Які выгляд павінна мець агароджа? Ці існуюць асаблівыя патрабаванні па яе ўстаноўцы на цэнтральных вуліцах? Ці будзе яна адзінай па гарпасёлку? Пра гэта наша размова з галоўным архітэктарам раёна Г.В.ДЫММАН.
— Галіна Віктараўна, перш за ўсё людзей цікавіць, ці будзе па цэнтральных вуліцах гарпасёлка — Ленінскай і Савецкай замест знятай устанаўлівацца агароджа адзінага ўзору?
— Адразу скажу, што старая дэманціравалася, бо не ўпрыгожвала, а толькі псавала выгляд цэнтральных вуліц. Хачу прывесці цікавую рэмарку. Нядаўна калега з іншага раёна зазначыў: «Ну нарэшце вы знялі агароджу і цяпер кожны паставіць сваю і гарадок атрымае еўрапейскі выгляд». Гэта ў чарговы раз пацвярджае, што густ у нас ва ўсіх розны. Я лічу, што па цэнтральных вуліцах яна павінна быць адзінай. І меркавалася паставіць жалезабетонную, аднак у бюджэце сродкаў на яе ўстаноўку цяпер няма, а апытанне жыхароў вуліцы Ленінскай паказала, што на льготных умовах — з растэрміноўкай плацяжу і з бясплатнай устаноўкай пагадзілася набыць яе толькі каля 40 працэнтаў пражываючых.
— Гэта адзначае, што кожны можа ўстанаўліваць на свой густ?
— Не, гэта азначае, што калі гаспадары жадаюць мець агароджу, то яны могуць яе ставіць, але абавязкова ўзгадняць з архітэктарам.
— Ці існуюць патрабаванні да параметраў агароджы па матэрыяле, форме, колеры?
— Не, толькі па вышыні і святлопразрыстасці. Так, з боку праезнай часткі агароджа не павінна перавышаць 2 метраў у вышыню, а вось празрыстасць можа мець ад 0 да 100 працэнтаў, гэта азначае што яна можа быць і з сеткі (амаль поўнасцю прапускаць святло), і глухой накшталт металапрофілю, якім, аднак, нельга адгароджвацца ад суседзяў. Справа ў тым, што з боку ўчастка суседзяў зусім іншыя патрабаванні — вышыня не больш 1,7 метра і празрыстасць ад 50 да 100 — гэта азначае ці адсутнічаць наогул ці напалову прапускаць святло. Прадугледжана дакументам гэта таму, каб не ствараць ценю на ўчастку суседзяў.
— Калі агароджа не будзе супярэчыць гэтым нормам, ці трэба ў такім выпадку ўзгадненне з архітэктарам?
— Абавязкова. Бо ўзгадняюцца не толькі прыведзеныя вышэй нормы, але і агульны эстэтычны выгляд. Калі я палічу, што агароджа не адпавядае агульнаму стылю вуліцы, то не ўзгадню яе. Напрыклад, я лічу, што па цэнтральных вуліцах агароджа не павінна быць з сеткі-рабіцы, і некаторым жыхарам вуліцы Ленінскай давала дабро на яе ўстаноўку толькі ў якасці часовага варыянта. Трэба ведаць, што архітэктар вызначае не толькі выгляд агароджы, але і наогул яе наяўнасць. Гэта азначае, што калі лічыць, што яе не павінна быць наогул, то яе не будзе.
Дадам таксама, што ўзгадняць выгляд агароджы трэба не толькі з архітэктарам, але і з суседзямі, калі яна выходзіць за вызначаныя ў заканадаўстве параметры. Напрыклад, вы жадаеце адгарадзіцца двухметровым металапрофілем. Калі суседзі не супраць — калі ласка, толькі пажадана да будаўніцтва атрымаць натарыяльна заверанае пацвярджэнне на іх дазвол. Бо суседзі з часам могуць памяняцца, і няма гарантый, што з новымі ў вас не паўстане праблем.
— Якая адказнасць прадугледжана за незаконнае будаўніцтва агароджы?
— Адміністрацыйная адказнасць — штраф ад 2 да 15 базавых велічынь — такая, як і за любое іншае самавольнае пераабсталяванне балконаў, лоджый, іншых архітэктурных і канструктыўных элементаў фасадаў жылых дамоў. Звычайна мы выносім папярэджанне і людзі ўхіляюць недахоп. Аднак любыя пабудовы, у тым ліку і агароджы — задавальненне нятаннае, таму лепш не даводзіць да такога, а загадзя ўзгадніць з архітэктарам.
В.КАРАЛЕНКА.