В садах Ушачского района небывалый урожай яблок

Личное подсобное хозяйство Сельское хозяйство

Нарыхтоўшчык Таццяна Парашкіна і вадзіцель Аляксандр Барысёнак у Заполле да Л.А.Сядых прыязджаюць не першы раз. Машына не ганяецца ўпустую — на гэты раз тут падрыхтавалі 150 сетак. І хоць цана на яблыкі знізілася да 200 рублёў за кілаграм, галоўнае, што не прапалі, кажа Лілія Аляксееўна і дзякуе за зручны спосаб здачы.

Небывалы ўраджай яблыкаў, у лесевыбар грыбоў на розны густ, ідзе ўборка бульбы і агародніны. Для прыватнікаў гэта час зарабіць і назапасіцца на зіму, для райспажыўтаварыства – сезон нарыхтовак для далейшага захоўвання і перапродажу. Як супадаюць гэтыя інтарэсы – наша інтэрв’ю з вядучым таваразнаўцам аддзела па нарыхтоўках райспажыўтаварыства Марыяй Аркадзьеўнай МАКОВІЧ.

Марыя Аркадзьеўна, для сябе адзначыла, што ў параўнанні з мінулымі гадамі значна меней было рэкламы праз газету на закупку розных відаў сыравіны, у гэтым няма патрэбы, насельніцтва інфармавана праз іншыя крыніцы?

– Можна сказаць, што няма неабходнасці ў шырокай рэкламе. Мы давалі аб’явы на закупку парэчак, чарніц, яблыкаў, грыбоў, паўтараем на тыя віды, у якіх маем патрэбу. Аднак паколькі аб’явы развешаны на кожным сельскім магазіне, насельніцтва само цікавіцца здачай, то прапановы перавышаюць запыт – з тымі ж яблыкамі працуем зараз па чарзе на закупку. Справа ў тым, што мы поўнасцю залежым ад запыту вытворцаў на сыравіну, і калі яго няма сёлета на аралію (чарнаплодную рабіну), то зразумела, і аб’яву не давалі. Гэтай ягады таксама ўраджай, аднак перапрацоўцы, а мы звязваліся з усімі, хто набываў яе ў мінулыя гады, адказваюць, што захаваліся прыпасы мінулых гадоў, бо ягада не вельмі шырока выкарыстоўваецца.

– Давайце падрабязней спынімся на яблыках. Цана – 400 рублёў за кілаграм акалоту – вельмі нізкая, па паўтары тысячы прымалі з’ёмныя яблыкі, тады як у газетах праходзіць інфармацыя, што ў іншых абласцях яна даходзіць да 4-6 тысяч.

– Тут як і ў цэлым па запыце, мы залежым ад вытворцаў. У нас заводы прымаюць акалот па 700 рублёў за кілаграм. У 300 рублёў розніцы закладзены транспартныя выдаткі і работа людзей. Мы працуем на мяжы нулявой рэнтабельнасці, а пры большай адлегласці і заборы сыравіны сваім транспартам — нават са стратамі, каб задаволіць запыт насельніцтва, у якога яблыкі гніюць пад нагамі. Прымалі яблыкі ўсе вясковыя магазіны раёна. Два выязныя нарыхтоўшчыкі на месцы па вёсках, калі была вялікая колькасць, сыравіну ўзважвалі і адразу рабіўся разлік. Рабілі зручна для людзей, аднак скарг усё роўна не пазбеглі, таму што шмат яблыкаў. Больш чым куды накіроўвалі транспарт, напрыклад, у Славені, і адтуль больш за ўсё прымалі і скарг. Справа ў тым, што нават па такім кошце яблыкі вельмі праблематычна здаць. Нашы вытворцы не гатовы перапрацаваць такія вялікія аб’ёмы адразу ці захаваць сыравіну для далейшай перапрацоўкі ў такіх аб’ёмах, таму ўжо поўнасцю завяршылі прыёмку сыравіны Падсвільскі вінзавод і Глыбоцкі кансервавы, часова не прымае Шаркоўшчынскі кансервавы, на яго ў нас надзея, бо там заказалі дадатковыя ёмістасці для захоўвання сыравіны. Выходзілі мы на Мінск, Магілёў, Себеж – там таксама такі ж кошт і такая ж сітуацыя. Адзіным пунктам збыту акалоту застаўся Полацкі завод, аднак там на разгрузцы наша машына нядаўна адстаяла 4 дні і вярнулася. Зараз заключылі дамоўленасць з заводам і за раёнам замацавалі адну пяцітонную машыну, якая прыязджае і забірае сыравіну. Зразумела, гэта зусім невялікі аб’ём, таму зараз у нас чарга на здачу, у якую ў першую чаргу запісваю маламаёмасныя катэгорыі – мнагадзетныя сем’і, ветэранаў, адзінокіх.

– З’ёмнае яблыка на рынку каштуе каля 10 тысяч рублёў, а кошт на закупку свайго такі нізкі?

– Па паўтары тысячы мы прымалі яблыка ранніх сартоў, якое па танным кошце прадавалі ў дзіцячыя сады і на рынку. На захоўванне і далейшы продаж мы будзем у кастрычніку прымаць яблыкі даражэй. У кастрычніку – каб яблыка, якое можна здымаць і зараз, ужо вылежалася і было бачна, ці добрае яно. Аднак будзем аддаваць перавагу познім лёжкім сартам, захаванасць якіх хаця б да лютага, а не звычайнай антонаўцы.

– Грыбоў многа, тым не менш аб’яву аб іх закупцы даяце, прычым і кошт не знізіўся, а падняўся.

– Так, грыбы прымаем і паднялі цану да 40 тысяч за кілаграм, таму што хоць іх і многа, не скажу, каб да нас неслі ў неабмежаванай колькасці. Мабыць, палохаюць стандарты – прымаем толькі адборныя, пэўнага памеру. А грыбы запатрабаваны як для ўнутранай перапрацоўкі – наша грамадскае харчаванне гатуе многа страў з грыбамі, таму назапашваюць на год, так і на перапродаж. Таксама запатрабаваны журавіны і брусніцы.

– Як прымаюцца ў насельніцтва лішкі бульбы?

– У закупцы бульбы мы таксама зацікаўлены, таму закупляюць бульбу ўсе вясковыя магазіны. У прадаўцоў можна браць сеткі, насыпаць і здаваць. Выкарыстоўваем гэтую тару – каб была бачна якасць бульбы. Таксама пры вялікай колькасці бульбы выязныя нарыхтоўшчыкі прымаюць на месцы. Вяскоўцам можна кааперавацца праз старэйшыну або сельскі Савет, падаваць заяўкі па нумары 2-78-52 і мы прыедзем і забяром непасрэдна ад дома.

– Былі звароты-скаргі наконт немагчымасці здачы жывёлы.

– Так, часовыя нязручнасці былі пакуль вялася рэканструкцыя бойні. Зараз яна завершана і закуп жывёлы адноўлены. Цэны мы паведамляем праз аб’явы ў «Патрыёце».

– Дзякуй за карысныя для чытачоў тлумачэнні.

Гутарыла В.КАРАЛЕНКА.



1 комментарий по теме “В садах Ушачского района небывалый урожай яблок

  1. Яблок пропало у населения — уйма. Старушки плакали — хоть бы кто-нибудь приехал и собрал БЕСПЛАТНО!!! — только бы убрали из-под ног, ходить мешают. Да с деревьев поснимали, чтобы хранились… Никому не надо! А потом из Польши будем дербанить химический яблочек…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *