К профессиональному празднику Дня работников леса лесник Виктор Козловский награждён нагрудным знаком «10 лет безупречной службы»

К профессиональному празднику Экономика и малый бизнес

Сёлета плённая праца некаторых работнікаў Ушацкага лясгаса адзначана спецыяльнымі высокімі ўзнагародамі – нагрудны знак “10 гадоў бездакорнай службы” ўпрыгожыць форменнае адзенне лесніка Плінскага лясніцтва Віктара Леанідавіча Казлоўскага (на здымку), яго калегі з Ушацкага вопытна-вытворчага лясніцтва Пятра Пятровіча Качана – за тэрмін удвая большы.

– Пётр Пятровіч чалавек заслужаны, мае дзяржаўную ўзнагароду, у раёне вядомы, бо заўсёды на віду – вось і сёлета занесены на раённую Дошку гонару па выніках работы за мінулы год, – расказваў мне напярэдадні прафесійнага свята работнікаў лесу намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Паўлавіч Рудасаў. – Напішыце пра Віктара Леанідавіча, які таксама аддаў працы ў лясной гаспадарцы вельмі значную частку жыцця.

Абход Віктара Леанідавіча Казлоўскага плошчай амаль у тысячу гектараў пачынаецца адразу за яго домам у невялічкай вёсачцы Роўбы і працягваецца ў напрамку Ухвішча аж да мяжы з Полацкім раёнам. З гэтым абаяльным, сціплым чалавекам я і сустрэўся ў яго “вотчыне”.

– Нарадзіўся я ў Селішчы, бо радзільнага дома ў Роўбах не было, – жартуе мужчына. – А калі сур’ёзна, то ўсё жыццё жыву тут, а ў лясніцтве працую больш трыццаці гадоў. За гэты час толькі два начальнікі ў мяне было. Пачынаў пры Паўлавічу (Якаў Паўлавіч Мірановіч, які ўзначальваў Плінскае лясніцтва 42 гады!), зараз вось ужо колькі год Станіслававіч кіруе.

Ляснічы Аляксандр Станіслававіч Баратынскі наўмысна даверыў В.Казлоўскаму папулярны сярод мясцовых жыхароў ды і шматлікіх прыезджых Матырынскі бор, бо няма, напэўна, чалавека, які б ведаў яго лепш. Акрамя таго вопытны працаўнік, які калісьці скончыў Барысаўскае вучылішча – адзіны ў лясніцтве “прафесійны” ляснік. На замацаванай тэрыторыі, якая адрозніваецца павышанай пажаранебяспечнасцю, Віктар Леанідавіч сочыць за санітарным і супрацьпажарным станам лясных культур. Даводзіцца яму рамантаваць альтанкі, лаўкі і іншыя збудаванні, убіраць смецце пасля адпачынку гора-турыстаў.

Гады і прафесія нанеслі свой адбітак на яго твар: добрыя сумныя вочы, маршчыны і крыху ссутуленыя плечы. Але мужчына адразу ж становіцца бадзёрым і нават выглядае маладзей, як толькі гаворка заходзіць аб важнасці яго справы.

– Мяняецца лес, – пяшчотна расхінаючы галінкі невысокага сасонніку Віктар Леанідавіч паказвае на размешчаны непадалёку малады бор, – працаваў на пасадцы і гэтага, і таго, што ўдвая вышэйшы.

Дрэвы, якія пасадзіў Віктар Леанідавіч на пачатку сваёй дзейнасці ў лясніцтве, па словах А.С.Баратынскага, “можна ўжо і на зруб лазні пусціць”. А вось свайго жылля, нягледзячы на дзесяцігоддзі працы ў лясной гаспадарцы, В.Казлоўскі не пабудаваў – адрамантаваў і жыве ў бацькоўскім, кажа, што крэпкая яшчэ хата і “няма чаго лес дарэмна пераводзіць”, бо для лесніка ён – другі дом, які той ахоўвае, рамантуе, лечыць, зберагае ад пажараў і не дапускае туды людзей з нядобрымі намерамі.

Д.РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *