У нязвыклым фармаце прайшоў апошні прыём грамадзян і юрыдычных асоб старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, нашым дэпутатам па Докшыцкай выбарчай акрузе №22 Уладзімірам Паўлавічам Андрэйчанкам. Калі дакладней, то на гэты раз на прыём прыйшлі толькі юрыдычныя асобы. Дырэктар УП «Сарочына» А.П.Лёля на прыёме быў з генеральным дырэктарам ЗАТ «Віцебскаблхлебапрадукт» А.Ф.Макарэнкам і прасіў дапамагчы з вяртаннем кампенсацыйных сродкаў, неабходных для рэканструкцыі комплексу, набыцця абсталявання па кормараздачы і водапаенні, а таксама асфальтавання тэрыторыі. Дырэктар агароднінасушыльнага завода таксама прасіў паспрыяць у вяртанні даўгоў.
Уладзімір Паўлавіч дэталёва распытаў пра справы на прадпрыемствах. Апошняе — агароднінасушыльны завод — ён, можна сказаць, курыруе, паколькі не толькі паўплываў на ўстаноўку сучаснай лініі па разліве мінеральнай вады, але і дапамагае з пошукамі збыту. Вось і зараз гаворка ішла пра далейшыя перспектыўныя шляхі развіцця завода, пра пашырэнне асартыменту, рынкаў збыту і работу пад поўную загрузку.
Дарэчы, пазнаёміцца з асартыментам выпускаемай прамысловай прадукцыі Уладзімір Паўлавіч змог, не аб’язджаючы ўсе прадпрыемствы, а непасрэдна ў памяшканні для прыёму, паколькі ў новым малым зале ёсць куток з прадукцыяй ушацкіх вытворцаў.
Ну а вось куды Уладзімір Паўлавіч заязджае абавязкова, калі бывае ва Ушачах — гэта на ўзводзімы фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Будаўніцтва гэтага аб’екта стала магчымым толькі пры яго падтрымцы, таму і зараз цікавіцца як аб’ёмамі выканання, так і якасцю работ, каб спартыўны аб’ект не стаў даўгабудам.
Хоць і не было на прыёме на гэты раз грамадзян з прыватнымі пытаннямі, Уладзімір Паўлавіч прыгадаў усе нявыкананыя просьбы, пацікавіўся станам спраў у інтэрнаце «Райаграсэрвіса», запытаўся, якія злабадзённыя пытанні жыхароў чакаюць вырашэння ў першую чаргу.
В.КАРАЛЕНКА.