Вера Владимировна Друк — один из лучших библиотекарей Ушачской центральной библиотечной системы

К профессиональному празднику Экономика и малый бизнес

Размаўляць з гэтай жанчынай можна бясконца, настолькі яна цікавая і дасведчаная ва ўсіх пытаннях. Апошняе, дарэчы, не дзіўна: ужо на працягу трыццаці гадоў Вера Уладзіміраўна Друк працуе ў Сарочыне бібліятэкарам, з кніг і перыядычных выданняў рэгулярна чэрпае карысную інфармацыю.

Між тым, гэтага спецыяліста ў бібліятэчнай сетцы раёна магло не быць. Яшчэ ў дзяцінстве Вера Уладзіміраўна марыла стаць мадэльерам, а пасля заканчэння Сарочынскай школы паехала паступаць у Віцебскі тэхналагічны каледж. Хто ведае, можа б і стала тады студэнткай, калі б пасля здачы двух экзаменаў не забрала дакументы, пабаяўшыся апошняга – матэматыкі. Так дзяўчына вярнулася ў родныя Бікульнічы, а праз некаторы час працаўладкавалася ў Сарочынскую бібліятэку і паступіла на завочнае аддзяленне бібліятэчнага тэхнікума.

Вядома ж, трыццаць гадоў таму ўсё было інакш, – прыгадвае жанчына. – Бібліятэка тады размяшчалася ў старым будынку сельвыканкама. Магчымасці паставіць паліцы ў маленькім памяшканні не было, а таму стосы кніг складала прама на падлозе. Аднак такая нязручнасць сапраўдных аматараў чытання не палохала – цэлымі сем’ямі яны прыходзілі за чарговым выданнем, чакалі кожнага новага кніжнага паступлення. Значна больш сярод наведвальнікаў бібліятэкі было тады дзяцей. Памятаю, як пасля заняткаў любілі забегчы сюды школьнікі, у чаканні аўтобуса пагартаць з сябрамі часопісы, абмеркаваць навіны ці паразгадваць красворды.

Зараз у зоне абслугоўвання бібліятэкара знаходзіцца 18 населеных пунктаў, некаторыя з якіх – Адворню, Ляснеўшчыну – па чацвяргах В.У.Друк наведвае асабіста. Загружае ў ёмісты рукзак кнігі, тое-сёе з перыёдыкі і пешшу ці на веласіпедзе накіроўваецца да чытачоў, сярод якіх не толькі мясцовыя жыхары, але і шматлікія дачнікі. Чытацкія густы грамадзян за гады работы Вера Уладзіміраўна добра вывучыла, а таму кожнаму з лёгкасцю можа прапанаваць цікавы варыянт.

У бібліятэкара ўсё даведзена да ладу: належным чынам складзены картатэка і каталогі, аформлены разнастайныя тэматычныя літаратурныя выставы, арганізавана работа аматарскага краязнаўчага дзіцячага аб’яднання “Пралеска”. Каб часцей радаваць сваіх чытачоў, жанчына час ад часу прывозіць кнігі з раённай бібліятэкі – знаёмыя ўжо не здзіўляюцца бачыць яе з вялізнай сумкай у руках пасля вяртання з райцэнтра.

Нягледзячы на тое, што ў цяперашні час імклівага развіцця перадавых камп’ютарных тэхналогій кожны чалавек можа пры дапамозе інтэрнэту знайсці і прачытаць у электронным варыянце твор мастацкай або дакументальнай літаратуры, яшчэ ёсць людзі, хто цікавіцца кнігай у натуральным яе выглядзе, хто з’яўляецца пастаянным наведвальнікам бібліятэкі. Сярод самых актыўных чытачоў установы, у якой працуе В.У.Друк, – браты Андрэй і Яўген Мілыя, Святлана Родчанка, Ірына Байкова, Ірына Купрыянава, Людміла Корабава, а таксама ветэран працы Ніна Фёдараўна Мілая і Уладзімір Раманавіч Чарнаокаў. Любіць пачытаць і сама бібліятэкар. Раней, калі ва ўсіх яшчэ не было мабільных тэлефонаў, праблема з тым, каб не “згубіцца” ў райцэнтры ці іншым горадзе, для членаў сям’і жанчыны была неактуальная: усе ведалі, дзе шукаць Веру Уладзіміраўну – канечне ж, ля палаткі з кнігамі.

– Які-небудзь томік у мяне заўсёды пад рукой, – кажа В.У.Друк. – Калі з’яўляецца вольная хвілінка – праводжу яе з карысцю. Прычым, чытаю як сур’ёзную літаратуру — класіку, публіцыстыку, так і творы лёгкіх жанраў. Зараз, напрыклад, у маёй сумцы дэтэктыў Дар’і Данцовай. Ну а калі вяртаюся пасля водпуску на работу, першым чынам перачытваю ўсе газеты і часопісы, каб быць у курсе падзей.

На старонках нашай газеты прозвішча Веры Уладзіміраўны гучала неаднойчы: аднавяскоўцы дзякавалі жанчыне за аказаную ім дапамогу – аплату камунальных паслуг, набыццё лекаў і прадуктаў харчавання. Да яе як да дэпутата Сарочынскага сельскага Савета дэпутатаў, старэйшыны Бікульніч і зараз са сваімі праблемамі ідуць людзі – і ніводны зварот не застаецца без увагі В.У.Друк. Напрыклад, раней, калі ў Сарочыне яшчэ працавала школа, вучням з Ляснеўшчыны, Увалок і Адворні было праблематычна дабірацца да ўстановы і вяртацца дадому (пагадзіцеся, не кожны дарослы чалавек пройдзе кіламетраў з пяць, ды яшчэ ў непагадзь). Разумела гэта і Вера Уладзіміраўна, якая ўзняла пытанне на адной з сесій раённага Савета дэпутатаў – ужо праз некалькі дзён аўтобус развозіў хлопчыкаў і дзяўчынак у названыя населеныя пункты.

Заўсёды адгукаецца Вера Уладзіміраўна і на просьбы кіраўніцтва мясцовага сельвыканкама дапамагчы, скажам, у правядзенні выбарчай кампаніі ці перапісу насельніцтва. Удзел у падобных мерапрыемствах, па словах жанчыны, дае ёй вельмі важнае – магчымасць бліжэй пазнаёміцца з людзьмі, іх інтарэсамі і праблемамі.

Як вядома, там дзе жанчына – там прыгажосць, утульнасць, атмасфера цеплыні і ўзнёсласці. Напэўна, таму так любяць жыхары Сарочына і іншых вёсак прыходзіць у бібліятэку да В.У. Друк, выдатнага спецыяліста, нераўнадушнага чалавека, абаяльнай і добразычлівай жанчыны.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *