Бывший архитектор Ушачского района Л.А.Круковский: «Видел Ушаччину только курортом!»

Экономика и малый бизнес

Былога архітэктара раёна Леаніда Андрэевіча Крукоўскага і сёння добра памятаюць у раёне. Пераехаўшы са сталіцы ў перабудовачны час, ён стаў сваім у нашым маленькім раёне, пакінуўшы прыкметны след у архітэктуры Ушач. На той час ва Ушачах не было дыпламаванага архітэктара, а Леанід Андрэевіч не проста меў вопыт, але і нядрэнна ведаў раён, паколькі, працуючы ў інстытуце “Белкааппраект”, рабіў важныя для Ушачы аб’еты, напрыклад, рэстаран, магазіны “Мэбля. Будматэрыялы”і “Гаспадарчыя тавары”. Сёння мы прадстаўляем яго ўспаміны пра тое, якімі павінны былі быць Ушачы па планах да развалу Савецкага Саюза.

– Я ехаў развіваць санаторны край і менавіта курортам бачыў Ушацкі раён. Гэту выснову я рабіў і падчас справаздачы на пасяджэнні райвыканкама пасля непрацяглага часу работы. Аб’ездзіў і пазнаёміўся з усімі закуткамі раёна: мноства азёр, малая контурнасць участкаў – ну якое тут раслінаводства. Курорт – так! Плюс магчыма развіццё жывёлагадоўлі. На той час, а гэта 1988 год, былі не проста дамоўленасці, а перспектыўны план будаўніцтва ва Ушацкім раёне чатырох санаторыяў (першапачаткова іх планавалася пабудаваць пяць – тры для дарослага насельніцтва і два дзіцячых). Паўтаруся, што гэта былі не ружовыя праекты, а зацверджаны план развіцця Ушаччыны як курортнага краю. Ён быў бы не горшы, чым шэраг санаторыяў на Мінскім моры. Гавару гэта ўпэўнена, паколькі бачыў літаральна ўсе праекты: дзе эскізныя, а дзе поўнасцю зацверджаныя, і гэта было прыгожа, з прывязкай да газу, дарог, з іх паляпшэннем.

Літаральна ўсе санаторыі былі разлічаны на адначасовы прыём па 500 адпачываючых. Акрамя “Лясных азёр” (на той час не быў санаторыем), на пашырэнне якога таксама быў праект, гэта здраўніца праз паўтара кіламетра за ім, яшчэ ў паўтара кіламетрах – “Вечалле” і на Вялікім Дземенцы дзіцячы “Дземенец”. Прыгожае высокае месца. Я быў супраць таго, каб на Доўжыцы размяшчаць дзве здраўніцы, баяўся, што такая колькасць адпачываючых можа пагоршыць стан возера. Яго можна было перанесці на любое іншае.

Менавіта пад курорт і праектаваліся аб’екты ў саміх Ушачах. Напрыклад, камбінат грамадскага харчавання з шасцю цэхамі: кулінарным, рыбным, мясным, глыбокай замарозкай, рампай, пад’ездамі. Там вырабляліся б паўфабрыкаты і развозіліся па санаторыях. Такія аб’ёмы залішнія для ўнутраных патрэб Ушач, і падобныя вялікія пункты грамадскага харчавання – адзінкі ў рэспубліцы. На той час такі ж буйны быў толькі ў Стаўбцах. Ну і дакладна мы былі адзіным раёнам у сістэме “Белкаапсаюза”, які меў свой “мясакамбінат”: за суткі на бойні можна было разабраць і замарозіць 26 бычкоў.

Насупраць вакзала, дзе зараз кафэ “Бераг”, павінен быў стаяць прыгожы офіс курорта Ушачы – пад адным дахам маркетынгавая служба ўсіх чатырох санаторыяў, каб чалавек, які прыехаў адпачыць, мог на месцы даведацца пра наяўнасць месцаў, камфортнасць, атрымаць любую інфармацыю.

Тут жа побач – “Гандлёвыя рады”, якія павінны былі быць двухпавярховымі і працягвацца на месцы рынка, пад знос ішлі ўсе памяшканні да магазіна “Гаспадар”. Варыянты былі толькі па памяшканні рэдакцыі. Гэта гістарычны будынак, таму думалі нарасціць там другі паверх, зрабіць браму, магчыма з гадзіннікам. Вы бачыце, якія ўжо прасторныя, як у вялікіх гарадах, тратуары перад “Гандлёвымі радамі”, такія яны павінны былі быць і па цэнтральных вуліцах, і па Калінінскай.

Меркавалася зрабіць вельмі прыгожы, амаль што арачны мост праз раку Ушачы (перад гэтым нам удалося пракласці лепшы ў сельскай мясцовасці мост у Гуце). Ён быў бы ў 2,5 раза шырэйшы, ішоў адразу ад музея і без спуску выходзіў далей на Ленінскую. Пакуль будаваўся – стары мог служыць, а потым быў бы знесены.

Хачу сказаць, што калі мы выставілі на конкурс наш праект “Курорт Ушачы”, у які ўвайшлі ўжо гатовыя на гэты час праекты мясакамбіната, дарогі, сталовай у Жарах, царквы ў Арэхаўне і малельнага дома па Камсамольскай, беспрэцэдэнтны выпадак – з пяці магчымых мы атрымалі чатыры дыпломы. Нашы праекты былі прызнаны практычнымі, патрэбнымі, эканамічнымі.

Якім наогул я бачыў Ушачы? Хачу сказаць, што быў супраць, каб і ў “царскім сяле”, і на былым аэрадроме пад індывідуальную забудову адводзілі толькі 10-15 сотак – мінімум 25. Аднак мяне не паслухалі. Каб неяк выправіць сітуацыю, каб вокны не глядзелі ў вокны – на аэрадроме меркавалася будаваць катэджы ў шахматным парадку. Я спыніў будаўніцтва на Віцебскай двухпавярховых дамоў, праверылі фундамент і зрабілі чатырох-пяціпавярховымі. Быў зроблены выдатны праект гандлёвага цэнтра на “Віцебскай” на месцы павільёна – з аддзяленнем “Прыорбанка” (які меркаваў у нас працаваць), пунктам прыёму шклотары – прыгожы быў бы магазін. А яшчэ сумесна з былым дырэктарам лясгаса Мікалаем Дарафеевічам Бабаедавым меркавалі адкрыць ва Ушачах музей прыроды, у якім бы былі чучалы птушак і звярэй, разьба з дрэва, работы з карэнняў. Задума была зрабіць будынак у выглядзе дрэва, дзе кожная галінка – гэта зала з новай экспазіцыяй. Аб’ехалі музеі Літвы, Эстоніі, свой уяўлялі больш цікавым. Я праектаваў “Беларусбанк”, перанеслі да існуючых цепласетак пракуратуру, у цэнтры побач з гандлёвымі радамі павінен быць падземны грамадскі туалет.

Раскажу, як праектаваўся сучасны камбінат грамадскага харчавання. Пры абмеркаванні прысутнічалі спецыялісты 26 прафесій, і ўсе на ўзроўні кандыдатаў навук, кожны, зразумела, адстойваў свае інтарэсы. Дэбаты ішлі такія, як зараз па Украіне. Было прадстаўлена 13 варыянтаў праекта, спыніліся на “чортавым тузіне”. Сёння не ўсе ведаюць, што ў рэстаране прадугледжаны дзве вялікія залы (працуе адна і банкетны зал). Другая была з цудоўным відам на раку, з асобным уваходам, умывальнікамі, туалетамі. Потым яна была разбіта на кабінеты.

У той час у нас было вельмі многа работы. Загружаны былі мае дзяўчаты, што працавалі ў праектным бюро – Галіна Дымман (яна ж была памочнікам архітэктара, у той час пры такой нагрузцы ў архітэктара павінен быў быць і памочнік), Вера Салачэнка, Тамара Ражноўская, Наталля Мільчаніна, Вольга Лемеш, Алена Захарэнка.

Многае з гэтага, на жаль, так і засталося ў праектах і эскізах. Аднак і тое, што маем, трэба разумна выкарыстоўваць. Лічу, што паколькі “Лясныя азёры” – міжнародны курорт і ніяк інакш яго разглядаць нельга, то і стан вёскі Вашкова, у якой ён размешчаны, павінен адпавядаць статусу. Лічу, што жыхарам неабходна ўзгадняць з архітэктарам выгляд агароджы, павінен быць падняты кошт на зямлю, якая прадаецца пад забудову, у асфальтавым выкананні павінна быць дарога па Вашкове. Ну і сам санаторый трэба пашыраць на тыя ж 500 месцаў, як планавалася.

В.КАРАЛЕНКА.



5 комментариев по теме “Бывший архитектор Ушачского района Л.А.Круковский: «Видел Ушаччину только курортом!»

  1. Дзякуй за такi цiкавы аповяд! Цяпер робiцца многае зразумелым, я маю на увазе архiтэктуру нашага пасёлка. Але робiцца неяк сумна ад таго, што так i не выкарыстоуваецца патэнцыял нашай малой радзiмы.Няужо нiчога нельга больш рэалiзаваць з таго,аб чым вялося у артыкулы?

  2. Тем более, что в штате остались те же самые работники, которые делали этот проект. А Дымман Г.В., которая в то время была помощником архитектора, сейчас является начальником отдела архитектуры и строительства… Так что???

  3. Да, было бы интересно послушать о том как разрушается без хозяйской руки недострой санатория «Вечелье», а также узнать, кто, почему и за сколько 😉 отфутболивал тех инвесторов, которые были готовы этот недострой выкупить.

  4. Недостроенный санаторий это рваная рана на груди Ушаччины Она кровоточит Это не пафос Это увы суровая реалия

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *