На комплексе КУСГП “Глыбачаны” ў гэтыя восеньскія дні працаўнікі гаспадаркі актыўна рыхтуюцца да халадоў. Зараз да ўтрымання жывёлы зімой з сямі памяшканняў гатовы шэсць, работы па будаўніцтве новага кармавога стала вядуцца на кароўніку для бяспрывязнага ўтрымання. Вось толькі гэтыя турботы ніяк не закранаюць самых маленькіх жыхароў комплексу – цялятнікі ў гаспадарцы падрыхтаваны даўно, утрымліваюцца ў належным стане, хоць абсталяванне тут і не самае сучаснае.Складаная праца ў жывёлаводаў, але даглядчыцы маленькіх цялят Вольга Васільеўна Лях і Раіса Мікалаеўна Пліскевіч у гэтым плане загартаваныя. Працуюць жанчыны на комплексе не першы год, да справы ставяцца з адказнасцю і кажуць, што няньчацца са сваімі гадаванцамі “як з малымі дзецьмі”. Зразумела, што з цялятамі “падлеткавага” ўзросту працаваць прасцей, бо яны ўжо ўмеюць самастойна есці і піць. А вось пра маленькіх трэба клапаціцца асабліва – у першыя дні жыцця іх пояць з соскі, потым прывучаюць да вядзерца. У кожнай узроставай групе свой рацыён і нюансаў у доглядзе за імі шмат, вось і закладваюць даглядчыцы кожнаму цяляці жыццёва неабходныя навыкі. Тут свой падыход да гадаванцаў: сартуюць іх не толькі па ўзросце, але і па знешнім выглядзе, і нават па асаблівасцях паводзін!
Рабочы графік жанчын распісаны па хвілінах. У іх абавязкі ўваходзяць уборка клетак, кармленне. Праца за доглядам 150 галоў жывёлы амаль што поўнасцю ручная, а гэта і раздача замяняльніка малака, камбікорму, саломы, сена, подсціл – і ўсё на жаночыя рукі. Акрамя таго неабходна сачыць за здароўем кожнага цяляці, бо нованароджаныя, бывае, трапляюць да іх слабымі. Тады на дапамогу даглядчыцам прыходзіць малады ветэрынарны ўрач гаспадаркі Юрый Лакомскі, хоць і самі жанчыны за гады працы можна сказаць асвоілі асновы ветэрынарыі.
“Трэба любіць жывёлу, – кажа Вольга Васільеўна. – Цяля – гэта не мэбля і не тэхніка. Гэта жывая істота, якая на добрыя адносіны рэагуе даверам, добрым апетытам, а значыць і прывагамі”. А яны на іх групе за дзевяць месяцаў бягучага года склалі 829 грамаў у суткі.
Сцены ў памяшканні пабелены, на праходах і ў клетках суха. Чысціня і парадак – залог здаровага мікраклімату, неабходнага для маладняку. Але ж для падтрымання такіх умоў патрэбна нямала часу.
– А інакш нічога не атрымаецца, – сцвярджае Р.М.Пліскевіч. – Гэта як і дома спраўляць сваю гаспадарку, адносіны не менш адказныя, у нашай працы нельга быць раўнадушным.
Засмучае іх тое, што працаваць прыходзіцца амаль без выхадных, але разам з тым у адзін голас сцвярджаюць даглядчыцы, што “абы каму цялятак сваіх не даверым”. Рознае здараецца, расказваюць – “бывае, і рукі апускаюцца”, але надыходзіць новая раніца, і з цёмным яны зноў завіхаюцца ў цялятніку, размаўляюць і гладзяць сваіх гадаванцаў, якія даверліва цягнуцца да пяшчотных рук.
Д.РАМАНОЎСКІ.