі ў гэты год не паступлю — спазнюся». Ён тады ўжо зрабіў выбар інструмента і падлічыў, што скончыць музычную школу разам з сярэдняй і будзе паступаць далей. І калі Леанід Аляксандравіч Власенка прапанаваў цымбалы, хлопчык быў катэгарычны — мне патрэбна гармонь. (На гэтым інструменце няблага іграў бацька.)

Для некага той, першы набор, мабыць быў данінай модзе, прэстыжу (прагледзеўшы спісы першых 24 вучняў музычнай школы ўбачыла там дзяцей многіх кіруючых работнікаў), а для яго — выбар назаўсёды. Пра тое, што памыліўся — не думаў ніколі. Таму і пехатою 5 кіламетраў з Двор Пліна ва Ушачы і назад — не перашкода, нават калі ўлічыць, што асфальтаванай шашы тады яшчэ не было. Па чатыры гадзіны заняткаў у дзень, а яшчэ ансамбль — іх, вядомы не толькі ў Плінскай школе, пад кіраўніцтвам Сяргея Яскевіча, дзе Сяргей Парашкін іграў на бас-гітары і саліраваў. А яшчэ складаў музыку да песень. Так, яго першыя спробы кампазіцый даводзяцца на той час, а на адным са з’ездаў кампазітараў пачалося сяброўства з Міхаілам Фінбергам, які неяк пазней і падзадорыў ужо дырэктара школы да адкрыцця новага аддзялення. «Сам эстраднік, а аддзялення эстраднага няма». Так з’явілася яно — тады толькі другое ў рэспубліцы і папулярнае, а мабыць і самае прэстыжнае ў цяперашніх навучэнцаў.

Сяргей Васільевіч сапраўды любіць песню, сцэну, любіць ствараць. І хаця нямнога песень маюць музыку С.Парашкіна, яны вядомы ўсім ушачанам. Гэта песня-гімн «Ушачаначка», патрыятычны «Прарыў». Ну а на верш Барадуліна… сам аўтар тэксту прасіў паўтарыць. «Трэба ж, сталічныя кампазітары кажуць, што цяжкавата напісаць на гэта песню, а на радзіме ўжо спяваюць», — сказаў Рыгор Іванавіч падчас адной са сваіх юбілейных вечарын у гарпасёлку.

Менавіта таму з такой цеплынёй, цікавасцю адкрыў Сяргей Васільевіч эстраднае аддзяленне, а потым па-бацькоўску суправаджаў школьнікаў на розныя шматлікія конкурсы, шукаў сродкі на паездкі, выбіваў інструменты і радаваўся разам з імі перамогам, пратэжыраваў далейшае паступленне ў музычныя ўстановы. Так, дзякуючы асабістаму працягламу сяброўству з былым выкладчыкам, загадчыкам аддзялення баяна Наваполацкага вучылішча Міхаілам Івашкіным накіроўваў менавіта пад яго крыло лепшых выпускнікоў школы. Перадавалі з рук у рукі, напрыклад, Наташу Шах — вялі, каб не расплёскаўся талент ад сустрэчы не з тым, не тваім настаўнікам.

Сам жа Сяргей Васільевіч са школы прыгадвае з пакланеннем і пяшчотай аднаго настаўніка — Любоў Пятроўну Власенку. Яна ўзяла тады ў першы клас і вяла не толькі спецыяльнасць, але і з сальфеджыа дапамагала, да паступлення рыхтавала. Гэты спецыяліст выхаваў не адно пакаленне баяністаў.

Бягуць гады, мяняюцца ўласныя вучні, павялічваецца іх колькасць. Вось і ўнучка Сяргея Васільевіча ўжо бегае з нотамі. Нязменным застаецца дэвіз школы «Усё пачынаецца з музыкі», які вісіць на ўваходзе. І жаданне зрабіць сваю альма-матар самай лепшай.

