Што такое “плаваючая працэнтная стаўка” і “М-банкінг”, у чым розніца паміж крэдытнай і дэбетавай плацежнай карткай, аннуітэтным і дыскрэтным плацяжом, як дыверсіфікаваць рызыку страт зберажэнняў і разлічыць даход па аблігацыі – згадзіцеся, далёка не кожны з нас адкажа на гэтыя няпростыя пытанні. А вось удзельнікі раённай алімпіяды па фінансавай адукаванасці, якая праходзіла ў суботу на базе Ушацкай школы, шчоўкалі іх, нібы арэшкі.
І гэта нядзіўна: для цяперашняй моладзі добра арыентавацца ў сферы эканомікі і фінансаў – прыкмета часу і складнік будучай паспяховасці. У сваю чаргу, у павышэнні фінансавай адукаванасці насельніцтва зацікаўлена і дзяржава. Вось чаму сёлета Галоўнае ўпраўленне Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці сумесна з упраўленнем адукацыі аблвыканкама вырашыла праверыць узровень фінансавых ведаў у навучэнцаў 10-11 класаў сярэдніх школ. Алімпіяда праходзіла пры ўдзеле ААТ “Беларусбанк”, “Белаграпрамбанк” і “Белінвестбанк”.
На тое, каб дакладна рашыць 35 тэставых заданняў, юнакам і дзяўчатам было адведзена ўсяго 45 хвілін, што патрабавала максімальнай разумовай канцэнтрацыі. Як аказалася, самыя моцныя фінансавыя веды ў вучняў Ушацкай школы, на рахунку якіх усе прызавыя месцы. Трэці вынік паказаў Артур Хамёнак, а вось Ганна Герцык і Валянцін Лёля набралі абсалютна роўную колькасць балаў – 79 са 102 магчымых, таму пераможцу, які 18 кастрычніка прадставіць раён на абласным этапе алімпіяды ў Віцебску, журы вызначала па дадатковым паказчыку – дакладных адказах на найбольш складаныя пытанні.
На ўрачыстым закрыцці раённага этапу алімпіяды яе пераможцы атрымалі дыпломы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, падарункі ад “Беларусбанка” і “Белаграпрамбанка”, якія ўручылі прадстаўнікі іх мясцовых аддзяленняў Ж.В.Шаўчэнка і А.М. Закрэўскі. Ну а Валянціну Лёлі нагадваць аб поспеху будзе памятная манета ААТ “Беларусбанк”. На пытанне, што дапамагло ўдала выканаць заданні, юнак адказаў лаканічна: “Думаў над кожным з іх”. Валянцін, які вучыцца ў выпускным класе, з будучай прафесіяй пакуль не вызначыўся – мяркуе, што яна будзе звязана з дакладнымі навукамі. Аднак ужо зараз зразумела, што праблем з працаўладкаваннем у маладога чалавека не будзе – прынамсі, першая неафіцыйная прапанова яму ўжо паступіла: “Заканчвай фінансавую ВНУ і прыходзь на работу ў наш банк!” – параіла юнаку Жанна Валянцінаўна Шаўчэнка. Няма сумненняў, што некаторыя з удзельнікаў алімпіяды папоўняць рады банкаўскіх работнікаў, астатнім жа атрыманыя веды спатрэбяцца ў паўсядзённым жыцці.
Н.БАГДАНОВІЧ.
Круто!