Безумоўна, такія паказчыкі залежаць ад некалькіх фактараў. У першую чаргу – гэта кармы, якіх у гаспадарцы нарыхтавана дастаткова, кожны дзень у рацыёне жывёлы сянаж, сілас, мука. І другое, не менш важнае, гэта людзі, якія там працуюць. Так, не першы год старанна выконваюць сваю справу даяркі Н.З.Рагавенка і В.І.Волах. Надоі па іх групах з пачатку года склалі па 988 кілаграмаў малака ад каровы. Улічваючы той факт, што на ферме даўно не рабіўся капітальны рамонт і тут старое абсталяванне, малакаправод і халадзільнікі, трэба ўручную пераносіць малако, дасягнуць такіх вынікаў не так і проста. На ферме няма праблем з вадой, бо побач знаходзіцца воданапорная вежа. Тут жа закладзена і сянажная яма, а гэта вельмі зручна.
Напэўна, многія могуць падумаць, што тут ёсць нейкі сакрэт поспеху. На самой справе ён просты. Людзі выконваюць сваю справу належным чынам. Самі ж даяркі сціпла гавораць: стараемся.
І гэта не толькі старанне, а і жаданне працаваць, без якога таксама не бывае пастаяннага поспеху.
Усё малако здаецца вышэйшым і першым гатункам. У бліжэйшых планах замена малакаправода, што дазволіць палепшыць якасць малака.