У ранейшыя часы напачатку апошняга летняга месяца ў многіх мясцінах здзяйсняліся хросныя хады і набажэнствы з асаблівымі прашэннямі аб засцярозе ад усялякай заразы. І звязана гэта з тым, што ў жніўні наступае пік актыўнасці кішэчных інфекцый.
Вострыя кішэчныя інфекцыі – гэта вялікая група хвароб, пры якіх паражаецца страўнікава-кішэчны тракт. Рызыка захворвання павялічваецца ў выпадку незахавання санітарна-гігіенічных правілаў пры гатаванні ежы, парушэнні тэмпературнага рэжыму захоўвання прадуктаў харчавання, асабліва тых, якія хутка псуюцца (малако, тварог, мяса). Небяспеку ўяўляюць стравы, якія не прайшлі цеплавую апрацоўку (халаднікі, салаты, асабліва шматкампанентныя, запраўленыя смятанай ці маянэзам), а таксама любыя прадукты з прайшоўшым тэрмінам прыдатнасці ці з негарантаванай якасцю.
Каб пазбегнуць заражэння, дастаткова выконваць некалькі простых правілаў. Старанна мыйце рукі з мылам пасля вяртання з вуліцы, перад прыёмам ежы і пасля туалета. Выкарыстоўвайце для піцця бутыліраваную ваду. Перад ужываннем мыйце плады і зеляніну, нават тыя, якія прынеслі з уласнай градкі. Захоўвайце тэмпературны рэжым пры захоўванні прадуктаў, сачыце за тэрмінам іх прыдатнасці. Не набывайце агародніну, садавіну (асабліва бахчавыя культуры) у разрэзаным выглядзе. Абыходзьце бокам месцы несанкцыянаванага гандлю. Змагайцеся з мухамі і прусакамі. Не дапускайце дотык сырых прадуктаў і тых, якія не будуць падвяргацца тэмпературнай апрацоўцы. Не купайцеся ў вадаёмах, дзе гэта не рэкамендавана ці забаронена, пры купанні не заглынайце ваду.
Калі ў вас з’явілася дысфункцыя кішэчніка, якая суправаджаецца болем у вобласці жывата, павышанай тэмпературай, слабасцю, неадкладна звяртайцеся да ўрача. Пры правільным і своечасова пачатым лячэнні цячэнне большасці кішэчных інфекцый непрацяглае і заканчваецца поўным выздараўленнем.
Я.ТАЛАЛУЕЎ, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ушацкага раёна.