Сезон зімовай рыбалкі мусіць пачацца сёлета раней звычайнага, а на некаторых дробных вадаёмах нашага раёна ўжо ў кастрычніку з’явіўся першы лёд. У сувязі з гэтым хочацца нагадаць рыбаловам, што выходзіць на лёд можна толькі тады, калі яго таўшчыня складзе не менш 7-10 сантыметраў, калі ж на невялікім участку размяшчаецца група людзей — не менш 15. На жаль, леташні сезон зімовай рыбалкі не абышоўся на Ушаччыне без трагічных выпадкаў, а таму ўжо зараз хачу нагадаць некаторыя меры бяспекі пры знаходжанні на замерзлым вадаёме. Абавязкова замацуйце на поясе вяроўку, другі канец якой прывяжыце на беразе да дрэва. Вазьміце з сабой нож ці іншы востры прадмет, які можна ўторкнуць у край лёду і трымацца за яго. Апранайце верхняе адзенне і абутак, якія ў крытычнай сітуацыі можна хутка зняць. Майце на ўвазе, што моцны лёд павінен быць бела-блакітнага колеру.
У цяперашні ж час на вадаёмах нямала аматараў летняй рыбалкі, якія выкарыстоўваюць плавальныя сродкі. Ім таксама варта быць вельмі асцярожнымі: зараз тэмпература вады ўжо зусім нізкая і ў выпадку перакульвання лодкі рыбалоў можа за лічаныя хвіліны атрымаць пераахалоджванне арганізму і загінуць. І, канечне, у любую пару года ні ў якім разе нельга знаходзіцца на вадаёме ў стане алкагольнага ап’янення: менавіта гэты фактар стаў вызначальным у трагічным выпадку, які адбыўся нядаўна ў Расонскім раёне, калі два нецвярозыя рыбаловы выпалі з лодкі і патанулі. Вада не даруе легкадумнасці, а нават самы багаты ўлоў не варты нашага жыцця і здароўя.
Э.ВЕРТАШОНАК, старшыня раённага таварыства выратавання на водах.