Трудолюбие и опыт помогают добиваться высоких результатов животноводам КУСХП «Глыбочаны»

К профессиональному празднику Наш современник Сельское хозяйство Экономика и малый бизнес

«Наталля Анатольеўна, паглядзіце, калі ласка, як там цяля, якое я толькі што дзяўчатам завяла», — папрасіла загадчыцу комплексу КУСГП «Глыбачаны» выглянуўшая з кароўніка работніца, калі даведалася, што мы з Н.А.Новікавай накіроўваемся ў цялятнік для «малышоў». Зрэшты, хвалявацца за двухтыднёвага гадаванца, які сёння мусіў пачаць «самастойнае жыццё», асаблівых падстаў не было, бо трапіў ён у адказныя рукі даглядчыц Вольгі Васільеўны Лях і Раісы Мікалаеўны Пліскевіч, а значыць, і сыты заўсёды будзе, і чысценькі, і ўсе патрэбныя прышчэпкі атрымае — пра гэта паклапоціцца малады ветурач Юрый Лакомскі. Канечне, такі парадак патрабуе шмат намаганняў: вось і ў час нашага прыходу ў цялятнік жанчыны настолькі шпарка разносілі сваім маленькім падапечным замяняльнік цэльнага малака, што, здавалася, вось-вось пяройдуць на бег. А пасля завяршэння працэдуры ўсе цёплымі словамі павіншавалі Вольгу Васільеўну з днём нараджэння — бягучы тыдзень для жанчыны багаты на святы, вось толькі адзначаць іх няма калі.

Літаральна па хвілінах распісаны дзень і ў гаспадыні суседняга цялятніка Тамары Георгіеўны Пліскевіч, якая адна спраўляецца са 150 галовамі жывёлы. І калі першы цялятнік можна параўнаць з дзіцячым садком, то ў «Тамарынай аборы» (так на комплексе называюць гэтае памяшканне) гадуюцца «падлеткі-школьнікі». Па словах даглядчыцы, усё тут, як у людскім калектыве: ёсць свае лідары, ціхоні і хітруны, якія імкнуцца збегчы з загародкі і прайсціся па чужых кармушках. Як і дзеці, цяляты вельмі любяць смачнае і штодня нецярпліва чакаюць моманту, калі Тамара Георгіеўна пачне раздаваць муку, а самым маленькім — яшчэ і сухое малако. Дарэчы, на гэтую працэдуру даглядчыцы хапае ўсяго некалькіх хвілін — настолькі лоўкімі і адточанымі за 15 гадоў работы на комплексе сталі яе рухі. «А інакш і не справішся», — усміхаецца гэтая абаяльная жанчына. І сапраўды, акрамя няпростых працоўных абавязкаў трэба ж яшчэ прыкласці руку і да іншых спраў, дагледзець хатнюю гаспадарку (на іх падворку двое свіней і тры дзясяткі курэй), а яшчэ яна знаходзіць час, каб паглядзець «Панараму», пачытаць кнігу ці часопіс. Да слова, дасведчанасці Тамары Георгіеўны ва ўсіх сферах пазайздросціць іншы заўзяты інтэлектуал: яна з лёгкасцю падтрымае размову і пра тонкасці сучаснай палітыкі, і пра банкаўскую стаўку рэфінансавання. Ну а за прафесійнай парадай звярнуцца да яе можа любы работнік гаспадаркі. Вось і загадчык комплексу Н.А.Новікава, якая на гэтай пасадзе толькі другі год, уважліва прыслухоўваецца да меркаванняў Тамары Георгіеўны — тым больш што даводзіцца ёй нявесткай. «Яны з маім старэйшым сынам сябравалі яшчэ са школы, і вось ужо чатыры гады, як стварылі сям’ю, атрымалі дом ад гаспадаркі», — расказвае даглядчыца і дадае, што з нявесткай ёй пашанцавала: дзяўчына працавітая, адказная. А рысы гэтыя, напэўна, у іх сямейныя: да дынастыі жывёлаводаў належыць і Раіса Мікалаеўна Пліскевіч — яна дваюрадная сястра мужа Тамары Георгіеўны.

— Увогуле не разумеем, чаму моладзь так баіцца жыць у вёсцы: тут і жыллё прасцей атрымаць, і зарабляць, калі ты не гультай, няблага можна, — разважаюць мае суразмоўцы. — Вось мы ў «Глыбачанах» на свой лёс не скардзімся — галоўнае, каб захавалася наша сельгаспрадпрыемства і каб працягваў ім кіраваць наш дырэктар Сяргей Іванавіч Кірпічонак, чалавек, які ўсёй душой хварэе за справу і ва ўсім нас падтрымлівае…

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *