Полученные при посещении заказника республиканского значения «Ельня» сведения учителя биологии и химии Ушачского района используют при подготовке и проведении занятий в школах

Калейдоскоп Мир увлечений Экология

У Беларусі даволі актыўна ажыццяўляецца развіццё экалагічнага турызму на водна-балотных угоддзях. У гэтым упэўніліся нядаўна біёлагі і хімікі ўстаноў адукацыі Ушаччыны, якія прынялі ўдзел у цікавым падарожжы ў Міёрскі раён, дзе наведалі прыродаахоўную ўстанову «Ельня».

Заказнік рэспубліканскага значэння быў утвораны для захавання аднайменнага балота і яго насельнікаў падчас асушальнай кампаніі. Яго плошча складае 25,3 тысячы гектараў, тут створана экалагічная сцежка працягласцю 1500 метраў. Помнік прыроды «Ельня» ў 2002 годзе атрымаў статус Рамсарскай тэрыторыі, гэта значыць водна-балотнага ўгоддзя міжнароднага значэння, дарэчы, адзін з першых у Беларусі. Усяго падобных аб’ектаў у нашай краіне дзевяць, нават вядомы Бярэзінскі запаведнік атрымаў такі статус значна пазней.

Ельня — адно з буйнейшых верхавых балот у Беларусі і Еўропе, на яго тэрыторыі размяшчаецца больш за 100 азёр. Тут можна ўбачыць 405 відаў раслін, з якіх 16 занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі — карлікавая бяроза, марошка, чарамша, хахлатка і іншыя. Заказніку ў 2005 годзе прысвоены міжнародны статус «Ключавая батанічная тэрыторыя». Фаўна таксама багатая і разнастайная — 327 відаў, у тым ліку 31 уключаны ў Чырвоную кнігу. З-за вялікіх абшараў балота з’яўляецца бяспечным месцам для начлегу птушак, якія мігрыруюць на зімоўку праз Беларусь са Скандынавіі і Расіі. Штогод спыняюцца на Ельні больш за чатыры тысячы шэрых жураўлёў і дзясяткі тысяч гусей розных відаў. Цікавую з’яву — жураўліныя танцы — можна назіраць ва ўсе сезоны года, яны могуць выконвацца як адзіночнай птушкай, так і парамі, і нават зграямі на гнездавой тэрыторыі, падчас кармлення на прыпынках і ў месцах адпачынку. Пашчасціла паназіраць за паводзінамі жураўлёў і ўшацкім настаўнікам.

Як вядома, славіцца Міёршчына яшчэ і сваімі журавінамі. Дарэчы, па іх запасах балота Ельня займае першае месца ў Беларусі. Назва гэтай ягады паходзіць з грэчаскай мовы і даслоўна перакладаецца як «кіслы шарык». Англійскае ж слова (cranberry) у перакладзе азначае «жураўліная ягада». Амерыканскім перасяленцам, якія прыдумалі такую назву, доўгія, тонкія кветкі журавін нагадвалі дзюбу жураўля.

Падарожжа нашых педагогаў у Міёрскі раён было цікавым і карысным. Атрыманыя ў прыродаахоўнай зоне звесткі спатрэбяцца нам пры падрыхтоўцы і правядзенні ўрокаў, акрамя таго запланавалі паход з вучнямі, што можа зрабіць кожны класны кіраўнік. Дарэчы, наведаць заказнік «Ельня», паназіраць за вялікай колькасцю жураўлёў, зрабіць незабыўныя здымкі могуць усе жадаючыя, ушачане могуць зрабіць цікавае падарожжа ўсёй сям’ёй у выхадны дзень. Экскурсіі тут праводзяцца прафесійнымі арнітолагамі. Тэлефоны для даведак: (8-02152) 4-12-37, 4-15-33.

А.ЖУК, метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама;В.ЖЫТКАЯ, настащница Ушацкай школы па вучэбнай рабоце.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *