На празднике матери в районном Доме культуры все женщины были окружены теплом и вниманием

Демография

Свята маці на Ушаччыне праводзіцца традыцыйна шырока, лічы, кожнай культустановай і працоўным калектывам. Кульмінацыяй жа становіцца мерапрыемства, якое праходзіць у раённым Доме культуры. Не стаў выключэннем і сёлетні год. У аўторак глядацкая зала РДК ледзь умясціла ўсіх жадаючых трапіць на ўрачыстасць. Вядомая справа, у раёне многа жанчын, якіх смела можна назваць эталонам мацярынства, ды і юных “зорачак”, якія прыйшлі сцэнічна павіншаваць самага дарагога ім чалавека, было хоць адбаўляй.

Падчас мерапрыемства ва ўрачыстай абстаноўцы ўшаноўваліся тыя, хто з гонарам нясе па жыцці высокае званне “Мама”. Прысутных вітала намеснік старшыні райвыканкама Наталля Мікалаеўна Марковіч. Ад імя раённага кіраўніцтва і сябе асабіста яна павіншавала прысутных са святам, падкрэсліла вызначальную ролю жанчыны-маці ў грамадстве, расказала аб дапамозе, якую аказвае дзяржава сем’ям, у якіх выхоўваюцца дзеці.

Асаблівае прызнанне было адрасавана мнагадзетным мамам, якіх зараз у раёне 153. Ордэнам Маці ўзнагароджаны 20 жанчын Ушаччыны. Штогод ёсць пераможцы конкурсу на саісканне прэміі імя Героя Савецкага Саюза З.М.Тусналобавай-Марчанка, сёлета лаўрэатам стала Таццяна Васільеўна Лукашэвіч.

Лічбу “сем” многія называюць шчаслівай. Так лічыць і ўшачанка С.С.Казіцкая, сямейнае шчасце якой можна смела памнажаць на сем: менавіта столькі дзяцей выхавала жанчына, такую “порцыю” цеплыні і любові атрымлівае ад іх. Па словах Соф’і Сцяпанаўны, галоўнае для кожнай мамы – не баяцца цяжкасцей, як мага больш часу праводзіць са сваімі нашчадкамі, быць для іх надзейным сябрам. Падзякаваць самаму блізкаму чалавеку за чулыя адносіны і клопат паднялася на сцэну старэйшая дачка жанчыны Марыя Аляксееўна Шаўчэнка, дарэчы, таксама мама дваіх дзетак. Да віншаванняў у адрас Соф’і Сцяпанаўны далучыліся і яе былыя калегі, прадстаўнікі раённага вузла электрычнай сувязі.

Прыемна, што эстафету прадстаўніц старэйшага пакалення годна пераймаюць маладыя ўшачанкі, якія свядома ідуць на нараджэнне некалькіх дзяцей. Сярод такіх – мнагадзетная мама Кацярына Аркадзьеўна Марачкіна, у сям’і якой выхоўваецца трое дачушак. У тым, што ў яе будзе іх некалькі, жанчына ніколі не сумнявалася: сама была адзіным дзіцем у сям’і, не на словах ведае, як няпроста жывецца без падтрымкі брата ці сястры. Каб павіншаваць мнагадзетную маму са святам на сцэну ў гэты дзень падняліся яе калегі з участка г.п.Ушачы філіяла АТП №6 г.Наваполацк ААТ “Віцебскаблаўтатранс”.

Дзень маці – можна сказаць, прафесійнае свята і для Алены Антонаўны Бойчанкі з гарпасёлка, якая выхоўвае пяцярых дзетак. Мерапрыемствы, падобныя гэтаму, яна стараецца не прапускаць, вось і сёлета прыйшла на свята са сваімі дачушкамі. Дарэчы, адна з іх – Вікторыя – таксама ў хуткім часе стане мамай. Сваю ж яна лічыць ідэалам жанчыны і не хавае свайго жадання мець вялікую сям’ю.

Усе жанчыны ў гэты дзень былі атулены цеплынёй і ўвагай. Здавалася, слоў не хопіць, каб кожнай адрасаваць свае прызнанні. Але ж знаходзіліся. А ўсё таму, што матулі былі вартыя іх. Ну а пра тое, што мерапрыемства не было радавым, сведчыць наступны факт. Адна знаёмая, у якой пакуль няма дзетак, пасля заканчэння канцэртнай праграмы прызналася, што прыйшла сюды, каб проста заняць вольны час. Аднак убачыўшы столькі любові і пяшчоты, якія дораць сваім мамам хлопчыкі і дзяўчынкі, па-добраму пазайздросціла жанчынам.

– Да мацярынства я ўжо гатова, так што адкладаць на “пасля” гэтую высакародную місію, напэўна, хопіць. Абавязкова пагутару сёння на гэты конт са сваім любым, – сказала яна.

Напэўна, калі б так разважалі, атрымліваючы годныя прыклады сямейнага ладу, і іншыя жанчыны, праблем з дэмаграфічнай сітуацыяй у нас не было б, а шчаслівых сямей станавілася больш.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *