Замена старой тэхналогіі на новую — для нашага часу працэс звыклы і непазбежны: жывём жа ў эпоху навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Але чым вышэйшая «планка» гэтых змен, тым менш відавочнай становіцца перамога новага і прагрэсіўнага над старым, але правераным часам. Класічны прыклад — супрацьстаянне сотавай і правадной тэлефоннай сувязі. Здавалася б, з шырокім распаўсюджаннем мабільнікаў звычайная тэлефонная сетка павінна адміраць, а яна вазьмі ды і «стрэльні» адразу двума казырнымі тузамі — высокахуткасным інтэрнэтам і інтэрактыўным тэлебачаннем (IPTV) — і ўступіла ў канкурэнтную барацьбу з кабельным тэлебачаннем, трансляцыю якога ў нашым раёне ажыццяўляе ТАА «Веста ТВ».
Названае прадпрыемства, галаўны корпус якога знаходзіцца ў Чашніках, стваралася пад пэўны сацыяльны заказ: забяспечыць жыхароў вобласці танным і якасным кабельным тэлебачаннем. На сённяшні дзень каля 800 ушачан з’яўляюцца яго абанентамі.
У апошні час, калі адключаецца аналагавае і ўкараняецца лічбавае вяшчанне, абаненты кабельнага тэлебачання цікавяцца, ці ёсць у яго будучыня.
— Да нас сталі часта звяртацца грамадзяне з пытаннямі «Чаго чакаць? Нас адключаць? У нас знікне сігнал?» — расказвае дырэктар ТАА «Веста ТВ» Аляксандр Рыгоравіч Куцэра. — Спяшаюся запэўніць: абанентам кабельнага тэлебачання пра дастаўку сігналу хвалявацца не трэба. Мы ўжо перайшлі на прыём дзяржаўных тэлеканалаў у лічбавым фармаце — і перапынку ў трансляцыі не будзе.
Зараз аналагавае і лічбавае тэлебачанне праз кабель працуюць паралельна. Па стане на 1 кастрычніка бягучага года трансліруецца 41 тэлепраграма ў аналагавым фармаце і 29 — у лічбавым, абаненцкая плата складае 39 тысяч 900 рублёў. Цалкам на «лічбу» перайшлі абаненты, якія падключаны да поўнага пакета і маюць сучасны тэлепрыёмнік з лічбавым цюнарам. Дарэчы, у бліжэйшай перспектыве плануецца пашырэнне пакета праграм у «лічбе», увядзенне новых сучасных тэхналогій у трансляцыю тэлеканалаў без істотнага павелічэння абанплаты.
Для падключэння кабельнага тэлебачання і карыстання ім не трэба набываць і ўстанаўліваць ніякага дадатковага абсталявання: разетак і прыставак з мігаючымі лямпачкамі, якія спажываюць электраэнергію. Не важна і які ў вас тэлевізар. Прасцей кажучы, у вашу кватэру пракладваецца кабель, які праводзіць сігнал больш чым на 50 каналаў. І тут адкрываецца яшчэ адзін плюс: гэты сігнал можна размеркаваць на два, тры і нават больш тэлевізараў, якія ёсць у кватэры. Прычым, на абаненцкую плату гэта ніяк не ўплывае.
Праўда, калі вы ідзяце ў нагу з часам і хочаце мець магчымасць глядзець на блакітным экране тэлеперадачы ў 3D-фармаце, чуць «аб’ёмны» гук, а ў перспектыве мець доступ да кадзіраваных тэлеканалаў (больш шырокага пакета), спецыялісты ТАА «Веста ТВ» раяць усё ж набыць сучасны лічбавы тэлепрыёмнік з дазволам HD ці FullHD стандарту DVB-C, які падтрымлівае кадзіроўку MPEG4/2, з магчымасцю падключэння CI модуля. Трэба звярнуць увагу на тое, што не ўсе лічбавыя тэлепрыёмнікі абсталяваны лічбавымі цюнарамі — для поўнага камплекта спатрэбіцца кабельная прыстаўка стандарту HD ці FullHD з кабелем HDMI.
Сярод вартасцей кабельнага тэлебачання — магчымасць абсалютна бясплатна падключаць, адключаць ці прыпыняць аказанне паслуг. Карыстальнікі інтэрнэта ацэняць высокую хуткасць абмену інфармацыяй, паколькі тэлефонная лінія пры трансляцыі тэлебачання па кабелі не задзейнічана. Для ветэранаў вайны і працы прадугледжаны скідкі.
Між іншым, ёсць у кабельнага тэлебачання і слабыя месцы. Па-першае, гэта зона яго распаўсюджання: на сённяшні дзень у нашым раёне абанентамі ТАА «Веста ТВ» могуць стаць выключна жыхары шматкватэрных дамоў г.п.Ушачы, дзе затраты па пракладцы дарагіх кабеляў могуць рэальна акупіцца. Па-другое, у адрозненне ад інтэрактыўнага тэлебачання ZALA (ByFly), пры карыстанні кабельным вы не запішаце тэлеперадачу, не пераматаеце рэкламу, не націсніце на паўзу, каб, скажам, схадзіць за кубачкам кавы. Але ж параўноўваць кабельнае тэлебачанне і прыгаданую ZALA не зусім карэктна. Іх тэхналогіі настолькі адрозніваюцца, што кожны бок збірае сваю аўдыторыю ці абаненты маюць доступ да таго і другога.
Ва ўсіх нас розныя густы і перавагі. Нам хочацца, каб тэлепраграмы ішлі ў ідэальнай якасці, у зручны для нас час, былі цікавымі і пазнавальнымі. Спадзяемся, што вы зможаце разабрацца ў асаблівасцях кабельнага тэлебачання і ZALA і зрабіць аптымальны выбар.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.
поздно…
любой пропущенный футбол можно найти в интеренете… мультики детям – все есть в ютюбе, фильмы – Megogo, торренты и т.п., новости – на то они и новости чтобы их смотреть онлайн
дайте лучше хотя бы 4 стабильных Мбита на абонента!