

Віктар Пятровіч Сяргееў суправаджаў сваё выступленне відэафільмам пра добраўпарадкаванне комплексу. Паступіўшыя да яго пытанні таксама датычыліся прафесійнай дзейнасці, людзі пыталіся пра тое, што робіцца на комплексе, каб зніжаць сабекошт, у прыватнасці чаму не вырошчваецца самастойна зерне, як трэба прымяняць сапрапель у дамашняй гадоўлі парсюкоў, атрымаўся дыялог.
Алену Васільеўну Пашковіч многія з прысутных ведалі па роду прафесійнай дзейнасці, а таксама як старшыню раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Як журналіст, загадчык аддзела сацыяльных праблем, яна разглядала многія жыццёвыя праблемы людзей, пісала пра дастойныя паказчыкі Вялікадолецкай школы і ўчастковай бальніцы. Апошні яе візіт у аграгарадок таксама быў па скарзе нашай падпісчыцы, па сутнасці ўжо разглядаўся зварот выбаршчыцы. На сустрэчы ж яна спынілася на дзейнасці раённай арганізацыі “Белая Русь”, расказала пра тыя добрыя справы, якія ўдалося ажыццявіць разам. Алена Васільеўна не давала ніякіх канкрэтных абяцанняў, акрамя тых, што абавязкова паспрабуе дастукацца ў адпаведныя інстанцыі, каб данесці праблемы выбаршчыкаў. Што асаблівую ўвагу будзе ўдзяляць пытанням барацьбы з п’янствам і дармаедствам, выхаванню дзяцей. Яна лічыць, што прыйсці на дапамогу інспекцыі па справах непаўналетніх і педагогам школ павінна дэпутаты ўсіх узроўняў і грамадскасць. І, галоўнае, што як дэпутат будзе сур’ёзна падыходзіць літаральна да ўсіх пытанняў, якія падымаюць людзі.
Атрымала яна і датэрміновы наказ – наконт аўтобуснага павільёна ў вёсцы Казімірова. Папрасілі выбаршчыкі прынцыповасці пры прыняцці рашэнняў, а таксама абароны інтарэсаў вясковых жыхароў.