З самай раніцы, а гэта каля сёмай гадзіны, удзельнікі ўшацкай дэлегацыі віншавалі адзін аднаго са святам. На “Дажынкі-2014” у Гарадок накіравалася 30 чалавек, якія і прайшлі потым у святочнай калоне пад гукі духавога аркестра разам з іншымі прадстаўнікамі 21 раёна вобласці. І хоць спачатку было пахмурна і на галоўную пляцоўку «Дажынак» на ўзнагароджанне дэлегацыі ішлі пад дажджавікамі, губернатар вобласці Аляксандр Мікалаевіч Косінец назваў гэта добрай прыкметай для задзелу будучага ўраджаю.
Сёлета ж аграрыі Прыдзвінскага краю намалацілі рэкордную колькасць – 1 мільён 320 тысяч тон збожжа. А яшчэ зусім нядаўна гэта лічба на паўночнай дробнаконтурнай Віцебшчыне лічылася зусім нерэальнай. У нас – і мільён тон хлеба! І вось ўжо некалькі год запар мы не сумняваемся, што перасягнём гэты рубеж, зраўняўшыся з паўднёвымі абласцямі краіны. Гэта дзякуючы шчырай працы аграрыяў, культуры земляробства, абласной праграме «Чыстыя палі» ў прыватнасці, бо на 210 тысяч гектараў павялічылася плошча ворыўных зямель, якія раней выкарыстоўваліся неэфектыўна.
“У нас на месяц пазней прыходзіць вясна і на месяц раней пачынаецца зіма, адзначыў у сваёй прамове Аляксандр Мікалаевіч, падзякаваўшы хлебаробам вобласці. – А гэта значыць, што працаваць нам даводзіцца больш чым каму”. Кіраўнік вобласці адзначыў, што сёлета атрыманы не толькі рэкордны ўраджай зерневых, але і найлепшая ўраджайнасць ільну.
Дыплом Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, грашовыя прэміі ў памеры 10,5, 9 і 7,5 мільёна рублёў атрымалі экіпажы камбайнаў адпаведна за першае, другое і трэцяе месцы. Яны падводзіліся па розных марках машын і пад гучныя авацыі сваіх дэлегацый, асобна былі ўзнагароджаны вадзіцелі і механізатары, занятыя на перавозцы збожжа, пераможцы рэспубліканскага конкурсу па культуры земляробства.
На гэты раз ніхто з ушацкай дэлегацыі на сцэну не падымаўся, хоць блізкія да рэкардсменаў прадстаўнікі былі і ў нас. Напрыклад, малады вадзіцель КУСГП “Вялікадолецкае” Віталь Віктаравіч Бука перавёз не толькі рэкордную колькасць збожжа на чатырохтонным САЗе сярод равеснікаў раёна – 731 тону, але і заняў чацвёртае месца ў вобласці.
Зразумела, што намалоты камбайнераў у першую чаргу залежаць ад ураджайнасці, таму і ўзнагароджваліся не тысячнікі, а пераважна двухтысячнікі. Аднак і 1366 тон – лепшы паказчык раёна, зусім неблагі вынік, якога дабіўся механізатар ААТ “Ільюшынскі” Анатоль Дзмітрыевіч Спірыдзёнак. Наогул у дэлегацыі раёна магло б быць нямала прадстаўнікоў гэтай гаспадаркі, паколькі лідзіравалі яны па жніве ў многіх намінацыях, аднак кіраўнік С.А.Халімоненка вылучыў яшчэ А.П.Дайлідзёнка – прадстаўніка сціплага роду дзейнасці. Анатоль Пятровіч уносіць на палеткі ўгнаенне, заўсёды застаецца ў цяні, аднак ад яго ў немалой ступені і залежыць ураджай. Акрамя гэтага ён перавёз 623 тоны зерня.
Аляксандр Уладзіміравіч Яловік з ААТ “Дземенец” – паказчык таго, як у арганізацыі выкарыстоўваюць кадры. Хоць па пасадзе ён брыгадзір, а пры неабходнасці і замяняў дырэктара, падчас жніва не першы год садзіцца за штурвал камбайна. І сёлета, сумяшчаючы ўборку з асноўным заняткам, намалаціў 830 тон збожжа. Першае месца сярод камбайнераў на КЗС-10К у Аляксандра Аляксандравіча Малахава з КУСГП “Глыбачаны”, а таксама ў занятых на адвозцы зерня Сяргея Анатольевіча Бараўцова з “Агра-Селішча” і Генадзя Віктаравіча Качана з “Вялікадолецкага”. Хоць заняты яны зусім на рознай тэхніцы: першы на чатырохтонным ГАЗ-53, другі – на трактары, аднак перавезлі на немагутных і неўмяшчальных машынах 1002 і 885 тон адпаведна.
У складзе дэлегацыі было кіраўніцтва раёна, дырэктары гаспадарак, а таксама прадпрыемстваў, якія аказвалі дапамогу падчас жніва. Гасцям і ўдзельнікам “Дажынак” быў прапанаваны святочны канцэрт, працавалі шматлікія пляцоўкі, падворкі гандлёвых прадпрыемстваў Віцебшчыны, у тым ліку і нашага райспажыўтаварыства.
Трэба адзначыць, што людзей на свяце было вельмі многа, нягледзячы на надвор’е. Дарэчы, і яно пацяплела ад святочнага настрою ўдзельнікаў “Дажынак” і ў другой палове дня стала зусім камфортным. У кожным закутку папрыгажэўшага Гарадка праходзілі гульні, гучала музыка, быў наладжаны кірмаш. Паглядзець усё, здавалася, немагчыма. Людзі фатаграфаваліся ля чатырох’яруснага каравая, на які пайшло сто кілаграмаў мукі, скульптуры Тараса на Парнасе і яшчэ некалькіх, што былі ўстаноўлены напярэдадні свята. Трэба прыгадаць, што “Дажынкі” ў Гарадку спачатку меркаваліся як рэспубліканскія, падрыхтоўка да іх, а дакладней, узвядзенне і рэканструкцыя шэрагу аб’ектаў, распачалася яшчэ летась, таму так многа новага і прыгожага з’явілася ў раённым цэнтры. Усё гэта і застанецца гарадчанам напамінам аб “Дажынках-2014”. Як ва ўсіх удзельнікаў ушацкай дэлегацыі – святочны настрой і жаданне трапіць на чарговыя дажынкі, тым больш што задзел для гэтага робіцца зараз.
Адметнасцю гарадоцкіх «Дажынак» стаў новы праект «Рэпартаж са жніўнага поля», удзел у якім прымалі дзяржаўныя СМІ вобласці. Дэлегацыі «раёнак» праявілі шмат фантазіі, каб арыгінальна прэзентаваць свае выданні — спявалі, музіцыравалі, ладзілі касцюміраваныя прадстаўленні, частавалі прахожых мясцовымі стравамі і напоямі. Вельмі ўдала ўвасобілі ідэю медыяфорума супрацоўнікі «Полацкага весніка», якія наладзілі экспрэс-выпуск газетных палос аб ходзе свята, прычым у якасці рэдактара выступаў сам Францыск Скарына. А вось нашы калегі з інфармацыйнага партала ТUT.BY адной з лепшых назвалі пляцоўку «Патрыёта», ля якой увесь час было мнагалюдна. Госці форума актыўна правяралі свае агранамічныя веды ў конкурсе на вызначэнне злакавых культур, што растуць на ўшацкіх нівах, друкавалі тэксты на рарытэтнай машынцы (асаблівую цікавасць гэты конкурс выклікаў у падлеткаў), дэгуставалі смачныя натуральныя напоі, вырабленыя па старажытных рэцэптах гаспадарамі аграсядзібы «Мікалаеўскі пасад» і іншымі жыхарамі раёна. Прызамі для тых, хто пабываў на пляцоўцы «Патрыёта», сталі адмысловыя блакноты з ўшацкай сімволікай, ну а нам аб гарадоцкім свяце будзе нагадваць тэкст, надрукаваны на рэтра-машынцы гасцямі з Расіі: «Ура, «Дожинки»! Люблю тебя, Беларусь!»
В.КАРАЛЕНКА. Н.БАГДАНОВІЧ.