Парк сельскагаспадарчай тэхнікі ў КУСГП «Вялікадолецкае» адзін з самых вялікіх у раёне. Сёлета на палеткі буйной гаспадаркі толькі зернеўборачных камбайнаў выязджала 9 адзінак. Здаецца, што зусім нядаўна працавалі магутныя агрэгаты, а ў апошнія дні кастрычніка ўсе яны кампактна выстраіліся на мехдвары ў чаканні новага сезона — да пастаноўкі тэхнікі на зімовае захоўванне ў гаспадарцы падыходзяць з усёй адказнасцю. У гэтым мы ўпэўніліся на мінулым тыдні, калі разам з начальнікам раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляда Іванам Мікалаевічам Пухальскім накіраваліся ў рэйд па некаторых гаспадарках раёна.
«Ліда-1300» Сяргея Міхайлавіча Вусько з’яўляецца адным са старэйшых камбайнаў у «Вялікадолецкім» і, разам з тым, прыкладам гаспадарчых адносін механізатара да замацаванай тэхнікі.
— Гэта машына заўсёды адпавядае патрабаванням з першага агляду, — задаволена кажа галоўны інжынер Юрый Фёдаравіч Васілевіч. — Сяргей Міхайлавіч вельмі скрупулёзна ставіцца да пытанняў пастаноўкі тэхнікі, трэба — дык і пыласос з дому прынясе, каб ачысціць грохаты… А каб у кабіне, бункеры і механізмах не гаспадарылі мышы ды пацукі, што знішчаюць праводку, пакладзе для іх атруту!
За выключэннем невялікіх недахопаў добра падрыхтавана да зімы і ўся тэхніка і прычапныя механізмы гаспадаркі, якія сёлета ўжо не будуць працаваць. А за працэсам пастаноўкі на зіму шасцімятровага пасяўнога агрэгата можна было паназіраць увачавідкі — ля яго, укрываючы плёнкай гумавыя дэталі, завіхаўся Аляксандр Пятровіч Александроў.
— Мікалаевіч, з таго матэрыялу, што я патраціў за апошнія гады, можна парнік пабудаваць, — звяртаючыся да І.М.Пухальскага, жартуе вопытны механізатар. — Туды б сеялку і заганяў!
Жарты жартамі, а такія сур’ёзныя адносіны гарантуюць спраўнасць агрэгата, бо за час яго эксплуатацыі Аляксандр Пятровіч засеяў больш 9 тысяч гектараў.
З добрым настроем сустракалі нас і суседзі вялікадолецкіх земляробаў. Пад навесам на мехдвары ААТ «Ільюшынскі» як на парад выстраіліся зернеўборачныя камбайны. Радавалі вока знятыя і ўстаноўленыя на спецыяльных падстаўках жняяркі, пабеленыя калёсы лафетаў. Непадалёк ад навесаў стаялі пафарбаваныя прычапныя агрэгаты, лемехі на плугах змазаны і ўстаноўлены на спецыяльныя дошкі — тэхніка на першы погляд радавала сваёй дагледжанасцю.
Але, як высветлілася, некаторыя адзінкі, што нядаўна былі задзейнічаны ў полі, падрыхтаваць да «зімоўкі» не паспелі. На малады ўзрост начальніка інжынернай службы гаспадаркі строгі інспектар скідак не робіць:
— Усё залежыць ад арганізатарскіх здольнасцяў спецыялістаў, — кажа І.М.Пухальскі. — А вопытны гэта інжынер, ці толькі пачынаючы — патрабаванні да ўсіх аднолькавыя.
Выканаць іх будзе вельмі складана ў КУСГП «Кублічы», дзе ўбачанае рэзка кантрастуе са станам спраў у прыгаданых вышэй гаспадарках. «Красуюцца» на тэрыторыі неачышчаныя ад глебы дыскі, нават не адчэплены ад трактара, які застыў пасярод двара па прычыне адсутнасці паліва. Хаваюцца ў пажоўклай траве рэшткі плугоў і культыватараў. Не выклікае станоўчых эмоцый іншая тэхніка: КВК без рухавіка, трактары без колаў… Чакалі вырашэння «кватэрнага пытання» і камбайны, — толькі адзін з іх поўнасцю адпавядаў патрабаванням падрыхтоўкі.
За выключэннем падрыхтаваных камбайнаў не многім лепшы быў стан спраў у ААТ «Агра-Селішча». Убачылі мы пакінутыя абыдзе валковыя граблі, бароны, культыватары, пад адкрытым небам стаяў напалову запоўнены раскідвальнік мінеральных угнаенняў, на недахоп якіх так скардзяцца кіраўнікі. Ля сеялак было чым пажывіцца птушкам, бо мелася шмат рэшткаў зерня. А можна было б тэхніку пачысціць, зацягнуць пад навес, тым больш, што месца для гэтага маецца. Здалёк прыгожа выглядала шарэнга камбайнаў у двары «Райаграсэрвіса», але мае станоўчыя эмоцыі хутка развеяў І.М.Пухальскі: «Гэта тыя, што не выязджалі з вясны…». Да тых жа машын, якія ўбіралі ўраджай сёлета, рукі мясцовых механізатараў яшчэ не дайшлі. Для гэтых гаспадарак таксама характэрны агульныя недапрацоўкі, якімі з’яўляюцца наяўнасць на тэрыторыі пустазелля, раскіданыя па ёй смецце і непатрэбныя запчасткі, адсутнасць агароджаных і абазначаных пляцовак для захоўвання шынаў і для збору металалому.Параўноўваючы пастаноўку сезоннай тэхнікі на зімовае захоўванне, міжволі задумваешся: чаму на гэту справу ў адных гаспадарках знаходзяць час і сілы, а ў іншых працягваюць таўчы ваду ў ступе, бездапаможна спасылаючыся на адсутнасць сродкаў, і нібы чакаць, што першыя снягі схаваюць неахайную і непрыбраную тэрыторыю мехдвароў. Між тым І.М.Пухальскі ўпэўнены, што для гэтага не трэба асаблівых матэрыяльных сродкаў. Наадварот, своечасовыя меры дазваляюць пазбегнуць вялізных затрат на набыццё запчастак, якія выходзяць са строю з-за нядбайнага догляду. Правілы зімовага захоўвання тэхнікі не мяняюцца кожны год, іх на «выдатна» павінен ведаць кіраўнік інжынернай службы любога прадпрыемства. І добра разумець, што з павышэннем кошту сельскагаспадарчых машын у разы ўзмацняецца і ступень адказнасці за іх захаванне. А ад таго, як механізатары паставяць тэхніку і прычапныя агрэгаты, напрамую залежыць эканамічны дабрабыт прадпрыемства.
Д.РАМАНОЎСКІ.