УСЁ ПАЧЫНАЕЦЦА З МУЗЫКІ

Заўсёды вельмі цікавыя нумары рыхтуюць выкладчыкі і іх выхаванцы ў сценах роднай альма-матар. Канцэрты тут даволі частыя, паколькі школа з’яўляецца яшчэ і пляцоўкай абласной філармоніі… І, канечне, цэнтрам музычнай асветы грамадзян. Невялікая, але з добрай акустыкай зала стварае камерную атмасферу, куды прыходзяць як правіла аматары класікі. Падчас канцэртаў глядзяць, як трэба валодаць інструментам, і юныя музыканты. І, канечне, растуць. А яшчэ яны зусім з іншага ракурсу бачаць сваіх выкладчыкаў, калі тыя ў канцэртных святочных касцюмах выходзяць на сцэну, каб выканаць твор далёка не школьнай праграмы.

Вось учора прайшоў скрыпічны канцэрт Віцебскай філармоніі. А ў аўторак — вечар аўтарскай музыкі выкладчыцы Веры Пашуты. За непрацяглы час Вера Фёдараўна паспела пазнаёміць слухачоў не толькі са сваімі прэлюдыямі, рамансамі, п’есамі, якія піша з 20-гадовага ўзросту, але з творчасцю Поля Верлена, Эдгара По, Марыны Цвятаевай…, паколькі кораценька расказвала пра гісторыю стварэння вершаў, на якія складала музыку. Гэта было ўзнёсла, пранікнёна і таямніча. Асабіста для мяне гэта напэўна найвялікшая загадка — убачыць музычны воблік, у нотнай грамаце ж, вядома, усяго сем нот.

Таксама загадзя бачыць, што хоча атрымаць, і Маргарыта Андрэеўна Грынберг, калі набірае ў аркестр 30 абсалютна розных выканаўцаў. Не даюць дарэмна званне «ўзорны», складана гэта было. Аднак яшчэ складаней яго ўтрымаць, такімі ж яскравымі рабіць выступленні, калі з гадамі менее вучняў. Усе ж выкладчыкі з жалем канстатуюць, як складана вырваць ад камп’ютараў дзяцей для заняткаў музыкай.

Не менш складана пачуць, як зліюцца ў адзіны паток яшчэ не пастаўленыя ломкія галасы Жанне Віктараўне Савіцкай. Яна вядзе два хоры — старэйшы і малодшы, аднак не робіць паслаблення на ўзрост. Абсалютна да ўсіх, як і да ўдзельніц квартэта «Натхненне», які нарадзіўся і існуе на голым энтузіязме абаяльнай чацвёркі, ставіцца з прынцыповасцю прафесіянала.

У гэтыя дні вельмі хвалююцца, адточваючы нумары, усе выкладчыкі фартэпіяннага аддзялення пад кіраўніцтвам Веры Эдуардаўны Кароткай. Яно самае вялікае, паколькі тут і канцэртмайстры, і педагогі. І вельмі рознаўзроставае. Галіна Міхайлаўна Какашынская выкладае ў школе з 1973 года, а Аліна Сідарчук толькі вярнулася на радзіму, скончыўшы Маскоўскі музычны каледж імя Скрабіна. Усе разам яны рыхтуюць чарговы фартэпіянны канцэрт.

«Праспявала лепш за Ваенгу», — каменціравалі слухачы песню «Шапэн» у выкананні Алены Сазонавай, якую яна выконвала ў час ушаноўвання лаўрэатаў, занесеных на раённую Дошку гонару, сярод якіх сёлета і сама.

Прывяла гэтыя прыклады, каб нагадаць, які творчы дух пануе ў школе пастаянна, паўсядзённа. Яркія, па-сапраўднаму адораныя, вельмі розныя, адметныя выкладчыкі працуюць з нашымі дзецьмі. Пастаянны пошук, а калі хочаце і канкурэнцыя зорак не дае ім спыніцца ў развіцці, удасканаленні і ў чарговы раз пацвярджае: наша школа мастацтваў — лепшая.

В.КАРАЛЕНКА.



1 комментарий по теме “В текущем году 45-летний юбилей отмечает одно из лучших социальных учреждений района — Ушачская детская школа искусств

  1. Вялiкi дзякуй за такi артыкул!!! Насамрэч наша школа мастацтвау самая лепшая! Iм бы яшчэ будынак новы цi гэты адрамантаваць… Ужо колькi год гаворка вядзецца, а на справе нiчога ня робiцца.. Шкада..

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *