О коммунальных услугах и не только

Общество

Дзень інфармавання, які прайшоў на мінулым тыдні, прысвячаўся вельмі актуальнай тэме – камунальным паслугам. Пра сацыяльныя стандарты ў гэтай галіне, правах спажыўцоў калектыву льнозавода расказаў галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Д.Л.Раманоўскі і намеснік дырэктара жыллёва-камунальнай гаспадаркі М.У.Свірко. Менавіта яму накіравалі свае пытанні работнікі: наконт нізкіх тэмператур у кватэрах, замены вакон, абсталявання тратуараў і пляцовак, расчысткі дарог і падачы гарачай вады. Тлумачэнні Мікалая Уладзіміравіча дапоўніў старшыня райвыканкама Алег Анатольевіч Кавалёнак. Ён не даваў дарэмных абяцанняў і растлумачыў людзям, што трэба разлічваць на рэальныя сродкі, якіх катастрафічна не хапае нават на тое, што прадугледжвалася раней. Напрыклад, на асфальтаванне мікрараёна Еўдакіі Лось, дарогі будуць гравійна-шчэбеневыя. Тратуар сёлета запланавана пракласці па Камсамольскай, дзе ідзе паток людзей. Паколькі падаражэў газ і хутка расходуюцца сродкі, запланаваныя на год, хутчэй за ўсё гарачая вада будзе не кожны дзень, як меркавалася раней з уводам новага катла, а 3-4 дні на тыдні ці нават меней. Рэчаіснасць такая, што замест капітальнага рамонту аднаго дома, сродкі пускаюцца на тое, каб выканаць самыя неабходныя работы на некалькіх дамах, якіх – вызначае спецыяльная камісія.

Не меней зацікаўленая размова вялася аб праблемах ільнаводчай галіны. На сённяшні дзень людзі працуюць, аднак выпрацоўка з-за вельмі дрэннай якасці сыравіны застаецца нізкай. Даўгое валакно накопліваецца ў сховішчы і таксама губляе свае таварныя якасці. Прадаецца зараз пераважна кароткае. Прадукцыя ідзе без ранейшых датацый, таму нават сродкі на зарплату бяруцца ў крэдыт. Якая будучыня чакае завод наперадзе, павінна вырашыцца на самым высокім рэспубліканскім узроўні, а вось ушацкая рэчаіснасць у тым, што сеяць сёлета будуць толькі 300 гектараў, што нават калі і вырасцяць выдатнае валакно, пад адкрытым небам яно зноў сапсуецца, што не вытрымлівае ніякай крытыкі абсталяванне завода. І тым не менш, калектыў працуе, вось і пасля сустрэчы прыступіла да работы чарговая змена.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *