Назваць ПУП “Ляснеўшчына” малым прадпрыемствам можна толькі ўмоўна – гэта арганізацыя, база якой размяшчаецца ў аднайменнай вёсцы нашага раёна, сёння налічвае 76 чалавек, а тэрыторыя дзейнасці распасціраецца нават за межы краіны. І калі ў сістэме аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння Ушацкі раён ведаюць па санаторыю “Лясныя азёры”, то ў сферы будаўніцтва дарог брэндам становіцца “Ляснеўшчына”, якая за месяц асвойвае аб’ёмы работ на суму 5 мільярдаў рублёў!
Работнікі прадпрыемства зараз вядуць работы на стварэнні лесапітомніка ў Аршанскім раёне, дзе неабходна асвоіць 14 мільярдаў рублёў. Яшчэ больш уражвае размах дзейнасці ў Бігосаве Верхнядзвінскага раёна – на мытным пераходзе будуецца аўтазаправачная станцыя са стаянкай грузавых аўтамабіляў на 120 машынамесцаў плошчай у 2,5 гектара. Кошт праекта – 32 мільярды рублёў. У родным жа раёне ПУП “Ляснеўшчына” пракладвае дарогу лесагаспадарчага карыстання ад пасёлка Мірны да трасы Полацк-Вілейка.
– Не маглі мы дазволіць будаваць дарогу ў нашым раёне іншым, – кажа заснавальнік “Ляснеўшчыны” Сяргей Дзмітрыевіч Маслюк. – Для другіх лясгасаў будавалі і для свайго зробім. Тэндэр на будаўніцтва дарогі выйгралі ў канкурэнцыі з 9 фірмамі.
Згодна Указа Прэзідэнта краіны Міністэрства лясной гаспадаркі зараз ажыццяўляе вялікі інвестыцыйны праект, у ходзе рэалізацыі якога ў краіне для гаспадарчага карыстання і ажыццяўлення догляду за ляснымі ўгоддзямі будзе пабудавана 227 кіламетраў новых дарог. Больш паловы з іх – 120 кіламетраў – у Віцебскай вобласці. ПУП “Ляснеўшчына” ўжо мае вопыт выканання работ на будоўлі пад’язных дарог да металургічнага завода ў Гомелі і аграсядзібы ў Расонскім раёне, у лютым здалі 8,5 кіламетра лясной дарогі ў Старадарожскім раёне, будуюць дарогу даўжынёй 10,5 кіламетра ў Полацкім лясгасе.
Чым жа прываблівае заказчыкаў прыватнае прадпрыемства? Хуткасць, памножаная на якасць выканання работ, – галоўныя складнікі поспеху. І калі па кошце работ некаторыя фірмы могуць з імі канкурыраваць, то па хуткасці выканання аб’ёмаў “Ляснеўшчына” апераджае іх у разы.
Лес на шляху дарогі за Мірным выразаюць працаўнікі лясгаса, астатняе – справа будаўнікоў. Участкі мясцовасці, праз якія вядзецца дарога, розныя, таму ўзгоркі разбураюцца, нізіны засыпаюцца, вядзецца ўкладка труб.
– Нічога страшнага, бывалі і намнога горшыя ўмовы, – кажа машыніст экскаватара Юрый Байкоў. – І ў багну правальваліся і праз 15-метровыя пясчаныя ўзгоркі прабіваліся.
– За дзень праходзім каля 100 метраў, – далучаецца да размовы бульдазерыст Дзмітрый Лук’яненка. – Засталося дзесьці каля 1,8 кіламетра, лёгка падлічыць, калі скончым.
Здача дарогі ва Ушацкім раёне па планах Міністэрства лясной гаспадаркі павінна адбыцца ў чэрвені наступнага года, рэальна ж “Ляснеўшчына” гатова завяршыць работы на аб’екце да лістапада бягучага. На такіх апераджальных тэмпах па папярэдніх падліках заказчык зэканоміць 1,1 мільярда рублёў!
Якасць выканання работ кантралююць шматлікія правяраючыя. Тэхнічны кантроль ажыццяўляе ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Ушацкага раёна, якое сочыць за адпаведнасцю праектнай дакументацыі, захаваннем тэхналогіі і будаўнічых нормаў, правільнасцю складання разлікаў. Інжынер упраўлення Аляксандр Сяргеевіч Лосеў адзначае, што ПУП “Ляснеўшчына” вельмі надзейны падрадчык, які выконвае аб’екты якасна і ў тэрміны. Пацвярджаюцца гэтыя высновы таксама вынікамі праверак Дзяржбуднагляда і прадстаўнікоў Міністэрства лясной гаспадаркі. На дарозе, якая будуецца з Мірнага на аўтадарогу Полацк-Вілейка, шырыня дарожнага палатна згодна праекта павінна быць 5 метраў, а ў рэальнасці яна атрымліваецца мінімум на метр шырэй. Абумоўлена гэта не “альтруізмам” будаўнікоў, а рэаліямі, бо магутныя грузавікі, якія падвозяць пясок і гравій, на вузейшай дарозе проста не размінуліся б. Акрамя таго для зручнасці працы лесаводаў з’езды робяцца на ўсе прымыкаючыя лясныя дарожкі замест некалькіх запланаваных.
Праца па 12 гадзін і нават кругласутачна! Напрыклад, высокапрадукцыйныя імпартныя экскаватары, якіх на прадпрыемстве 5, без праблем могуць працаваць 23 гадзіны ў суткі, таму за імі замацаваны па два, а то і тры машыністы, тое ж датычыцца і бульдозераў. Аўтамабілі ж, наадварот, усе айчынныя. Дакладней кажучы – айчыннай зборкі, бо шматтонныя МАЗы ўкамплектаваны рухавікамі “Мерседэс” і “Рэно”, трансмісіяй “МАN”, а апошнія два аўтамабілі-усюдыходы грузападымальнасцю 16 і 27 тон наогул выкананы па спецзаказе. Тэхніка набываецца за ўласныя сродкі, па лізінгу і ў крэдыт. Маюцца на прадпрыемстве трал, каткі, пагрузчыкі, запраўшчык, лесавоз, 5 камфартабельных мікрааўтобусаў для перавозкі людзей.
– Аўтамабіль у нас служыць у сярэднім тры гады, – расказвае С.Д.Маслюк. – Потым прадаём і набываем новы. Укладанне сродкаў у асноўныя фонды дае аддачу. У нас вельмі мабільнае прадпрыемства, дзякуючы тэхнічнай аснашчанасці можам весці работы адразу на некалькіх аб’ектах, пры неабходнасці перакідваць людзей і тэхніку ў сціслыя тэрміны.
Зараз у планах дырэктара прыняць удзел у тэндары на будаўніцтва 14 кіламетраў дарогі лесагаспадарчага карыстання ў Любанскім раёне Міншчыны, ёсць заслугоўваючы ўвагі аб’ект у суседнім Лепельскім раёне.
Прадпрыемства заваявала рэпутацыю надзейнага партнёра і стала атрымліваць прапановы з суседняй Расіі. Але на будаўніцтве лагістычнага цэнтра ў Смаленску працавалі толькі месяц – пакуль не з’явіліся неабходныя аб’ёмы ў межах рэспублікі. Працы на радзіме аддаюць перавагу, бо хоць і прывыклі рабочыя прадпрыемства жыць у камандзіроўках і працаваць вахтавым метадам па 15 дзён, але ж дома ёсць дома, хаця запрашалі на працу ў падмаскоўнае Дубна і нават на будаўніцтва федэральнай трасы Масква-Санкт-Пецярбург.
Дарэчы, для камандзіраваных людзей здымаецца жыллё, але ў цёплую пару года яны аддаюць перавагу пражыванню ў вагончыках, якія абсталяваны плітамі, печамі, электрычнасцю.
Дзясяты год са дня заснавання адлічвае ПУП “Ляснеўшчына”. Упраўленчы персанал налічвае ўсяго 10 чалавек. Дырэктар кажа, што касцяк калектыву сфарміраваўся гадоў 4-5 таму, а ўлічваючы геаграфію дзейнасці, не здзіўляешся таму, што тут працуюць людзі з розных рэгіёнаў краіны, нават з Мінска, хаця ўшацкіх усё ж большасць. Вадзіцеляў і машыністаў заробкамі ў 1000 долараў адсюль не пераманіш, бо пры нармальнай працы за вахту яны атрымліваюць не менш.
Заробленыя сродкі прадпрыемства накіроўвае на развіццё інфраструктуры і пашырэнне вытворчасці. На базе ў Ляснеўшчыне вядзецца вялікая будоўля – узводзіцца сучасны офіс, гаражы, добраўпарадкоўваецца тэрыторыя. У планах дырэктара – адкрыццё ўласных кар’ераў і нават вытворчасць шчэбеню.
Канечне, назва прадпрыемства не адлюстроўвае спецыфіку яго дзейнасці. Калі спытаў у Сяргея Дзмітрыевіча, ці былі думкі памяняць на больш гучную, накшталт “ГрандБудМаркет”, то атрымаў адказ: “А навошта? Нас і так ведаюць, застаёмся “Ляснеўшчынай!”
Д.РАМАНОЎСКІ.