Главного бухгалтера КУСХП «Ореховно» Жанну Федоренко в родном хозяйстве называют «мозговым центром»

К профессиональному празднику Наш современник Сельское хозяйство Экономика и малый бизнес


Хоць і не сее Жанна Пятроўна Федарэнка збожжа ў полі, не падымаецца на досвітку, каб спяшацца на жывёлагадоўчы комплекс, але праца яе, няхай і нябачная на першы погляд, не менш адказная ў функцыяніраванні сельскагаспадарчага прадпрыемства. Яна — галоўны бухгалтар КУСГП «Арэхаўна».

Раніцай шмат жыхароў сяла спяшаюцца на прыпынкі, каб паспець на аўтобусы і прыехаць на работу ў райцэнтр. А вось Жанна Пятроўна, наадварот, накіроўваецца з дому ва Ушачах у Сарочына, дзе знаходзіцца «офіс» яе гаспадаркі. Нягледзячы на малады ўзрост, у сферы аграпрамысловага комплексу жанчына працуе ўжо значны час. З чэрвеня 1997 года пачынала працоўны шлях у «Чырвонай Полаччыне», гаспадарцы з цэнтрам у Завячэллі, а пасля ўзбуйнення і далучэння яе да «Арэхаўна» нязменна зводзіць дэбіт з крэдытам у гэтым вялікім сельгаспрадпрыемстве. Прыгадвае Жанна Пятроўна, што была калісьці самым маладым галоўным бухгалтарам у гаспадарках раёна, бо пасля заканчэння Полацкага сельскагаспадарчага тэхнікума толькі два гады працавала касірам, а потым узначаліла бухгалтарскую службу.

Хоць і «пераманьвалі» яе неаднаразова ў арганізацыі райцэнтра, кажа, што ў нейкі час была амаль згадзілася на пераход у аддзел статыстыкі, але кіраўніцтву гаспадарак удавалася яе ўтрымаць. «Што б мы без Жанны Пятроўны рабілі! — разводзіць рукі дырэктар «Арэхаўна» Генадзь Паўлавіч Грабоўскі. — Яна ж наш «мазгавы цэнтр!». Дарэчы сама галоўны бухгалтар свае заслугі не схільна перабольшваць. Яна сціпла адзначае, што не адна, а ўся бухгалтарска-эканамічная служба прадпрыемства працуе на руціннай падрыхтоўцы кіпы папер, адлюстроўваючых балансы, зарплаты, прыбыткі і расходы, крэдыты, асноўныя сродкі, справаздачы і шэраг іншага — кожны адказвае за свой участак работы. Але ж на галоўным бухгалтары адказнасць, зразумела, асаблівая…

— Прыходзіцца пастаянна вучыцца, — расказвае Жанна Пятроўна. — Часам і на сваіх памылках. Нічога не зробіш — не памыляецца той, хто нічога не робіць. З прадастаўленнем інфармацыі і здачай формаў у райсельгасхарч асаблівых праблем не ўзнікае, а вось з сапраўднымі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца, калі пачалася рэканструкцыя комплексу ў Слабадзе — прыйшлося асвойваць некалькі новых прафесій, складаць каштарысы, быць і юрыстам, і прарабам!

За гады прафесійнай дзейнасці Ж.П.Федарэнка працавала побач з многімі выдатнымі спецыялістамі, прыгадвае прозвішчы Зінаіды Вікенцьеўны Глінскай, Яўгеніі Васільеўны Літвінавай, Галіны Пятроўны Сальнікавай і іншых, у кожнага з якіх чамусьці вучылася.

— Хачу павіншаваць усіх калег і былых, і цяперашніх, — казала напярэдадні прафесійнага свята аграрыяў Жанна Пятроўна. — І, канечне, працаўнікоў палёў і жывёлагадоўчых аб’ектаў. Адну справу робім, толькі яны на зямельцы, а мы ў кабінетах.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *