К профессиональному празднику лесоводы Ушачского района подошли с хорошими показателями

К профессиональному празднику

У трэцюю нядзелю верасня сваё прафесійнае свята адзначаюць працаўнікі лесу. Гэта людзі, клопатам і працай якіх наша краіна славіцца ляснымі багаццямі. ДЛГУ “Ушацкі лясгас” – арганізацыя, дзе дакладна ведаюць, як важна захоўваць і павялічваць “зялёны” патэнцыял Ушаччыны і робяць для гэтага ўсё магчымае.

– Складана пераацаніць важнасць лясоў для нашай мясцовасці. Гэта турызм, адпачынак, дрэваапрацоўка і многа чаго іншага – кажа дырэктар лясгаса Міхаіл Мікалаевіч Лёля і дадае, што да прафесійнага свята прадпрыемства падыходзіць упэўнена, працуючы стабільна і з неблагімі паказчыкамі, у чым, безумоўна, заслуга ўсяго вялікага калектыву, які сёння налічвае 308 чалавек.

Перавыкананы амаль усе асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця прадпрыемства. Адным з галоўных абавязкаў лесаводаў з’яўляецца лесаўзнаўленне і лесаразвядзенне. За восем месяцаў бягучага года яны праведзены на 230 гектарах – працэнт выканання задання склаў 109,5 да плана. На 323 гектарах выкананы рубкі догляду за маладняком, пры даведзеным заданні ў 260 гектараў. Лес – гэта і сыравіна для прамысловай перапрацоўкі, матэрыял для вытворчасці многіх відаў прадукцыі. Аб’ём нарыхтоўкі рубкі прамежкавага карыстання склаў 24,3 тысячы кубаметраў драўніны – 104,7 працэнта да плана. Аб’ём экспарту дробнатаварнай драўніны выкананы на 139,1 працэнта, а гэта – 619,1 тысячы долараў ЗША.

Аб’ём асваення разліковай лесасекі склаў 75,5 тысячы кубаметраў, пры заданні Мінлясгаса ў 55 тысяч. Нарыхтавана 65,1 тысячы кубаметраў драўніны па ўсіх відах высечак, вывезена – 45,1. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ, паслуг склала 21 мільярд 259 мільёнаў рублёў пры рэнтабельнасці ў 17 працэнтаў, у разліку на аднаго работніка выручка склала 244 мільёны рублёў! Прыбытак ад паляўніча-гаспадарчай дзейнасці павялічыўся больш чым у тры разы – да 267,7 мільёна рублёў. Сярэднямесячная заработная плата за восем месяцаў бягучага года склала 4 мільёны 410 тысяч рублёў.

На тэхнічнае пераўзбраенне (закуп тэхнікі і абсталявання) затрачана 3 мільярды 652 мільёны рублёў. Вядуцца работы па пашырэнні лесапітомніка, яго памеры павялічацца на тры гектары. Дарэчы, тут гадуюцца не толькі будучыя лясы нашага раёна – на гэтым тыдні лясгас прадаў у Расійскую Федэрацыю 350 тысяч сеянцаў хваёвых парод!

Прыемна гаварыць аб той рабоце, якая ўжо зроблена. Між тым, у лясгасе заўсёды памятаюць, дзякуючы каму і якой працай прыйшлі да неблагіх вынікаў дзейнасці. 7 лясніцтваў – аснова лясгаса, яго нізавое і разам з тым самае важнае звяно. Да прафесійнага свята падведзены вынікі працоўных спаборніцтваў паміж імі. Як і ў мінулым годзе, за лепшыя паказчыкі і высокую прадукцыйнасць працы Ганаровай граматай лясгаса за першае месца ўзнагароджаны калектыў Ушацкага вопытна-вытворчага лясніцтва (ляснічы – Аляксей Мікалаевіч Апёнак). Другое месца – у Вялікадолецкага лясніцтва (Сяргей Пятровіч Клопаў). Трэцімі пасля падвядзення вынікаў сталі лесаводы Кубліцкага лясніцтва (Вадзім Васільевіч Кальчэўскі).

Працоўныя дасягненні работнікаў лясгаса кожны год адзначаюцца і на абласным, і на рэспубліканскім ўзроўнях. Сёлета Граматай Міністэрства лясной гаспадаркі ўзнагароджаны машыніст лесанарыхтоўчай машыны лесапункта Сяргей Сяргеевіч Ярмош. Вальшчык лесу Ушацкага вопытна-вытворчага лясніцтва Міхаіл Віктаравіч Карабань, вадзіцель аўтамабіля на вывазцы лесу Алег Мікалаевіч Харэвіч, леснікі Кубліцкага і Касарскога лясніцтваў Генадзь Пятровіч Коршун і Уладзімір Міхайлавіч Счасны ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання і абкама прафсаюза работнікаў лесу. 20 працаўнікоў атрымалі граматы ДЛГУ “Ушацкі лясгас”, 32-м аб’яўлена Падзяка прадпрыемства.

“Прыроду і лясы стварыў Бог, а захаваць і памножыць іх – праца рук чалавека”. Калісьці я прачытаў гэтыя словы і яны засталіся ў памяці. Выраз, на мой погляд, характарызуе хай не ўсю, але значную частку той работы, якую выконваюць працаўнікі лясной гаспадаркі, людзі з асаблівымі адносінамі да акружаючай нас прыгажосці.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *